Пра тое, што ва Украіны няма намераў рабіцца ядзернай дзяржавай, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў падчас прэс-канферэнцыі з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ.
«Мы ніколі не казалі, што рыхтуемся стварыць ядзерную зброю. Я сказаў, што калі быў падпісаны Будапешцкі мемарандум, было прапісана, што Украіна аддае ядзерную зброю і Украіна ад гэтых краін-падпісантаў (у той час уключаючы Расію, Кітай, ЗША) будзе мець гарантыю бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці», — заявіў Зяленскі.
Пры гэтым ён адзначыў, што, падпісаўшы Будапешцкі мемарандум, Украіна адмовілася ад ядзернай зброі, але не атрымала ўзамен абяцаных гарантый бяспекі.
«Таму ў нас альтэрнатывы няма, акрамя НАТА», — дадаў ён.
Раней нямецкае выданне Bild паведаміла, што Украіна нібыта плануе стварыць ядзерную зброю за некалькі тыдняў.
Каментары