Iva Sativa (Яна Смаляга) прэзентавала новы кліп на песню «Kanapel».
Вобразы і галоўная сюжэтная лінія ў ім натхнёныя азярніцамі — беларускім «падвідам» русалак, што не маюць хвастоў і падобныя да звычайных дзяўчат. Паводле вераванняў, раз на год азярніцы выходзяць да людзей. Гойсаюць па палях i лясах, сядзяць у жыце, гушкаюцца на галінках дрэў, спяваюць, могуць заманьваць людзей у ваду. Але калі адна з іх моцна закахаецца ў хлопца, яна пакідае сябровак і былое жыццё і далучаецца да чалавечага свету.
Па словах дызайнеркі Волі Этыка, якая займалася падборам касцюмаў для кліпа, здымкі адбыліся яшчэ 1,5 года таму, і ўвесь гэты час рабіўся постпрадакшн. У каманды не было бюджэту, але было шчырае жаданне зрабіць якасны прадукт.
Рэжысёркай працы выступіла Карына Хацкалёва, але агулам яна стваралася па прынцыпе талакі.
Карына адзначыла, што для многіх гэты праект стаў развітальным спатканнем з Мінскам, бо менавіта там адбыліся здымкі.
«Кліп заснаваны на фальклоры пра беларускіх русалак, і ён пра тое, што карма даганяе кожнага», — расказала рэжысёрка.
Каментары