У якой краіне самыя вялікія прызавыя за перамогу на парыжскай Алімпіядзе? Сама краіна зусім невялікая
Выданне Forbes супаставіла інфармацыю з усяго свету і высветліла, што самую вялікую ўзнагароду за залаты медаль летніх Алімпійскіх гульняў-2024 абяцае сваім грамадзянам Ганконг — 768 тысяч долараў. Прычым за срэбра тут таксама належыць больш, чым ва ўсіх іншых краінах за золата — 380 000 долараў.
На другім месцы — Ізраіль (275 тысяч долараў), а на трэцім — Сербія (218 тысяч долараў).
У топ-5 таксама ўвайшлі Малайзія (214 тысяч долараў) і Італія (196 тысяч долараў).
Менш за ўсё абяцаюць за спартыўныя дасягненні ў Аўстраліі (13 тысяч долараў), Даніі і Канадзе (па 15 тысяч долараў).
Праўда, гэты рэйтынг не зусім усеахопны, бо ў яго ўключаныя звесткі толькі па 33 краінах, між тым як увогуле ў гульнях удзельнічаюць больш за 200.
Трэба сказаць, што ганкогскіх спартсменаў такія прызавыя насамрэч добра матывуюць. Бо парыжская Алімпіяда яшчэ толькі пачалася, а ў Ганконга ўжо чатыры медалі — 2 залатыя і 2 бронзавыя. Абодва золата здабытыя ў фехтаванні: шпажысткай Вівіян Кон і рапірыстам Чун Ка Лонгам. Абедзве бронзы на рахунку плыўчыхі Шывон Бернадэт Хогі.
Зрэшты, наўрад ці ганконгскія ўлады шкадуюць пра такія стаўкі, і гэтыя поспехі сваіх атлетаў сталі для іх нечаканымі. Бо насамрэч яны ўжо хутчэй традыцыйныя: на апошніх Алімпійскіх гульнях у Токіа спартсмены зборнай Ганконга заваявалі шэсць медалёў, уключаючы золата ў тым жа фехтаванні. Да таго ж Ганконг прадугледжвае вялікія выплаты нават за непрызавыя месцы: за чацвёртае 100 000 долараў, а з пятага па восьмае — амаль 50 000.
Акрамя разавых выплат, многія краіны выплачваюць сваім чэмпіёнам нешта кшталту стыпендый. Напрыклад, Малайзія і Балгарыя пажыццёва выплачваюць залатым медалістам штомесячныя надбаўкі ў памеры больш за 1 тысячу долараў. Чылі, Косава і Літва гарантуюць падобныя выплаты на чатыры гады. У Новай Зеландыі прызёры Алімпіяды атрымліваюць 40 тысяч долараў у год да пачатку наступных Алімпійскіх гульняў. У Даніі ганарар не абкладаюць падаткамі.
Што да Беларусі, то тут за золата плацяць па 12 тысяч базавых велічынь, гэта каля 150 тысяч долараў.
Спартоўцы з КНДР і Паўднёвай Карэі зрабілі сумеснае сэлфі на Алімпіядзе ФОТА
Аліна Змушка не выйшла ў паўфінал Алімпіяды на 200 метрах брасам, стаўшы апошняй у сваім заплыве
На чацвёрты дзень Алімпіяды захоўваецца перавага нееўрапейскіх краін
«Нас было трое!» Егіпецкая фехтавальніца выступіла на Алімпіядзе на сёмым месяцы цяжарнасці
Каментары