Хай 2025 год прынясе кожнаму тое, пра што яму марыцца.
2024-ы быў сабе нібыта і неасаблівы, непрыкметны год. Цягнулася вайна, цягнуліся рэпрэсіі, старэлі, слабелі Лукашэнка і Пуцін. Усё марудна ішло і, здавалася часам, што канца гэтаму ўсяму не будзе.
Але за апошнія гады, у тым ліку і за гэты неасаблівы 2024-ы, беларусы, якія «проста ішлі і проста стаялі, проста жылі і паміралі», сваёй штодзённай вытрымкай і ўзаемадапамогай даказваюць сваё права на «пачэсны пасад між народамі».
Хтосьці калісьці не так даўно думаў, што гісторыя скончылася. Не, яна працягваецца.
Так шваль з Гродна стала сімвалам эпохі: цёмная, урэдная, якая ў жыцці і года не рабіла, але ўсселася на людскі горб, і яд з яе сцякае.
Але маем і іншыя сімвалы: людзей, якія пайшлі ў турмы за дапамогу іншым людзям. Людзей з вялікай літары, якія адстойваюць нашу і вашу свабоду тут і там.
Захад дорага, сотні мільярдаў даляраў ва Украіне, плаціць за сваё неразуменне Расіі, і за сваю баязлівасць, і за ўласцівую капіталізму імкненне да нажывы, якім скарыстаўся драпежнік расійскага імперыялізму. А беларусы яшчэ даражэй, уласнымі жыццямі, уласным часам страчаным — а ён залаты! — плацяць за памылкі 1990-х.
Жыццё мучыць, але разумных жыццё і вучыць. Ужо навучыла.
Мы розныя, вы розныя, яны розныя. Мы па-рознаму правыя і па-рознаму памыляемся. Але мы ўсе людзі, і мы маем роўнае права на шчасце, на свабоду, права жыць, як мы хочам, будаваць, гадаваць, любіць. І напярэдадні новага 2025 года ўспомніўся дзедаўскі, даўні, тых нескароных людзей, якія ўсё перажылі, а засталіся людзьмі, тост-жарт. Хай ён прагучыць і тут, і там, і ў турмах, і на волі, і ў бліндажах, і ў катэджах.
Хай здохне той, хто нас не любіць!
Каментары