У беларускім раёне са 100-тысячным насельніцтвам не засталося ніводнага ветэрана Другой сусветнай
Ва ўсім Жлобінскім раёне з насельніцтвам амаль 100 тысяч чалавек не засталося ніводнага ветэрана Другой сусветнай вайны. Пра гэта не паведамляюць афіцыйна, аднак такую выснову зрабіла выданне «Флагшток» па інфармацыі аб выплаце матэрыяльнай дапамогі да 9 мая.
25 красавіка ў Беларусі пачалі выплачваць матдапамогу некалькім катэгорыям грамадзян — ад рэальных удзельнікаў баявых дзеянняў (па 4 тыс.рублёў) да былых вязняў, удоў і дзяцей ветэранаў (па 1 тыс. рублёў).
Аказалася, што большасць выплат прызначана апошняй катэгорыі — пацярпелым ад наступстваў вайны. Як паведаміла газета Жлобінскага райвыканкама «Новы дзень», усяго ў раёне выплаты належаць 189 атрымальнікам, з якіх 176 — гэта былыя вязні. Астатнія — удовы і дзеці ветэранаў, «жыхары блакаднага Ленінграда» і былыя работнікі прадпрыемстваў і арганізацый гэтага горада, узнагароджаныя медалём «За абарону Ленінграда».
У спісе няма ніводнага чалавека з першай катэгорыі, каму належаць 4 тысячы рублёў, — «інваліды і ўдзельнікі ВАВ, асобы, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне айчыны да 3 верасня 1945 года, асобы, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах».
Усяго ў Жлобінскім раёне на выплаты да 9 мая выдзелена 196 тыс. рублёў.
Каментары