Выбарчая праграма Канапацкай: парламенцкая рэспубліка, забарона люстрацыі, а жанчынам браць шлюб можна з 17 гадоў
Базавы агітацыйны плакат выкананы па-беларуску. Слоган «Беларусь для людзей» шмат у чым адсылае да канцэпту Сяргея Ціханоўскага з ягонай «Краінай для жыцця».
Кандыдатка ў прэзідэнты — 2025 Ганна Канапацкая апублікавала сваю перадвыбарчую праграму.
Пераказваць дакумент папунктава няма вялікага сэнсу. Па-першае, ён — як і праграмы іншых палітыкаў — утрымлівае занадта шмат агульных момантаў кшталту расповедаў пра будучае павелічэнне дабрабыту. Па-другое, шанцы на перамогу Канапацкай складаюць 0,00%.
Таму звернем увагу на моманты, якія адрозніваюць Канапацкую ад Аляксандра Лукашэнкі і астатніх яго спарынг-партнёраў.
Па-першае, базавы агітацыйны плакат выкананы па-беларуску. Слоган «Беларусь для людзей» шмат у чым адсылае да канцэпту Сяргея Ціханоўскага пра «Краіну для жыцця».
Сітуацыя з палітычнымі эмігрантамі ў яе апісана адным агульным сказам: «Прадастаўленне ўмоваў для вяртання і забеспячэнне гарантыяў для сем’яў і асобаў, якія пакінулі краіну па эканамічных, палітычных ці іншых матывах».
Згадана і пра палітвязняў. Паколькі выкарыстоўваць такое слова ў цяперашняй Беларусі рызыкоўна, каманда Канапацкай абрала фармулёўку «асобы, прыцягнутыя да адказнасці за падзеі папярэдняга электаральнага цыклу». У адносінах да іх прапануецца «змягчэнне пакарання з максімальна магчымым прымяненнем амністыі і памілавання».
Канапацкая хацела б правесці рэферэндум і зрабіць краіну парламенцкай рэспублікай.
Кандыдатка выступае супраць забаронаў на прафесійную дзейнасць па палітычных матывах і супраць люстрацый, аднак яе пазіцыя не да канца зразумелая, бо яна ўдакладняе, што хоча забараніць толькі «пазасудовыя абмежаванні». То-бок калі б люстрацыю аформіць рашэннем суда, то Канапацкая падтрымала б яе?
Эканамічны блок адпавядае тэзісам рынкавай эканомікі: прыватызацыя, закрыццё неэфектыўных вытворчасцяў, прыватная ўласнасць на зямлю, амністыя капіталу.
Канапацкая прапануе павысіць прызыўны ўзрост да 20 гадоў, а ў цэлым паступова пераходзіць да кантрактнага войска.
Кандыдатка лічыць патрэбным замацаваць інстытут сурагатнага мацярынства, а жанчынам дазволіць браць шлюб з 17 гадоў.
Каментары