Жыхар Віцебска пазбавіўся 450 тысяч рублёў на «інвестыцыях у Газпрам»
Жыхар Віцебска страціў на віртуальных інвестыцыях каля 450 тысяч рублёў, стаўшы ахвярай аферыстаў, паведамілі ў МУС.
У сеціве 34-гадовы мужчына заўважыў рэкламу нібыта карпарацыі «Газпрам». Патэнцыйны наймальнік прапаноўваў дадатковы заробак. Варыянт зацікавіў віцябляніна, таму ён перайшоў па спасылцы і пакінуў заяўку.
Праз нейкі час з ім у месенджары звязаўся чалавек, які прапанаваў сваю дапамогу з рэгістрацыяй на біржы і кансультацыі па інвестыцыях.
Віцяблянін выканаў указанні невядомага. Ашуканцы падавалі мужчыну рэквізіты рахункаў і крыптавалютных кашалькоў, якія той папаўняў на працягу трох месяцаў.
Пры гэтым ён пераводзіў не толькі асабістыя грошы, але і крэдытныя, і пазычаныя.
Калі пацярпелы вырашаў вывесці заробленыя сродкі, зламыснікі змушалі яго плаціць яшчэ, прыдумляючы новыя прычыны. Сувязь з імі знікла пасля адмовы мужчыны папаўняць рахункі.
Следчыя распачалі крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры.
Каментары