Аліеў зноў рэзка прайшоўся па Расіі за збіты самалёт: Мы патрабуем чалавечых паводзін
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў на сустрэчы з членамі сем'яў загінулага ў авіякатастрофе экіпажа і выжылымі бортправаднікамі самалёта «Азербайджанскіх авіяліній» заявіў, што віна за катастрофу ляжыць на прадстаўніках РФ і запатрабаваў, каб вінаватыя нарэшце былі пакараныя.
«Магу з упэўненасцю сказаць, што віна за тое, што азербайджанскія грамадзяне загінулі ў гэтай катастрофе, ляжыць на прадстаўніках Расійскай Федэрацыі. І мы патрабуем справядлівасці, мы патрабуем пакарання вінаватых, мы патрабуем поўнай празрыстасці і чалавечых паводзінаў», — цытуе Аліева інфармагенцтва Azertag.
Паводле слоў Аліева, зараз ідзе працэс расшыфроўкі чорных скрынь.
«Упэўнены, што ў бліжэйшы час мы даведаемся папярэдні вынік, і ўсё стане на свае месцы, уся карціна трагедыі будзе вядомая. І гэта, зразумела, будзе важным момантам у справе поўнага расследавання гэтай трагедыі і пакарання вінаватых у ёй», — сказаў Аліеў.
Ён дадаў, што «чорныя скрыні» расшыфроўваюцца ў Бразіліі (краіне-вытворцы Embraer) па патрабаванні Азербайджана. Аліеў распавёў, што адмовіўся адпраўляць самапісцы ў Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК), бо сумняваецца ў аб'ектыўнасці гэтай структуры.
«Спробы дзяржаўных структур Расіі замяць гэты інцыдэнт і настойваць на абсурдных версіях выклікаюць у нас і здзіўленне, і шкадаванне, і справядлівае абурэнне», — сказаў Аліеў.
Паводле яго слоў, план «Дыван» (які забараняе палёты) над Грозным быў абвешчаны пасля таго, як самалёт быў абстраляны з зямлі.
Самалёт Azerbaijan Airlines, які выконваў рэйс Баку-Грозны, пацярпеў крушэнне ў казахстанскім Актау 25 снежня — 29 чалавек выжылі, 38 загінулі.
Уладзімір Пуцін праз некалькі дзён папрасіў прабачэння перад Аліевым у тэлефоннай размове, але прэзідэнт Азербайджана патрабуе публічнага прызнання віны, кампенсацыі і пакарання вінаватых.
Каментары