У Польшчы памёр Дзмітрый Барайчук — фігурант дзвюх палітычных крыміналак, які прайшоў праз здзекі на Акрэсціна
8 траўня ў Польшчы пасля працяглай хваробы памёр 51-гадовы беларус Дзмітрый Барайчук, які незадоўга да таго пакінуў радзіму з-за палітычнага пераследу, паведаміў кіраўнік фонда «Байсол» Андрэй Стрыжак.
Паведамляецца, што ў 2020-м Дзмітрый збіраў подпісы за Віктара Бабарыку, за што быў пакараны арыштам.
Другі раз яго арыштавалі ў 2022 годзе, Барайчук прайшоў праз Акрэсціна, дзе падвяргаўся здзекам, збіццю і пагрозам. А пасля яго зрабілі падазраваным па дзвюх крымінальных справах.
У 2023 годзе Дзмітрый з сям’ёй экстранна выехаў з Беларусі, ужо вельмі кепска сябе адчуваючы. Яму быў пастаўлены дыягназ — салідна-кістозная пухліна. Аперацыю па выдаленні пухліны разам з часткай страўніка яму правялі ў Беластоку, аднак хвароба не адступіла.
8 траўня Дзмітрый Барайчук памёр. У чужой краіне без мужа і бацькі засталася ягоная сям’я — жонка і чацвёра дзяцей, трое з якіх непаўналетнія.
Каментары