«Гэта больш не зона свабоды і праўды». Сяргей Падсасонны пакідае «Белсат»
Вядучы Сяргей Падсасонны ў праграме «Тыдзень» заявіў пра тое, што пакідае «Белсат», на якім ён працаваў 17 гадоў: «Зрабіць выгляд, што нічога не адбылося і змаўчаць, я не магу».
«Зрабіць выгляд, што нічога не адбылося, і змаўчаць я не магу», — так Сяргей Падсасонны развітаўся з гледачамі ў жывым эфіры праграмы «Тыдзень».
Акрамя таго, ён апублікаваў пост у фэйсбуку. Там ён піша, што прыйшоў на канал у сакавіку 2007 года.
«Сёння гэта скончылася. Былі тысячы інтэрв’ю, сотні рэпартажаў, спецвыданні, Украіна, Ірак, Палестына, ЗША, Канада… Гэта тут я выпусціў 8 гадзінаў жывога эфіру з Вільні, калі мы хавалі Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў; рабіў спецэфіры з Ватыкану і Віфлеему на Раство; правёў тысячы гадзінаў жывых эфіраў пра пратэсты, вайну, гарачыя падзеі», — напісаў ён.
Падсасонны дадаў, што аўтарская праграма «Тыдзень», якую ён прыдумаў з Ігарам Кулеем была іх «тэрыторыяй свабоды».
«Ніколі і ніхто за амаль чатыры гады не дыктаваў, як мае выглядаць эфір», — напісаў ён.
«Менавіта ў праграме «Тыдзень» 17 лістапада 2024 г. адбылося інтэрв’ю з Алінай Коўшык, якая стала кіраўніцай беларускай рэдакцыі «Белсат». І за гэтае інтэрв’ю, між іншага, быў зняты з пасады кіраўніка ньюсрума Ігар Кулей. Другая прычына: на пачатку праграмы «Аб’ектыў» 19 лістапада 2024 г. я развітаўся з Аляксеем Дзікавіцкім, які ствараў «Белсат» і аддаў яму 18 гадоў жыцця. Кажуць, інтэрв’ю «парушыла журналісцкія стандарты», а прывітанне «зламала фармат», а нават — я быў абвінавачаны ў «хлусні» ў эфіры. Адразу скажу, што аніякага прапісанага фармату праграмы не існавала. Таму нельга зламаць нешта, чаго няма. Як няма і ані слова хлусні ў маім развітанні, якое было звычайным чалавечым жэстам падзякі за працу», — патлумачыў ён.
Ён дадаў, што яго стандарты не супадаюць з напісаннем «службовых нататак кіраўніцтву, даносамі і падхалімствам, маўчаннем і страхам».
«Пасля публічных і непублічных прыніжэнняў у бок Ігара Кулея і мяне асабіста не магу больш заставацца на канале, які ў такім выглядзе ўжо не лічу маім. Гэта больш не зона свабоды і шчырасці, праўды, якую мы стварылі і якой трымаліся», — дадаў ён.
15 лістапада 2024 года рэдакцыя «Белсата» даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцы — Аліны Коўшык.
Выканаўца абавязкаў дырэктара канала Аляксей Дзікавіцкі меўся заставацца на пасадзе да 3 снежня, аднак датэрмінова падаў заяву аб звальненні ўжо ад 22 лістапада.
Пасля сыходу Дзікавіцкага і прызначэння на пасаду галоўнай рэдактаркі ў калектыве ўзнік канфлікт, праявай якога стала няпростае інтэрв'ю з Коўшык, якое ўзяў Сяргей Падсасонны.
29 снежня Ігар Кулей правёў апошнюю перадачу на «Белсаце» і таксама пайшоў з канала.
Коўшык пра звальненне Кулея: Яго заявы не адпавядаюць рэчаіснасці і шкодзяць рэпутацыі канала
Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»
Аляксей Дзікавіцкі расказаў, дзе будзе цяпер працаваць
Коўшык: Гэта і рукамі Рамашэўскай здарылася так, што «Белсат» цалкам залежны ад Польскага тэлебачання
Каментары
Надеюсь белорусы смогут открыть свой канал.