На Белсаце выйшла новае ток-шоу «Рапарт». Першыя героі — Карач, Статкевіч і Ленін
Аўтарам і вядучым шоу з’яўляецца журналіст Эдуард Мельнікаў, вядомы па праграме «Форум».
Абяцаецца, што ў «Рапарце» нас чакае новы мастацкі ўзровень: з большай колькасцю герояў і відэаматэрыялаў. У цэлым жа фармат перадачы будзе звыклым: студыйная частка, дзе героі разам з вядучым стаяць і абмяркоўваюць зададзеную тэму, плюс ілюстрацыйныя матэрыялы: відэаінтэрв’ю, апытанкі на вуліцах, архіўныя кадры і іншае.
Першы выпуск «Рапарта» выйшаў у эфір 14 кастрычніка. У ім эксперты, сярод якіх былі маскоўскі палітолаг Дзмітрый Балкунец, эксперт «Belarus security blog» Андрэй Паротнікаў ды палітыкі Мікалай Статкевіч і Вольга Карач, абмяркоўвалі вайсковыя вучэнні «Захад-2017».
У бліжэйшых выпусках нас чакае абмеркаванне эміграцыі моладзі за мяжу і падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Падчас эфіру пра рэвалюцыю ў студыі будзе знаходзіцца «жывы» Ленін.
«Нам вельмі хочацца, каб наш глядач не толькі штосьці даведаўся, але і адчуў напругу рэальных падзей», — такія мэты ставіць перад сабой вядучы Эдуард Мельнікаў.
Выходзіць новая праграма будзе два разы на месяц.
Каментары