За час, які прайшоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Беларусь увяла ў гаспадарчы абарот 16,35 тыс. кв. км земляў з першапачаткова забруджаных радыяцыяй 46,45 тыс. кв. кіламетраў.
Ці можна ўжываць прадукцыю, вырабленую на гэтай тэрыторыі?
Як заявіў на прэс-канферэнцыі першы намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі Анатоль Загорскі, у 1986 годзе нашая краіна вывела з гаспадарчага абароту 46,45 тыс. кв. км забруджаных радыяцыяй земляў. За мінулыя пяць гадоў у працэсе натуральнага паўраспаду радыенуклідаў забруджаная тэрыторыя краіны паменшылася ў 1,6 разу — да 30,1 тыс. кв. км земляў.
«У цяперашні час радыяцыйная абстаноўка на забруджаных тэрыторыях вызначаецца дзвюма асноўнымі радыенуклідамі — цэзіем-137 і стронцыем-90, — растлумачыў А. Загорскі. — На тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка знаходзяцца плутоніевы шэраг, а таксама элементы, утвораныя ад яго распаду».
Па словах Анатоля Загорскага, гаворка ідзе не пра тое, што Беларусь памяняла палітыку ў галіне ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і масавым парадкам вырашыла вярнуць у абарот страчаныя землі. «Гаворка ідзе цалкам пра іншае», — заявіў А. Загорскі. Сацыяльна-эканамічная рэабілітацыя некалі забруджаных раёнаў, на якіх цяпер можна пражываць людзям, з’яўляецца асноўнай часткай праграмы ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Паводле сцверджання А. Загорскага, прадукцыя, якая вырабляецца на вернутых у абарот землях, падвяргаецца значна больш сур’ёзнаму кантролю, чым прадукцыя з іншых рэгіёнаў Беларусі. Як заявіў намеснік начальніка дэпартамента, калі браць для прыкладу мяса і малако, вырабленае на гэтых тэрыторыях, то да яго можна сёння ўжываць у два разы больш жорсткія нарматывы, чым існуюць па рэспубліцы, і яно ўсё роўна будзе ім адпавядаць.
«Задача па бяспецы прадукцыі, вырабленай на некалі забруджаных тэрыторыях выкананая з гонарам. Гэта зроблена ў тым ліку дзякуючы ахоўным мерам, якія маюць выразны характар. Таму мы і бачым гэты эфект. Калі ў 1996 годзе дзяржава ледзь-ледзь паменшыла гэтыя ахоўныя меры, то мы адразу ж атрымалі ўсплёск забруджанай прадукцыі. І сёння галоўная задача, якая стаіць у дзяржаўнай праграме па пераадоленні наступстваў ЧАЭС, — гэта каб той узровень абароны, які дасягнуты па вытворчасці прадукцыі на забруджанай тэрыторыі, быў вытрыманы яшчэ доўгі час», — сказаў А. Загорскі.
Па дадзеных Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі, калі ў 1986 — 1987 гадах у краіне была зафіксаваная вытворчасць каля 340 тысяч тон збожжа з перавышэннем дапушчальных нарматываў утрымання цэзію-137, а бульбы — да 89,5 тысячы тон, то з 2008 гада такіх фактаў наогул выяўлена не было, і ўся гэтая прадукцыя адпавядае ўсталяваным мерам радыелагічнай бяспекі.
Аналагічная сітуацыя і з малаком. Калі ў 1986 — 1987 гадах у рэспубліцы выраблялася 524,6 тысячы тон малака з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню ўтрымання цэзію-137, то сёння ў год у Гомельскай вобласці вырабляецца не больш за 90 тон малака з утрыманнем цэзію-137 ад 100 да 370 Бк/л, то бок звыш дапушчальнай нормы.
Каментары