Зяленскі распавёў, як дамагаўся абароны ад падпісантаў Будапешцкага мемарандуму. «Ім было пох*ру на Украіну»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў інтэрв'ю амерыканскаму блогеру і падкастару Лексу Фрыдману, у якім успомніў першыя дні поўнамаштабнай вайны, Аляксанда Лукашэнку і падзяліўся сваімі думкамі аб шляхах дасягнення міру.
На пытанне аб перспектывах перамір'я з Расіяй Зяленскі прыгадаў гісторыю 2019 года, калі ён дамовіўся з Пуціным аб перамір'і на Данбасе, але Расія яго праз месяц парушыла.
«Яны пачалі нас забіваць дзесьці праз месяц. Я патэлефанаваў яму і сказаў, што мы ж дамовіліся аб ceasefire (поўнае спыненне агню. — Рэд). У нас жа ёсць — гэта ж не паперка ў прыбіральні, гэта сур'ёзная гісторыя быццам бы», — сказаў прэзідэнт Украіны.
На пытанне Фрыдмана аб тым, ці зможа Зяленскі сустрэцца ў студзені з Трампам і Пуціным утрох, каб падпісаць дамову аб міры з гарантыямі бяспекі, украінскі прэзідэнт сказаў, што спачатку хоча сустрэцца толькі з Трампам.
«Я думаю, 25 студзеня ці ў іншы дзень, мы садзімся найперш з Трампам. Мы дамаўляемся, як мы можам спыніць вайну і Пуціна. І мы з Трампам дамовімся. І калі ён прапануе моцныя гарантыі бяспекі, то пасля гэтага можа быць ужо размова з расіянамі. І толькі так, а не проста адразу селі ўтрох», — сказаў прэзідэнт Украіны.
«Як толькі Трамп пойдзе на спыненне агню без сур'ёзных гарантый бяспекі для Украіны, ён дасць пас Пуціну. Ён гэтага не хоча, але ён дасць пас магчымасці Пуціну», — сказаў украінскі прэзідэнт.
Гаворачы аб гарантыях бяспекі, Зяленскі нагадаў аб Будапешцкім мемарандуме, які быў закліканы абараняць краіну ў абмен на адмову ад ядзернай зброі.
«У Будапешцкім мемарандуме былі гарантыі бяспекі для Украіны. Спачатку тры галоўныя гаранты бяспекі для Украіны, тры стратэгічныя сябры і партнёры Украіны — ЗША, Расія, Вялікабрытанія. Францыя і Кітай далучыліся. Было пяць дзяржаў. Гэта цяпер мы разумеем, што гэта ніякія не гарантыі бяспекі», — сказаў Зяленскі.
Паводле яго слоў, пасля акупацыі часткі Данбаса і Крыма Украіна адпраўляла на працягу некалькіх гадоў лісты ўсім членам Будапешцкага мемарандума.
«Што напісана ў мемарандуме? Кансультацыі, Украіна праводзіць кансультацыі, калі парушана яе тэрытарыяльная цэласнасць. І ўсе павінны быць на кансультацыях, усе павінны прыехаць, павінны сустрэцца тэрмінова — Амерыка, Брытанія, Расія, Францыя, Кітай. Нехта прыехаў? Не. Хтосьці адказаў на гэтыя лісты афіцыйныя? Хтосьці кансультацыі правёў? Не. Чаму? Ды пах*ру. Гэта ж зразумела на рускай? Вось як на рускай было пах*ру, так і ўсім астатнім гарантам было пах*ру на гэтую краіну, на гэтых людзей, на гэтыя гарантыі бяспекі», — сказаў Зяленскі.
Ён адзначыў, што Украіне для спынення вайны патрэбны надзейныя гарантыі бяспекі не толькі на паперы.
Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»
Зяленскі распавёў, калі адбудуцца выбары ва Украіне
Зяленскі ў навагоднім звароце: Я ўпэўнены, прыйдзе дзень, калі мы скажам «Жыве Беларусь!»
FT спрагназавала заключэнне міру паміж Расіяй і Украінай у 2025 годзе
Каментары
А то тут чую, а тут не чую.