«Московскій комсомолец» выдаліў свой артыкул пра Лукашэнку пасля скаргі Дзерманта
На думку праўладнага палітолага, выданне абразіла не толькі Лукашэнку, а ўвесь беларускі народ.
Расійскае выданне «Маскоўскі камсамолец» выдаліла свой матэрыял, які прысвяціла 70-годдзю Лукашэнкі, пасля скаргі праўладнага палітолага Аляксея Дзерманта, піша «Медыязона»
У сябе ў тэлеграм-канале Дзермант паскардзіўся, што «Маскоўскі камсамолец» выпусціў «не проста некарэктны, але зусім абразлівы матэрыял». Прычым, на думку палітолага, выданне абразіла не толькі Лукашэнку, а ўвесь беларускі народ.
«Я не хачу фігураваць для прыкрыцця антыбеларускіх выпадаў у адным матэрыяле з маскоўскімі лібераламі, якія разважаюць пра нашу краіну праз губу, і з адкрытым ворагам нашага Саюза, шкоднікам і фігурантам крымінальнай справы, заведзенай на яго ў Беларусі і ў Расіі. Больш ніякіх каментароў я гэтаму выданню не даю», — піша Дзермант.
Пазней палітолаг напісаў, што «Маскоўскі камсамолец» зняў матэрыял, на які скардзіўся Дзермант, з публікацыі.
У вэб-архіве застаўся артыкул выдання. У ім расійскія палітолагі разважаюць пра «сакрэты палітычнага даўгалецця Лукашэнкі». У канцы матэрыялу прысутнічае і каментар Дзерманта, дзе беларускі палітолаг кажа, што Лукашэнка аднолькава блізкі і да расіянаў, і да беларусаў.
«Ён блізкі людзям перш за ўсё тым, што ён сам выхадзец з народа, не з нейкай элітнай сям'і, не з наменклатуры, ён чалавек з вёскі, ад зямлі, ад сахі, ад касы, які доўга падымаўся на вяршыні ўлады дзякуючы сваім талентам, а не сувязям. І, напэўна, людзі гэта адчуваюць і давяраюць яму. Акрамя таго, у сусветнай палітыцы ён заваяваў сабе імя тым, што праводзіць незалежную палітыку, не мяняе прынцыпы, не прагінаецца пад дыктат Захаду і пры гэтым захоўвае традыцыйныя сувязі, саюз з Расіяй. І гэта выклікае ў многіх адабрэнне яго палітыкі», — прыводзіць выданне каментар Дзерманта.
Невядома, што з гэтага Дзермант палічыў «абразай», але расійскаму выданню давялося цэнзураваць свой матэрыял па скарзе беларускага палітолага ў дзень нараджэння Лукашэнкі.
Каментары
Дзермант, не кажы пра Беларусь!
Зарабляй рэкламай "Камсамолкі",
Я ж без тваіх думак абайдусь.