Святлана Ціханоўская едзе ў Вашынгтон, дзе прыме ўдзел у Публічным форуме НАТА па запрашэнні генеральнага сакратара Енса Столтэнберга.
Падчас візіту ў Вашынгтон з 9 па 12 ліпеня Святлана Ціханоўская выступіць на шэрагу мерапрыемстваў, дзе раскажа пра сітуацыю ў Беларусі, гібрыдныя атакі рэжыму супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, размяшчэнне ядзернай зброі і магчымыя сцэнары развіцця падзеяў, паведамляе яе прэс-служба.
«Я рада, што дэмакратычныя сілы ў Беларусі пачынаюць дыялог з НАТА. Альянс заснаваны на каштоўнасцях, якія блізкія беларусам — свабода, правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права. Я лічу, што для кожнай еўрапейскай краіны неабходна будаваць паважлівыя і канструктыўныя адносіны з НАТА. Гэта важна і для Беларусі, для нашых нацыянальных інтарэсаў і для падтрымання рэгіянальнай бяспекі. Я б хацела, каб Беларусь успрымалася як надзейны, мірны і прадказальны партнёр.
Беларусь павінна быць успрынятая не толькі як пагроза, але і як магчымасць. Мы вельмі не хочам, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Падчас саміту ў мяне будзе магчымасць пагаварыць з прадстаўнікамі і саюзнікамі НАТА пра далейшы дыялог, абмен інфармацыяй і супрацоўніцтва ў медыяполі».
У траўні Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам НАТА і выступіла перад Паўночнаатлантычным саветам у Бруселі.
Каментары