Снапкоў пахваліўся, што беларусы цяпер зарабляюць рэкордна шмат. Падлічылі, як змяніліся заробкі беларусаў за 10 гадоў з улікам інфляцыі даляра
Першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў заявіў, што беларусы дасягнулі максімальнага заробку за апошнія 10 гадоў. Але ёсць нюанс.
«Сярэдняя заработная плата ў студзені-жніўні бягучага года дасягнула амаль 2,2 тысячы рублёў, або $687 у эквіваленце ($590 на рукі. — НН). Гэта максімальнае значэнне сярэдняга заробку беларусаў за апошнія 10 гадоў», — расказаў Мікалай Снапкоў.
Апошнія даныя (за жнівень 2024 года) даюць яшчэ вышэйшыя лічбы: 2341 рубель, або $733 да вылічэння падаткаў. Гэта 2013 рублёў на рукі (каля 630 даляраў).
Лічбы сапраўды рэкордныя. Але калі глядзець на заробкі ў рэальным вымярэнні, то высвятляецца, што «дзесяцігоддзе спыненага часу» працягваецца.
Так, сярэдняя зарплата ў жніўні 2013 года была на ўзроўні 622 даляраў, або $535 «на рукі». Але інфляцыя даляра за 11 гадоў склала 32,52%. Атрымліваецца, эквівалент 535 далярам у 2013 годзе — гэта 709 цяпер. Для того каб застацца на ўзроўні сярэдзіны 2013 года, сярэдняя зарплата цяпер мела б быць 709 даляраў «на рукі».
Такім чынам, з улікам інфляцыі даляра сярэдні заробак у Беларусі, пра які кажа Мікалай Снапкоў, не толькі не вырас у параўнанні з 2013 годам, але і скараціўся на 12,5%.
Каментары