«Я ўтрымлівала сваіх мужчын». Гісторыя беларускай прадзюсаркі пра грошы і каханне
Прадзюсарка і журналістка Ганна Галёта аднойчы трапіла ў фінансавую залежнасць ад каханага. А пасля каля васьмі гадоў вырашала праблемы з грашыма сваіх мужчын. Пра тое, якія высновы яна зрабіла, Ганна распавяла «Нашай Ніве».
Першы раз каханне і грошы драматычна перапляліся ў жыцці дзяўчыны каля дзесяці гадоў таму. Тады ёй было 22, журналісцкая кар’ера толькі пачыналася. Ганна працавала ў раённай газеце «Драгічынскі веснік» і добра зарабляла.
— Канечне, можа, гэта для кагосьці прагучыць дзіўна, але заробкі ў маёй раёнцы былі вельмі прыстойныя. Газета была на самаакупнасці, кіраўніцтва было даволі шчодрым. Мне складана цяпер згадаць канкрэтныя лічбы. Але памятаю, што параўноўвала тады свой заробак з заробкам знаёмага, які працаваў у «СБ. Беларусь сегодня» — мне плацілі значна больш.
У гэты момант дзяўчына раптоўна сустрэла свайго старога знаёмага. Ён спрабаваў заляцацца да Ганны, яшчэ калі яна вучылася ў школе, але тады шасцігадовая розніца ва ўзросце здавалася дзяўчыне велізарнай.
— Зразумела, што ў 16 гадоў хлопец, якому было 22, здаваўся мне занадта дарослым. А ў 22 гады 28-гадовы мужчына ўспрымаўся ўжо зусім інакш.
На той момант абраннік Ганны не працаваў і нават меў даўгі. Каб пагасіць іх, яна аформіла на сябе крэдыт на 5 гадоў. Некалькі месяцаў пара жыла за кошт журналісцкай працы Ганны. А потым нарэшце мужчына знайшоў працу з вельмі годным заробкам у сферы будаўніцтва.
Каханы прапанаваў пераехаць у Мінск — даходы ж дазвалялі. У сталіцы Ганне прыйшлося пачынаць кар’еру амаль з нуля. Яна вырашыла паспрабаваць свае сілы на тэлебачанні і прыйшла практыканткай на СТБ — рабіла сюжэты для ранішніх перадач.
— Першыя некалькі месяцаў мне не плацілі нічога. Але гэта даволі частая з’ява. Я ж на той момант увогуле не разумела, як што працуе, у мяне не было досведу працы на тэлебачанні. Потым мне пачалі плаціць смешныя грошы — па 10 рублёў за сюжэт. А арэнда кватэры нам абходзілася ў 350 даляраў. На тое, каб я выйшла ў СТБ на заробак у 400 рублёў, спатрэбіўся прыкладна год.
Першы час гэта ўсё не турбавала абранніка Ганны. Ён падтрымліваў яе, казаў, што самаразвіццё — гэта добра. Абяцаў узяць на сябе ўсе фінансавыя пытанні. Але ў хуткім часе ўсё змянілася.
— Калі ён быў у добрым настроі, дык мог лёгка патраціць шмат грошай на нейкі адпачынак, набыць мне нешта. Але вялікія грошы яго сапсавалі — каханы стаў жорсткім, ганарыстым. Падчас нейкай спрэчкі ён парваў мае рэчы — не толькі тыя, што набываў ён. А неяк ён з’язджаў у камандзіроўку і, ведаючы што грошай у мяне няма, не пакінуў ні капейкі — сказаў: «Абыдзешся!». Я плакала і тэлефанавала маме, каб яна выслала грошы.
Адносіны працягваліся каля двух гадоў, потым Ганна вырашыла, што больш так жыць не можа, зняла сабе пакой і з’ехала туды. Крэдыт пад вялікія працэнты, які яна брала, каб закрыць даўгі каханага, ёй прыйшлося выплачваць самастойна яшчэ тры гады пасля разрыву.
— У той момант у мяне з’явілася фобія. Я баялася зноў трапіць у фінансавую залежнасць ад мужчын, таму працавала як праклятая. Каб вы разумелі: калі зноў закахалася і пабралася шлюбам, то сама цалкам аплаціла вяселле. У мяне быў рэкорд, калі я тыдзень працавала амаль без сну.
Ганна кажа: калі яна пазнаёмілася з будучым мужам, зараблялі яны прыкладна аднолькава. Але праз пяць гадоў шлюбу яе даход павялічыўся ў 10 разоў, а яго застаўся на тым самым узроўні.
У 2021 годзе Ганну затрымалі ў Мінску — тады яна працавала журналісткай «Белсата», вяла праграму-антыфэйк «Лукавыя навіны». На Ганну завялі крымінальную справу, але яна без пашпарта змагла збегчы з краіны і пасялілася ў Польшчы. Туды ж прыехаў і яе муж, але ў выніку пара ўсё ж развялася.
— Развяліся таму, што я вельмі моцна стамілася. У мяне было складанае маральнае становішча пасля затрымання і вымушанай міграцыі, мне хацелася падтрымкі, але я яе не атрымлівала. Плюс з заробкамі ў яго было не ўсё добра — я аплачвала кватэру цалкам, траціла шмат на агульныя выдаткі. У нейкі момант я зразумела, што не хачу больш быць тым чалавекам, які ўсё цягне на сабе.
Наступныя рамантычныя адносіны Ганны працягваліся год і дзевяць месяцаў. Хлопец планаваў з’ехаць жыць у Амерыку, але пасля сустрэчы з Ганнай вырашыў застацца з ёй у Польшчы.
— Навучаная горкім досведам, я адразу спытала ў яго, колькі ён зарабляе. Ён адказаў, што пяць тысяч еўра — быццам бы кіруе нейкай будаўнічай кампаніяй.
Праз некалькі месяцаў высветлілася, што гэта хлусня. Так, мужчына працаваў на будоўлі, але быў звычайным наёмным супрацоўнікам. І пяць тысяч еўра ў месяц яму, вядома, ніхто не плаціў.
— Мы потым жартавалі пра тыя міфічныя пяць тысяч. Ён казаў: «Ты ж задала такое пытанне на 15-й хвіліне сустрэчы. Я разгубіўся і адказаў першае, што прыйшло ў галаву».
Разам з новым абраннікам Ганна адкрыла сваю кветкавую краму: частку грошай уклала жанчына, а яшчэ частку яе каханы (гэта былі грошы, якія ён браў у крэдыт яшчэ да сустрэчы з Ганнай для таго, каб з'ехаць у ЗША).
— Я выплачвала той крэдыт, але для гэтага была прычына. Першы час мой мужчына працаваў у нашай кветкавай краме без заробкаў, бо справы шлі блага. У мяне была праца, таму я закрывала яго крэдыт і забяспечвала нашу пару.
Калі пара вырашыла расстацца, Ганна, нягледзячы на тое, што паспела выплаціць крэдыт былога каханага, аддала яму 10 тысяч еўра — гэта тая сума, якую ён уклаў у бізнэс.
Цяпер Ганна працуе з псіхолагам, каб перамагчы сваю дэпрэсію.
— Я такі чалавек, якому дрэнна быць аднаму. І дзеля таго, каб нехта быў побач, я на многае гатова была заплюшчыць вочы. Разумею, што гэта не ок. Хачу навучыцца жыць так, каб мне было добра самой з сабой. Хачу пачаць кахаць сябе, а не кагосьці. Вось з гэтымі пытаннямі мы і працуем з псіхолагам. Мне трэба перастаць шукаць кагосьці, хто зробіць мяне шчаслівай, і стаць шчаслівай самой. Пра адносіны цяпер я ўвогуле не думаю. Але дакладна адно: я больш ніколі не буду ўступаць у адносіны з мужчынамі, якія не могуць забяспечыць самі сябе.
«Вай, ты мяне скарыла!» Журналістка «Нашай Нівы» пратэсціравала расійскі аналаг Tinder
«Дзяўчына, з якой былі разам 6 гадоў, не захацела адносінаў». Як супрацоўнік «Беларуснафты» адседзеў 3 гады за абарону пратэстоўца
Падчас цяжарнасці закахалася ў сябра мужа: мінская блогерка падзялілася болем
«З 3 па 6 клас насіў заплечнік аднакласніцы». Гісторыі людзей, у якіх ніколі не было сур’ёзных адносін
Каментары