Каханне і сэкс1313

Студэнтка выйшла замуж за выкладчыка, які старэйшы за яе на 31 год, і шчаслівая

«Першы раз мы пацалаваліся, калі звярталіся адно да аднаго на «вы»», — з усмешкай згадваюць Анфіса і Сяргей той час, калі яны яшчэ былі ў статусе студэнткі і выкладчыка.

За паўтара года ў іх жыцці змянілася літаральна ўсё. Вядома, перайшлі на «ты» — ужо да другога пацалунка. Сталі сустракацца, абое сышлі з каледжа, афіцыйна пажаніліся і завялі сумесны блог. Розніца ва ўзросце ў мужа і жонкі вялікая — 31 год (на хвілінку, Сяргей старэйшы за бацькоў сваёй жонкі!). Што зачапіла беларусаў адно ў адным, як да іх шлюбу паставілася асяроддзе і ці часта даводзіцца сутыкацца з негатывам? Гісторыю пары расказвае «Анлайнер».

Фота тут і далей: «Анлайнер»

«Я культурна на яе глядзеў, ініцыятыву не праяўляў»

Відэа гэтай пары цяпер вогненна залятаюць у Instagram — вы таксама маглі бачыць юную бландынку ў танцы, якой падыгрывае мужчына ў самым росквіце сіл. Анфіса і Сяргей пазнаёміліся ў адным з мінскіх каледжаў, куды дзяўчына прыйшла вучыцца на харавога дырыжора.

— З першага курса я ведала, што ў каледжы ёсць Сяргей, выкладчык па вакале. Але ён у мяне нічога не вёў, мы проста зрэдку бачыліся. Ён заўсёды быў вясёлы, шмат жартаваў, прывабны, я адразу на яго ўвагу звярнула. Але не ведала, колькі яму гадоў. Думала, гадоў 40, — успамінае дзяўчына.

— А вы звярнулі ўвагу на прыгожую студэнтку? — пытаюцца журналісты ў Сяргея.

— Ну, яна заўсёды яркая была, — прызнаецца мужчына. — Не звярнуць увагу было немагчыма. Але я культурна глядзеў, ніколі не выяўляў у гэтым плане ініцыятыву: усё ж такі розніца ва ўзросце вялікая.

А далей была чарада супадзенняў, якія Анфіса называе «лёсам». На другім курсе дзяўчына з сяброўкай трапіла на канцэрт, дзе за раялем якраз быў Сяргей. Выкладчык паклікаў ахвотных на сцэну. Дзяўчат там было няшмат, і Анфіса вырашыла паўдзельнічаць.

— Пасля мерапрыемства ў нас з Сяргеем завязалася размова. Ён правёў мяне да кабінета — чамусьці гэта засталося ў памяці. Я зразумела, што ўва мне прачынаецца нейкая сімпатыя. А яшчэ мне так спадабаўся той выступ, што я раздрукавала фотку з яго, дзе мы з Сяргеем удваіх спяваем, і схавала яе пад чахол у сваім тэлефоне, — прызнаецца дзяўчына.

«Па некалькі гадзін гаварылі без перапынку»

Сяргей сімпатыю, мабыць, адчуў і запрасіў Анфісу наведваць яго заняткі па вакале.

— Яна стала хадзіць да мяне з хлапчукамі-студэнтамі. І першыя два месяцы мы проста шмат размаўлялі — на ўроках і пасля ўрокаў.

— Пра музыку, пра песні, пра жыццё — па некалькі гадзін маглі балбатаць без перапынку! — з захапленнем успамінае Анфіса.

Нават першы пацалунак у пары здарыўся ў той момант, калі яны яшчэ звярталіся адно да аднаго на «вы». Статусы студэнткі і выкладчыка перашкаджалі перайсці да нефармальных адносінаў. Але вельмі хутка стала зразумела: супрацьстаяць пачуццям будзе складана.

— Ужо тады я разумеў, што рана ці позна мая праца выкладчыкам скончыцца, — прызнаецца мужчына. — Праз паўгода сам напісаў заяву на звальненне, каб да мяне з гэтай нагоды не было ніякіх прэтэнзій.

— А я перайшла на завочку, але ўсё роўна дыплом не атрымала. Выкладчыцкі склад не быў гатовы прыняць усю гэтую сітуацыю, — без падрабязнасцяў распавядае Анфіса.

«Я крыху старэйшы за бацькоў Анфісы — і нам заўсёды ёсць пра што пагаварыць»

У адрозненне ад выкладчыкаў, аднакурснікі Анфісы падтрымалі яе выбар і нават узялі Сяргея ў сваю 20-гадовую тусоўку. Бацькі з абодвух бакоў нейкі час дзівіліся, але таксама хутка прынялі сітуацыю.

— Я сваім сказала, калі была ўжо на 100% упэўненая, што ў нас з Сяргеем усё сур'ёзна. Успрынялі нармальна, адгаворваць ніхто не стаў. Ды і яны, у прынцыпе, ведаюць, што я іх апавяшчаю, калі ўжо ўсё добра абдумала, — распавядае Анфіса.

— Мае спачатку думалі, што ў нас гадоў 10 розніцы, — кажа Сяргей. — Ну а потым, калі ўсё высветлілася, адрэагавалі спакойна.

Так атрымалася, што муж Анфісы старэйшы за яе бацьку на паўгода, а маці — на два. Мужчына жартуе: гэта зручна, заўсёды ёсць агульныя тэмы для размовы з цешчай і цесцем.

— Мы адпачываем разам з бацькамі. Вось нядаўна з Гомеля вярнуліся, на рэчку хадзілі купацца. Сяргей наогул за любы рух, ён лёгкі на ўздым, — з пяшчотай кажа пра мужа Анфіса. — А яшчэ мой тата на выходных дапамагаў Сяргею з шопінгам.

— Так, ён у яе модны такі, падказваў мне, як апранацца, — усміхаецца муж.

«З'явілася ўпэўненасць, што гэта мой чалавек»

Ад бясконцых жартаў — да сур'ёзных пытанняў. У Анфісы спыталі: як так атрымалася, што яна зацікавілася мужчынам, які старэйшы за яе на 30 гадоў? Ці не было сумненняў, што гэта правільны выбар?

— Ведаеце, я з самага пачатку давяралася пачуццям, якія не былі нічым падмацаваныя. У мяне проста з'явілася ўнутраная ўпэўненасць, што гэта мой чалавек і мне з ім добра. А што тычыцца ўзросту… Не бачу ў гэтым нічога дзіўнага. Мне ці цікава з чалавекам, ці не.

— Але што вас так моцна зачапіла ў Сяргеі?

— Ён спадабаўся мне як чалавек, спадабалася яго стаўленне да свету. Было цікава з ім стэлефаноўвацца і размаўляць.

— Мы з ёй маглі размаўляць да шасці-сямі раніцы… А мне на працу, — пацвярджае Сяргей. — Мне падабалася, што ў Анфісы велізарная, нават надрыўная любоў да праўды і сумленнасці. Гэта выяўлялася ва ўсім, у кожным слове. Мы таму і гутарылі па восем гадзін, дамагаліся праўды, прагаворвалі ўсе нюансы ў нашых адносінах.

Сяргей не хавае: спачатку ён сумняваўся ў тым, што гэтае захапленне ў Анфісы працягнецца доўга. Нават раіў пашукаць каго-небудзь іншага.

— Я агучваў гэта, не трымаў у сабе. Казаў: «Дарэмна ты ідзеш па гэтым шляху, колькі маладых, прыгожых, моцных хлопцаў вакол, з грашыма». А потым я ўбачыў, якая яна сумленная, адкрытая, заўсёды кажа, калі ёй нешта не падабаецца. Стала зразумела, што Анфісе можна давяраць.

«Некалькі разоў Сяргея блыталі з бацькам»

Нядаўна пара аформіла адносіны афіцыйна — цяпер яны муж і жонка. Вяселле было камернае і ўтульнае. Анфіса кажа, што ў гэты дзень ім не хацелася лішняй увагі.

Затое ў блогу муж і жонка не саромеюцца гучна заяўляць пра сябе і вялікую розніцу ва ўзросце. Анфіса запэўнівае, што робіць гэта ў тым ліку для таго, каб паказаць людзям: так можна, усе перашкоды — у нас у галаве.

— Скажыце шчыра: Сяргея калі-небудзь блыталі з бацькам?

— Бывала такое пару разоў, але каб адклалася ў памяці як абраза… Не, не ўзгадаю. Ужывую людзі баяцца неяк каментаваць нашу пару, толькі ў інтэрнэце, пад рознымі нікамі. А там шмат усяго пішуць: нават што мне 40, а Сяргею 63! Усякага хапае, мы не звяртаем увагі.

Муж і жонка кажуць, што цяпер яны разам займаюцца здымкай і мантажом ролікаў для блога, а яшчэ запісваюць новыя песні для Анфісы. У яе амбіцыйная мэта: стаць спявачкай.

Дзеці ў планах у пары таксама ёсць, засталося вызначыцца з колькасцю.

— Калі табе добра з мужчынам, само сабой зразумела, што ў сям'і павінны з'явіцца дзеці. А колькі іх будзе, гэта ўжо не асабліва важна.

— І вы гатовыя апускацца ва ўсю гэтую гісторыю з памперсамі? — пытаюцца ў Сяргея.

— Я нават спавіваць умею, — аджартоўваецца мужчына, але просіць не задаваць пытанні пра яго мінулы досвед. Муж і жонка пачалі ўсё «з чыстага ліста».

Сяргей і Анфіса ўжо склалі для сябе праграму мінімум на будучыню. Ён павінен пражыць да 125 гадоў, яна — да 95.

— Трэба выконваць абяцанне і трымаць сябе ў форме, — усміхаецца мужчына.

— І я ўпэўненая, што ўсё ў нас будзе добра, — падсумоўвае Анфіса. — Мне здаецца, праблемы могуць быць хутчэй не праз розніцу ва ўзросце, а праз характары, погляды на жыццё. А ўзрост ні на што не ўплывае. Наша гісторыя таму выдатны прыклад.

Каментары13

  • даведка
    28.07.2024
    А свои домашние внутрисемейные видосики они снимают только для in100грам?!
  • NS
    28.07.2024
    Шкада мужыка... Выглядае як рэквізіт для здымак тыктокаў...
  • Злобный вожык
    28.07.2024
    Все правильно сделал. Осуществил тайную мечту многих. И молодую любовницу искать не будет — всем плюсы.

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА50

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі самалёт скінуў бомбу на школу ў Белгарадскай вобласці4

МУС паказала трэніроўку разгону мітынгаў ФОТЫ13

Арыштаваны дом Цапкалаў у Мінску не прадалі на аўкцыёне — не знайшлося ахвотных1

Wyborcza паведамляе пра вобшук у Агнешкі Рамашэўскай — сама яна гэта адмаўляе6

Літоўская мытня чарговы раз ускладніла ўмовы для транзіту аўто з ЗША ў Беларусь. Якія аўто цяпер могуць захраснуць у порце Клайпеды?5

У кафэ ў Брэсце можна разлічыцца лісцем2

МТЗ правёў краш-тэст сваёй сякеры: інструмент пераехалі трактарам ВІДЭА6

Даляр узяў адзнаку 3,4 рубля

Стане яшчэ халадней. Днём будзе з мінусам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА50

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →