У Мінску прадаюць легендарны Ford Mustang 1965 года. Колькі просяць за рэтра-аўто?
У гэтай мадэлі багатая кіношная гісторыя.
У Мінску прадаюць Ford Mustang 1965 года. Яго можна назваць адным з першых, бо выпуск гэтых машын пачаўся ў сакавіку 1964 года.
Пад капотам у яго базавы для гэтай мадэлі родны 6-цыліндравы рухавік аб'ёмам 2,8 літра, які працуе ў пары з 3-ступенчатай механічнай каробкай перадач.
Заяўлены прабег — 31 500 кіламетраў. Рэдкае для нашых краёў аўто ацанілі ў 42 500 даляраў ЗША.
У Беларусь машына трапіла толькі ў 2022 годзе пасля таго, як 20 снежня 2021 года рэтра-купэ набылі на амерыканскім аўкцыёне Copart. Выйгрышная стаўка — $6800.
На момант продажу ў Штатах заяўлены прабег складаў 17 919 міль (28 838 км). Таму праехала яна за два гады ўсяго некалькі тысяч кіламетраў.
Па фота ў аб'яве бачна, што машына ўдзельнічала ў выставах і рэтра-ралі.
Ford Mustang першага пакалення лічыцца каштоўным аўто ў калекцыянераў. Асабліва калі гаворка ідзе пра «зараджаныя» версіі з топавымі рухавікамі.
Легендарнасці першаму «Мустангу» дадае і багатая кіношная гісторыя. Напрыклад, такі Ford Mustang можна было ўбачыць у фільме «Трайны фарсаж: Такійскі дрыфт». Менавіта на машыне першага пакалення галоўны герой стужкі дрыфціў у фінальным заездзе.
Ford Mustang першага пакалення выпускалі з 1964 па 1973 год.
Каментары