Гнілі ў акопах — пойдзем у зямлянкі?
Чарговую вайну з Расіяй Лукашэнка трымае ў беспрэцэдэнтна нявыгадных ўмовах. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.
На першы погляд — цалкам дэжавю. Розніца, аднак, у тым, што чарговую вайну з Расіяй Лукашэнка трымае ў беспрэцэдэнтна нявыгадных ўмовах.
Летась таксама ў чэрвені грымнула малочная вайна, цяпер вось — здаецца, пятая газавая. Тады Лукашэнка падвесіў дамову аб КСАР, цяпер — Мытны звяз. Але ступень рызыкі для беларускага кіраўніцтва зараз непараўнальна большая.
Калі Масква стане мачыць па поўнай праграме, то плакалі сакральныя 500 долараў пад выбары. Ды і сам
сюжэт выбарчай кампаніі ў такім разе абяцае нязменнаму прэзідэнту багата непрыемных сюрпрызаў з кляймом Made in Russia.
Але ж і капітуляваць зараз, умомант сплаціць запазычанасць ды пайсці ў той Мытны звяз на ўмовах Расіі — гэта, асабліва пасля гучных заяў, што ніхто нас не нахіліць, азначала б для Лукашэнкі поўную страту аблічча.
Між тым 4–5 ліпеня ў Астане — новы дэдлайн. Масква разлічвае, што там на саміце ЕўрАзЭС, сумешчаным са святкаваннем 70-годдзя Назарбаева, наравісты беларускі партнёр уздыме рукі, пагодзіцца на мытную тройку.
Відавочна, што Лукашэнка пераацаніў магчымасць згуляць на зацікаўленасці Масквы ў гладкім старце Мытнага звязу. Канечне, зацікаўленасць вялікая, аднак
Расія трымаецца прынцыпу: куды ён дзенецца з падводнай лодкі!
Сапраўды, вось і дзеячы з Кіева падклалі свінню, адрапартаваўшы Маскве, што гатовы пампаваць газ у Еўропу ў абыход сінявокай рэспублікі. Замуравалі, дэманы!
Еўропа ж рэагуе вяла. Свая кашуля бліжэйшая да цела. Шанец зблізіцца за кошт «Усходняга партнёрства» бяздарна змарнаваны як Мінскам, так і Бруселем. Дачыненні са Штатамі таксама застаюцца на пункце замярзання. Вось і крычы зараз, як той пастушок: ваўкі! ваўкі!
Эксперты схіляюцца да думкі, што Крэмль наўрад ці пачне гэтым разам паўнамаштабную аперацыю па замяшчэнні ўлады. Няма ні належных вагароў, ні надзейнай замены. Але за пралангацыю расійскае кіраўніцтва пастараецца выціснуць па максімуме. Колькі будзе каштаваць Беларусі чацверты тэрмін Лукашэнкі — застаецца толькі гадаць.
Прычым
плата акажацца суровай у любым разе: ці ў сэнсе здачы, ці ў сэнсе запозненай дыверсіфікацыі ды змушанай эканамічнай ломкі. З рыторыкі айчыннага начальства вынікае поўная беспрасветнасць: гнілі ў акопах — пойдзем у зямлянкі.
Каментары