Фільм абышоў «Джокера», але ў патыліцу яму дыхае ягоны сіквел.
Сусветная прэм'ера фільма «Дэдпул і Расамаха» (Deadpool & Wolverine), знятага рэжысёрам Шон Леві, адбылася 26 ліпеня. У кінатэатрах Беларусі пракат фільма пачаўся з 3 жніўня.
Грымучая сумесь самага адмарожанага ў сусвеце Marvel антыгероя Дэдпула, ролю якога выканаў Раян Рэйнальдс, і ўлюбёнца ўсіх часоў Расамахі ў выкананні Х'ю Джэкмана, якога літаральна выкапалі з магілы, не магла не выбухнуць — і яна выбухнула. Фільм за дэбютны ўікэнд сабраў рэкордную касу, цалкам акупіўшыся літаральна за пару дзён. Гэта быў найлепшы вынік у гісторыі для фільмаў з рэйтынгам R і найлепшы сярод фільмаў пра Людзей Ікс.
Новы фільм Marvel таксама заняў другі радок у спісе самых касавых стужак 2024 года, пакуль саступаючы першынства мультфільму «Галаваломка-2», зборы якога ўжо перавысілі 1,5 мільярда даляраў.
У чацвер быў пабіты самы важны рэкорд — «Дэдпул і Расамаха» абышоў у сусветным пракаце «Джокера» Тода Філіпса, які ўтрымліваў першынство з 2019 года.
Фільм сабраў рэкордныя 1,086 мільярда даляраў, у той час як «Джокер» з Хаакінам Феніксам у ролі галоўнага ворага Бэтмена сабраў 1,079 мільярда. Гэтыя два фільмы — адзіныя ў гісторыя стужкі з рэйтынгам R, якія змаглі пераадолець планку ў 1 мільярд даляраў.
Наступным у рэйтынгу ідзе фільм Крыстафера Нолана «Опенгеймер», які здолеў сабраць у 2023 годзе 974,5 мільёна даляраў. За ім — дзве першыя часткі серыі фільмаў пра Дэдпула, «Матрыца: Перазагрузка» і «Страсці Хрыстовы».
«Страсці Хрыстовы» Мэла Гібсана, які выйшаў 20 гадоў таму, да выхаду «Дэдпул і Расамаха» быў самым касавым фільмам з рэйтынгам R у ЗША. Але і гэты рэкорд быў пабіты.
«Дэдпул і Расамаха» таксама стаў трэцім фільмам у кінасусвеце Marvel, які перасягнуў 1 мільярд даляраў касавых збораў, пасля «Чалавек-павук: Няма дарогі дадому» (2021), знятага Sony, і «Мсціўцы: Фінал» (2019) ад Disney.
Пра тое, чаму «Дэдпул і Расамаха» асуджаны на поспех і спадабаецца гледачам, мы пісалі ў сваім вялікім аглядзе на фільм.
Кінуць выклік «Дэдпулу і Расамаху» можа хіба што «Джокер: Вар'яцтва на дваіх», які выйдзе ў пракат восенню з тым жа ўзроставым рэйтынгам R. Але барацьба будзе цяжкай.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Дэдпул і Расамаха». Абсалютна адбіты фільм, які ўсім спадабаецца
28 топавых серыялаў ад «Нашай Нівы» — выберыце свае!
«Ціхае месца: Дзень першы». Прыгоды коціка падчас канца свету
«Галаваломка 2» — неймаверны поспех ці пасрэднасць? Што адбываецца са студыяй Pixar
Калізей, кроў і попел Везувія. Якім атрымаўся новы серыял пра Рымскую імперыю з Энтані Хопкінсам
Каментары