Культура33

У Будславе разбіраюць унікальны алтар з ілюзорнай перспектывай, якой падманвалі гледача найвялікшыя дойліды Рыма

Гэтая аптычная ілюзія не мае аналагаў у Літве і Поль­шчы, але яе можна адшукаць у творах Брамантэ, Бараміні, Берніні і Паладыа, якім Італія абавязаная сваёй архітэктурнай раскошай. Распавядаем пра гэты незвычайны алтар і таго, хто прыдумаў гэтую падманку.

Перспектыўны алтар у Будславе. Фота: welcome-belarus.ru

На мінулых выхадных у будслаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі спецыялістамі праводзіліся абмеры і разборка ўнікальнага алтара ў найстарэйшай частцы храма. 

Шэдэўр архітэктуры XVII стагоддзя плануюць адрэстаўрыраваць пакуль капліца Святой Барбары, у якой ён знаходзіцца, зачынена на доўгую рэканструкцыю. Рэстаўратары маюць намер пашырыць драўляны алтар, каб вярнуць яму першапачатковы выгляд.

І сам алтар, і месца, дзе ён сёння размяшчаецца, досыць незвычайныя. Капліца Святой Барбары — гэта стары мураваны касцёл першай паловы XVII стагоддзя, які пасля разбудовы храма быў уключаны ў ягоны аб'ём.

Абмеры алтара. Фота: фэйсбук Нацыянальнага Санктуарыя Маці Божай у Будславе

Стары храм у новым

Першы мураваны храм бернардзінцаў у Будславе быў закладзены 28 жніўня 1633 года віленскім прыёрам Фларыянам Калецкім. Фундатарам касцёла быў гетман вялікі літоўскі Ян Кішка, а будаўніком Андрэй Кромер з Полацка. 9 ліпеня 1643 касцёл быў асвечаны пад тым жа тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі, што і папярэдні драўляны храм.

Малюнак старога касцёл з рукапіснай хронікі кляштара. 1767 г. Фота: Wikimedia Commons

Мураваны касцёл быў невялікім, памерам 20х10 м. Для размяшчэння цудатворнага абраза Маці Божай, які быў падораны папам Кліментам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу, з нагоды яго пераходу ў каталіцтва і візіту ў Рым, а потым перададзены бернардзінам каля 1613 года, быў збудаваны ўнікальны драўляны разны перспектыўны алтар.

Стары касцёл (рудым) упісаны ў аб'ём новага касцёла (карычневым). Кляштарны корпус не збярогся (светла-рудым). Чарцяжы з перадпраектнай інвестыцыйнай дакументацыі.

Пра тое, як выглядаў першы мураваны касцёл, дакладна невядома, але захавалася некалькі яго супярэчлівых выяў. Праз вялікі наплыў паломнікаў і багатыя ахвяраванні ў 1767-1783 гадах быў пабудаваны новы вялікі касцёл у тым выглядзе, які знаёмы нам сёння. Пры будаўніцтве новага касцёла была зменена яго арыентацыя: калі стары храм быў зарыентаваны алтаром на ўсход, то новы — на захад. 

Алтар у капліцы ў першай палове XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons
Хоры ў капліцы ў першай палове XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

Стары касцёл стаў часткай новага храма і сёння вядомы як капліца Святой Барбары, злева ад алтара новага храма. Сёння ў капліцу можна патрапіць як з алтарнай часткі касцёла, так і праз гістарычны ўваход, які сёння апынуўся на заднім фасадзе. Захаваліся нават старыя хоры над уваходам, на якія вядзе вінтавая лесвіца.

Абраз Укрыжавання, які замяніў цудатворны абраз Маці Божай, але не адпавядае па памеры арыгіналу. Фота: budslau.by

Застаўся стаяць на сваім месцы і перспектыўны алтар, але цудатворны абраз, перанесены ў новы алтар касцёла, замяніла Укрыжаванне, прынесенае сюды ў 1773 годзе з сядзібы Шымковічаў-Радовічаў у Ілаве. 

Сакрэт алтара

Перспектыўны алтар у Будславе. Фота: budslau.by

Як сцвярджаюць даследчыкі, кампазіцыя алтара старога касцёла ў Будславе не мае аналагаў у сакральнай архітэктуры Літвы і Поль­шчы. 

Мяркуюць, што алтар быў выкананы ў 1643—1651 гадах майстрам Пятром Грамелем, а пазалацілі яго манахі Геранім Плонскі і Бенедыкт Росман.

Але гэты помнік позняга барока настолькі ўнікальны і наватарскі, што даследчыкі справядліва прыйшлі да высновы, што ён не мог быць справай мясцовых цэхавых майстроў.

Структура левага крыла алтара і яго памеры. Фота: budslau.by

Алтар складаецца з трох частак. На пярэднім плане просты алтар у выглядзе скрыні, за якім двух’ярусная архітэктурная канструкцыя, так званы рэтабль, але самая цікавая трэцяя частка — два крылы па баках алтара. Яны ўстаноўлены пад вуглом 135° адносна рэтабля. 

План алтара і яго памеры. Фота: budslau.by

Вышыня крылаў паступова змяншаецца бліжэй да рэтабля з алтарным абразом. У той жа бок змяншаюцца калоны, нішы са скульптурамі святых, звужаецца карнізны фрыз. 

Разгорнутасць крылаў алтара і паступовае памяншэнне яго архітэктурных элементаў былі спраектаваны так, каб стварыць зрокавую ілюзію — вымушаную перспектыву. Гэты эфект дазваляў візуальна пашырыць невялікі па памерах храм у глыбіню і зрабіць цудатворны абраз, на якім сыходзілася перспектыва, яшчэ больш значным. 

Італьянская падманка

Тэорыя перспектывы стала адным з галоўных дасягненняў мастацтва Адраджэння. Італьянскія мастакі таго часу літаральна спаборнічалі ў майстэрстве перспектывы, малюючы ўяўныя архітэктурныя дэкарацыі ў сваіх творах. Але сваёй вяршыні выкарыстанне перспектыўных эфектаў дасягнула ў часы барока.

Найвялікшыя дойліды свайго часу выкарыстоўвалі іх у сваіх пабудовах для стварэння розных візуальных ілюзій і падманак. 

Аптычная ілюзія ў царкве Санта-Марыя-прэса-Сан-Саціра ў Мілане, стварае ўражанне, што галоўны неф цягнецца яшчэ на дзясятак метраў за алтар. Доната Брамантэ, 1482—1486. Фота: Wikimedia Commons
Насамрэч глыбіня алтарнай нішы ў царкве Санта-Марыя-прэса-Сан-Саціра ў Мілане ўсяго 1 метр. Доната Брамантэ, 1482—1486. Фота: Wikimedia Commons

Адным з першых такую падманку (або трамплёй) у архітэктуры прымяніў малады Доната Брамантэ, які ў 1482—1486 гадах браў удзел у перабудове царквы Санта-Марыя-прэса-Сан-Саціра ў Мілане. Храм мусіў мець форму крыжа ў плане, але глыбіні пляца бракавала. Брамантэ прыдумаў як візуальна прадоўжыць скарочаны цэнтральны неф з дапамогай рэзкага звужэння архітэктурных элементаў. У выніку алтарная ніша, глыбіня якой складае ўсяго 97 см, стала выглядаць быццам цягнецца ўдалячынь на цэлых дзесяць метраў.

У XVII ст. у барочным мастацтве аптычная ілюзія прасторы шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры свецкіх і сакральных інтэр’ераў, і нават ва ўрбаністыцы.

Галерэя ў палацы Спада ў Рыме быццам бы цягнецца на дзясяткі метраў і вядзе ў іншы дворык з садам і скульптурай. Франчэска Бараміні, 1652—1653. Фота: Wikimedia Commons
Чалавек у пачатку галерэі і ў канцы. Насамрэч глыбіня галерэі проста аптычная ілюзія.

Перспектыўную ілюзію Брамантэ, якую шырока апісвалі ў мастацкіх трактатах таго часу, пераняў іншы выдатны дойлід — Франчэска Бараміні. У 1652—1653 гадах ён узяўся за перабудову палаца кардынала Спада ў Рыме. У невялікім дворыку палаца ён стварыў унікальную галерэю: яе падлога прыўздымаецца, скляпенне паступава апускаецца, усе архітэктурныя элементы паступова звужаюцца, а ў прасвеце бачны яшчэ адзін дворык са статуяй Меркурыя.

Дзякуючы дакладна разлічанаму перспектыўнаму эфекту, галерэя даўжынёй каля 9 метраў выглядае ў чатыры разы даўжэйшай, а статуя Меркурыя, якая насамрэч усяго 60 см вышынёй, здаецца не меншай за рост чалавека.

Разрэз і план перспектыўнай галерэі палаца Спада ў Рыме. Фота: Wikimedia Commons
Разрэз і план перспектыўнай лесвіцы Апостальскага палаца ў Ватыкане. Джавані Ларэнца Берніні, 1663—1666. Фота: Wikimedia Commons

Да таго ж прыёму звяртаўся і Джавані Ларэнца Берніні, аўтар знакамітай каланады, якая ахоплівае плошчу Святога Пятра ў Рыме. У 1663—1666 гадах ён спраектаваў для папскага Апостальскага палаца незвычайную Царскую лесвіцу. Маршы лесвіцы па меры ўзыходжання звужаюцца, скарачаюцца адлегласці паміж калонамі, а вышыня столі паступова становіцца ніжэйшай. Дзякуючы гэтаму эфекту лесвіца выглядае нашмат большай, чым яна ёсць, а фігура пантыфіка, які спускаецца па ёй, куды больш значнай.

Тэатр Алімпіка ў Вічэнцы. Андрэа Паладыа, 1580. Фота: Wikimedia Commons

Але рымскія праекты былі рэалізаваныя пазней, чым створаны алтар у Будславе, а таму не маглі быць крыніцай натхнення. Верагодна, такой паслужылі дэкарацыі тагачасных тэатраў, дзе ў абмежаваных габарытах сцэны, дзякуючы ілюзорнай перспектыве, узводзіліся цэлыя палацы і гарады з вуліцамі.

Цудоўным прыкладам з'яўляецца тэатр Алімпіка ў Вічэнцы, спраектаваны ў 1580 годзе архітэктарам Андрэа Паладыа. Тым самым Паладыа, чыя творчасць праз стагоддзі падштурхне беларускага шляхціца Івана Жалтоўскага стварыць «сталінскі ампір».

За тэатральнай перагародкай быццам хаваюцца цэлыя вуліцы, але гэта ілюзія. Фота: Wikimedia Commons
За тэатральнай перагародкай быццам хаваюцца цэлыя вуліцы, але гэта ілюзія. Фота: Wikimedia Commons

Праз праёмы ў тэатральнай перагародцы, перанятай са старажытнарымскіх тэатраў, у розныя бакі ад гледачоў разыходзяцца тры вуліцы. Нягледзячы на тое, што ў глыбіню яны маюць усяго некалькі метраў, яны выглядаюць вельмі доўгімі. Адчуванне глыбіні ўзмацняюць і ракурсы архітэктурных дэталяў. 

Магчымы аўтар

Праз распаўсюджанасць такога візуальнага падману ў тэатральных дэкарацыях таго часу, даследчыкі выказалі здагадку, што алтар у Будславе быў задумай прафесійнага архітэктара, які раней меў дачыненне да тэатральнай або калятэатральнай сцэнаграфіі. Гэта мусіў быць нехта з кола каралеўскага двара Уладзіслава IV, які кіраваў у той час.

Партрэт Джавані Батысты Джызлені ў царкве Санта-Марыя-дэль-Попала ў Рыме. 1672. Фота: Wikimedia Commons

Сярод каралеўскіх архітэктараў, якія працавалі ў Вялікім Кня­стве Літоўскім, актыўнасцю вызначаўся італьянец Джавані Батыста Джызлені. Ён паспеў таксама папрацаваць пры двары каралёў Жыгімонта III Вазы і Яна II Казіміра. Джызлені праектаваў эпітафіі, надмагільныя помнікі і магнацкія палацы магнатаў у Вільні, па ягоным праекце ўзведзены знакаміты кляштар картэзіянцаў у Бярозе. 

На Джызлені як аўтара праекта алтара ў Будславе, на думку даследчыкаў, указвае таксама яго незвычайны праект касцёла з планам у выглядзе паўкола. Фасад храма з закругленымі крыламі мае прасторавае рашэнне, падобнае да будслаўскага.

Адзін з праектаў архітэктара Джавані Батысты Джызлені, верагоднага аўтара праекта алтара ў Будславе. Фота: budslau.by

Але ці варта так ускладняць, шукаць каралеўскіх архітэктараў і сцэнографаў, калі літаральна любы італьянскі дойлід, знаёмы з архітэктурнымі трактатамі свайго часу, мог паўтарыць перспектыўную ілюзію Брамантэ, якой на той момант было ўжо больш за 100 гадоў?

Выглядае, што пошук аўтара алтара ў Будславе яшчэ далёкі ад канчатковага вырашэння пытання. Магчыма, нейкія новыя адказы дасць цяперашняя рэстаўрацыя алтара. 

Будучыня шэдэўра

Пажар у касцёле ў 2021 годзе. Фота: «Наша Ніва»

Капліца застаецца зачыненай з 2021 года, калі пажар знішчыў большую частку даху святыні. Тады ў час абследавання выявілі, што частка кроквеннай сістэмы над капліцай, якая не пацярпела ад агню, падгніла. Паколькі бэлькі знаходзяцца на вышыні больш як 6 метраў ад скляпення капліцы, існуе небяспека, што калі яны абваляцца, то могуць праламаць скляпенні. Знаходзіцца ў такім памяшканні небяспечна. 

Пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік у сацсетках паведаміў, што зноў стары касцёл адкрыецца не скора: працы па замене даху і ўмацаванні сцен зоймуць 3-4 гады, але могуць расцягнуцца і на 6 гадоў.

Абмеры алтара. Фота: фэйсбук Нацыянальнага Санктуарыя Маці Божай у Будславе

Нягледзячы на тое, што стары алтар пасля перабудовы касцёла застаўся на сваім ранейшым месцы, як цяпер выявілася, ён зведаў змены. У час перабудовы памеры старога касцёла трохі змяніліся і алтар, які на час работ быў з яго вынесены, ужо не змясціўся на сваім старым месцы і быў крыху звужаны.

Цяпер спецыялістам неабходна будзе вырашыць як можна вярнуць шэдэўру беларускага дойлідства яго першапачатковы выгляд. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Разьбяр
    25.10.2024
    Дык а што гэта за слова "разны"? Ад якога слова яно паходзiць - - "разна", "разныць", i"разныр"? Бо то, што паходзiць ад слоу "рэзаць", разьба" i "разьбяр" будзе "разьбяны".
  • Імя
    25.10.2024
    Разьбяр, разны, разьбяны, разьблёны абсалютныя сінонімы. Кожнае з іх можна там ці іншымі шляхамі ўтварыць ад "рэзаць", некаторыя без пасярэдніцтва разьбы. Акрамя разьбы ў беларускай мове ёсць і слова рэзь.
  • Маркус
    26.10.2024
    Афігенна, нават не ведаў, што ў нас такое ёсць.

Лукашэнка стаў прадзедам18

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?5

Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны 3

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам18

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →