Еўропа запатрабавала ад «Газпрама» больш за $20 мільярдаў за непастаўлены газ
Няўдалая спроба замарозіць Еўропу, каб дамагчыся саступак па Украіне, мае для «Газпрама» вынікам не толькі рэкордныя ў гісторыі страты, але і судовыя пазовы на дзясяткі мільярдаў даляраў, піша The Moscow Times.
Не менш за 19 кампаній з 11 еўрапейскіх краін падалі пазовы да расійскай газавай манаполіі праз парушэнні газавых кантрактаў, а іх агульная сума дасягнула 18,6 млрд еўра, або $20,6 млрд, падлічыў Reuters.
Найбуйнейшы з іх — на 13 млрд еўра — быў пададзены нямецкім канцэрнам Uniper, у мінулым галоўным кліентам «Газпрама» ў Германіі і суінвестарам праекта «Паўночны паток — 2». Кампанія, якая закупляла ў Расіі 20 млрд кубаметраў газу ў год, запатрабавала кампенсацыі шматмільярдных стратаў ад спынення расійскіх паставак. У чэрвені 2024 года Стакгольмскі арбітраж задаволіў яе пазоў у поўным аб'ёме.
Яшчэ каля $1 млрд ад «Газпрама» патрабуе RWE — іншы нямецкі імпарцёр газу, які атрымліваў 1 млрд кубаметраў у год.
Французская Engie падала пазоў у арбітраж, патрабуючы ад «Газпрама» больш за 300 млн еўра.
У Аўстрыі, якая працягвае закупляць расійскі газ, забяспечваючы ім каля 90% свайго спажывання, пазоў супраць «Газпрама» падаў найбуйнейшы энергаканцэрн OMV: ягоная сума складае 575,3 млн еўра, піша Reuters.
У Фінляндыі, дзе да вайны расійскі газ займаў 90% рынку, пазоў супраць «Газпрама» падаў канцэрн Gasum, у Італіі — энергагігант Eni, які адмовіўся выконваць указ Уладзіміра Пуціна аб аплаце паставак «у рублях».
У Польшчы пазоў супраць «Газпрама» на 1,5 млрд еўра падала Europol Gaz — кампанія, якая кіравала польскім участкам трубаправода «Ямал-Еўропа», які пампаваў газ з Заходняй Сібіры спажыўцам у Германіі.
У Чэхіі прэтэнзіі «Газпраму» за недапастаўлены газ выставілі Net4gas і Innogy Energie: першая патрабуе 113 млн еўра, другая — 78 млн.
У Швейцарыі пазовы падалі газавыя трэйдары DXT Commodities і Axpo Solutions: іх агульная сума дасягае амаль 1 млрд еўра.
У Нідэрландах 275 млн еўра ад «Газпрама» патрабуе газатранспартны аператар Gasunie Transport Services. Яшчэ адзін пазоў за невыкарыстанне зарэзерваваных газавых магутнасцяў падала BBL Company V. O. F.
У Славакіі з «Газпрамам» наважыліся судзіцца ZSE Energia і Vychodoslovenska energetika, а ў Балгарыі — Нацыянальны газавы аператар Bulgargaz. Апошні патрабуе 400 млн еўра за скасаванне кантракту.
Агульная сума прэтэнзій да «Газпраму» перавысіла ягоную чыстую выручку ад продажаў газу на ўсе знешнія рынкі разам узятыя: $10 млрд у год ад паставак у Еўропу і Турцыю, $7 млрд ад паставак у Кітай і $2 млрд ад экспарту ў краіны СНД і Цэнтральную Азію, паводле ацэнак інвестыцыйнай кампаніі БКС.
Шматмільярдныя пазовы ствараюць рызыкі арышту плацяжоў на адрас «Газпрама» ў Еўропе, папярэджвае аналітык Альфа-банка Мікіта Блахін: кампаніі, якія патрабуюць кампенсацый, могуць паспрабаваць перахапіць грошы, якія пакупнікі расійскага газу, якія яшчэ ў Еўропе засталіся, пералічваюць кампаніі. Гэта, у прыватнасці, можа адбыцца ў Аўстрыі, дзе нацыянальны газавы аператар OMV у канцы мая паведаміў пра спробы «перахопу» плацяжоў на адрас «Газпрама». Расійскай кампаніі сітуацыя, якая склалася, прарочыць далейшае згортванне дзейнасці ў Еўропе, папярэджвае Блахін.
Летась «Газпрам» прапампаваў на еўрапейскі рынак толькі 28 млрд кубаметраў газу — мінімальны аб'ём з канца 1970-х гадоў. Яго сукупны экспарт склаў толькі 69 млрд кубоў і стаў самым нізкім з 1985 года. Упершыню з канца 1990-х «Газпрам» завяршыў год з чыстымі стратамі па міжнародных стандартах фінансавай справаздачнасці (МСФС), а іх памеры — 629 млрд рублёў (каля 7 млрд даляраў) — сталі рэкорднымі за ўсю гісторыю кампаніі.
Каментары