Электраседан Geely E8 па памерах супастаўны з Audi A6. Пра цэны на яго ў Беларусі піша av.by
У навінкі нізкі каэфіцыент аэрадынамічнага супраціву — 0,199. У аснове седана ляжыць платформа SEA, на якой таксама будуюцца электрамабілі Zeekr.
У салоне аўто стаіць 45-цалевы экран з якасцю 8К, які можна выкарыстоўваць як тэлевізар.
Для базавай версіі прадугледжаны задні прывад і матор магутнасцю 272 к.с. Ёмістасць цягавай батарэі — 62 кВт·г. Такая машына разганяецца да 100 км/г за 6 секунд і здольная праехаць да 550 км на адной зарадцы. Ёсць заднепрывадны варыянт з вялікім запасам ходу (665 км).
Першым да сталічных дылераў прыехаў паўнапрывадны аўтамабіль з двума электраматорамі, якія выдаюць у суме 645 к. с. Разгон да 100 км/г — 3,5 секунды (хутчэй за Porsche Taycan GTS). Запас ходу — 620 км. Як адзначалі раней на прадпрыемстве, менавіта на топавыя версіі прыпадае больш за ўсё заказаў.
Цана ў Беларусі стартуе ад 106 900 рублёў (крыху менш за 32 300 даляраў) за заднепрывадную версію. Цэны на мадэлі з поўным прывадам складаюць 119 900 — 121 900 рублёў (каля 36 тысяч даляраў).
Як раней расказваў генеральны дырэктар «БелДжы» Генадзь Свідзерскі, у першай партыі Geely E8 у краіну прывезлі 87 машын. Да канца года чакаюцца яшчэ тры пастаўкі электракараў. Адносна айчыннай зборкі кіраўнік прадпрыемства паведаміў: мадэль у нас збіраць дакладна не будуць, аднак у планах завода значыцца пастаноўка на канвеер больш даступнага электракара і гібрыда.
Каментары