Адныя ідуць у адпачынак, іншыя едуць у Балгарыю. Што робяць перавозчыкі з-за ўзмацнення праверак на мяжы з Польшчай
«1000 еўра каштуе забраць персік з «Кукурык» і давезці да Брэста», — расказаў адзін з перавозчыкаў выданню Most.
Польшча пачала ўзмоцненыя праверкі грузавога транспарту ў пункце пропуску «Кукурыкі» на мяжы з Беларуссю.
Мытны камітэт Беларусі раніцай паведаміў, што Польшча наогул перастала ўпускаць грузавікі з Беларусі. Аднак польскі бок пазней абверг гэтую інфармацыю, адзначыўшы, што былі ўведзеныя ўзмоцненыя праверкі.
Прадпрымальнік, які працуе ў транспартнай галіне, пацвердзіў, што машыны з Беларусі прапускаюць, але прыкладна ў 10 разоў павольней, чым звычайна.
«Адна машына 15 хвілін на вагах, гэта чатыры машыны ў гадзіну. А звычайна прапускаюць 1000 машын за дзень», — кажа суразмоўца.
Ён лічыць, што ў начную змену сітуацыя для транспартнікаў можа яшчэ больш пагоршыцца: «Можа быць, прапусцяць 5-10 машын, будуць бачнасць ствараць».
На выезд у бок Беларусі пункт пропуску працуе ў звычайным рэжыме. Аднак разумеючы, што з вяртаннем у Польшчу могуць узнікнуць праблемы, перавозчыкі адмаўляюцца выконваць рэйсы ў бок Беларусі.
«Усе прыганяюць машыны ў Польшчу — і ідуць у адпачынак, пакуль не праясніцца сітуацыя», — расказвае прадпрымальнік.
«Ніхто не будзе працаваць у мінус»
Паводле яго слоў, лагістычныя кампаніі і грузаадпраўшчыкі ўжо пераглядаюць шляхі дастаўкі. Некаторыя вязуць грузы ў Балгарыю, а адтуль дастаўляюць морам да Наварасійска або ў парты Грузіі. Іншыя перабудоўваюць аўтамабільныя маршруты праз Літву і Латвію.
Сітуацыя можа адбіцца на канчатковых спажыўцах: цяпер сезон, калі з Еўропы дастаўляюць садавіну і гародніну.
«1000 еўра каштуе забраць персік з «Кукурык» і давезці да ТЛЦ у Брэсце. Тры дні стаіш з грузам на мяжы, яшчэ два дні яго выгружаюць. І потым яшчэ месяц стаяць, каб заехаць назад у Польшчу?» — пытаецца прадпрымальнік.
Працяглае чаканне можа зрабіць рэйс стратным.
«Ніхто не будзе працаваць у мінус», — кажа прадпрымальнік.
Каментары