Меркаванні119119

«Петрышэнка пень. Севярынец ідзе на горку. А пра масонства нічога не скажу». Вялікая гутарка з Шушкевічам перад яго 85-годдзем

15 снежня Станіславу Шушкевічу спаўняцца 85 гадоў. Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі распавёў «Нашай Ніве», што думае пра жыццё з вышыні сваіх гадоў, як будзе святкаваць круглую дату, чаго баіцца і як каго цяпер ацэньвае.

«Наша Ніва»: Ці будзеце адзначаць 85-годдзе?

Станіслаў Шушкевіч: Святкаваць юбілей не буду. Я хацеў адзначыць масава сваё 80-годдзе, сябры мяне падтрымалі, я нават разаслаў запрашэнні… але здарыліся праблемы са здароўем. І я трапіў замест святочнага стала ў рэанімацыю.

А калі мне спаўнялася 75 гадоў, я збег у ЗША чытаць лекцыі. У свой юбілей я быў у Атланце. І на наступны дзень паехаў з жонкай у вельмі добры рэстаран — тады я добра зарабляў. І раптам мне тэлефануюць, бачу — памочнік Ягора Гайдара. О, думаю, хочуць павіншаваць мяне з юбілеем. Абрадаваўся. Падымаю, а памочнік мне паведамляе, што Гайдар памёр. А я яго вельмі паважаў…

І вось штосьці ў мяне цяпер кепскія асацыяцыі з усімі гэтымі святкаваннямі… Таму цяпер я знікну. З 14 да 17 снежня мяне ніхто не знойдзе. Адключу тэлефон, не буду адказваць на паведамленні. Мы з жонкай паедзем у патаемнае месца і адзначым мой дзень народзінаў толькі ўдваіх.

«НН»: Будзеце ў Беларусі ці паедзеце за мяжу?

СШ: Гэта ўжо сакрэт!

«НН»: Вып’еце трохі ці дактары забаранілі?

СШ: Ды не толькі дактары забаранілі — я і сам ужо адчуваю, што на карысць мне гэта не ідзе. Прынамсі пакуль што. Ну але ж днямі быў прыём у шведаў, трохі сухога віна я выпіў.

Паважаю каньяк. Але раней у маладосці, калі быў хоць які каньяк — то было добра. Пілі тое, што было.

А сёння ўсё стаіць. Адчыніце дзверку ў шафе, паглядзіце.

І гэта толькі паверхня айсберга. І звярніце ўвагу на драўляны куфар там, злева. Наўрад ці ў каго яшчэ вы знойдзеце такую бутэльку — гэта французскі каньяк 50-гадовай вытрымкі!

А найсмачнейшы каньяк, які я піў у жыцці, я каштаваў у швейцарскім Давосе. Там кампанія «Метакса» рабіла прыём, дзе частавалі каньяком 85-гадовай вытрымкі. Ён мне вельмі спадабаўся.

Бутэлька «Стась Ядроны» — гэта падарунак на 70-годдзе

«НН»: А што за падарункі вы атрымліваеце звычайна?

СШ: З сябрамі ў нас заўсёды было «па-савецку»: я прыходзіў да іх з бутэлькай на дні народзінаў, і яны да мяне з бутэлькай.

А на пасадзе першага намесніка старшыні Вярхоўнага Савета мне неяк ізраільская дэлегацыя прынесла штосьці дарагое. Я прымаць не стаў, адказаў: «Прабачце, падарункі, даражэйшыя за кошт гальштука, я не бяру». Пасля гэтага мне на розных сустрэчах падарылі з паўсотні гальштукаў. Цяпер жонка падвязвае памідоры на лецішчы многімі з тых гальштукаў, якія ўжо знасіліся.

Ніколі дарагіх падарункаў я не прымаў і не дарыў. Заўсёды штосьці сімвалічнае.

З жонкай у нас таксама ўсё даволі проста ў плане падарункаў. Часам яна выбірае штосьці прыгожае і проста паведамляе мне: «Я гэта сабе куплю, лічы, што гэта твой падарунак мне на Дзень нараджэння».

«НН»: А ў вас якая схема размеркавання грошай у сям’і? Беларуская класічная, калі муж зарабляе грошы і аддае іх жонцы?

СШ: Пераважна аддаю жонцы ўсё. Але праблемы размеркавання грошай у нас не ўзнікала за ўсе 43 гады сумеснага жыцця. Вось, напрыклад, у століку ляжаць грошы, і беларускія, і розных краін. Калі жонцы трэба, яна падыходзіць, бярэ.

«НН»: Вяртаючыся да падарункаў: а які быў самы запамінальны? Можа, штосьці вельмі хацелі атрымаць у дзяцінстве?

СШ: У дзяцінстве ў мяне і не было асаблівых такіх жаданняў, я разумеў, што мы не вельмі багата жылі. Але я памятаю гісторыю, якая адбылася ў 1941 ці 1942 годзе. Тады мая мама трапіла ў фашысцкі лагер — яе неяк незразумела чаму забралі, пасля, на шчасце, адпусцілі. Але ж тады маці з намі не было, я і сястра засталіся з бабкай. Гэта была зіма, і быў якраз ці то мой дзень нараджэння, ці то Раство… І бабка купіла дзве булачкі такія, з чорнага хлеба. І мы з сястрой сядзелі на печы, бо было холадна, елі тыя булачкі… І гэта быў самы добры падарунак, які я меў. Самы запамінальны.

А сёння, дарэчы, я часам сам сабе раблю падарункі — прашу жонку ці сына набыць мне нейкую кнігу. І звычайна гэта кніга каштуе дорага. Апошнюю вось, што набывалі, «Чорную кнігу камунізму». Я з адным з аўтарам, Нікаля Вертам, сустракаўся нават у рэзідэнцыі французскага пасла.

«НН»: А што яшчэ чытаеце?

СШ: Сам па сабе я не сачу ані за беларускай літаратурай, ані за рускай. Бывае, хтосьці пакажа штосьці цікавае, тады хочацца набыць новую кнігу. А так я вельмі шмат часу праводжу ў інтэрнэце, чытаючы навіны. Блогераў на Ютубе, праўда, не гляджу.

***

«НН»: Тады давайце пра галоўныя навіны апошняга часу трохі пагаворым. Дзе трэба было хаваць Каліноўскага, усё ж у Вільні?

СШ: Я ездзіў на пахаванне Каліноўскага самастойна, хоць і мог дамовіцца праз кіраўніцтва Літвы. І я скажу так: яго павесілі ў Вільні, і тое, што пахавалі таксама там, — гэта правільна. Я б увогуле не ўдзельнічаў у гэтых спрэчках, дзе яго хаваць. Тым больш у Вільні ўсё зрабілі прыстойна, у нас немагчыма было б годна ўсё арганізаваць. Бо калі ў сваім выступе прадстаўнік беларускай дэлегацыі Петрышэнка сказаў, што нельга выкарыстоўваць Каліноўскага ў палітычных мэтах… То той Петрышэнка ці то дурань, ці то пень, ці то падлюка. Не ведаю, як яго назваць. Бо ў якіх іншых мэтах тады Каліноўскага выкарыстоўваць?! Ты пачытай, што ён пісаў у лістах, у «Мужыцкай праўдзе»! Але ж адправілі чалавека [Петрышэнку], які не ведае, хто такі Каліноўскі. І гэта наша бяда, што невукі і хамы на высокіх пасадах.

«НН»: Яшчэ адна навіна, якая сёння абмяркоўваецца, гэта інтэграцыя з Расіяй, узгадненне «дарожных карт» і гэтак далей. Вы лічыце, што ёсць сапраўдная пагроза страты суверэнітэту?

СШ: Пагроза ёсць. Бо мэта ўладаў Расіі — адраджэнне імперыі.

Я быў у Швецыі, там намеснік міністра замежных спраў спытаў у мяне: вы ведаеце, дзякуючы каму мы 150 гадоў уваходзім у першую дзясятку краін з найвышэйшым узроўнем жыцця?

А мы стаялі каля помніка Карлу ХІІ. Я і кажу, маўляў, Карл ХІІ?

Не, адказвае швед, дзякуючы Пятру І. Ён разбіў нас пад Палтавай, і з таго часу мы перасталі клапаціцца пра тое, каб стаць імперыяй, а пачалі клапаціцца пра сваіх людзей.

Дык вось, я думаю, што Расія яшчэ не дарасла да такога падыходу. І кіраўніцтва Расіі ўсё яшчэ клапоціцца, як бы стаць імперыяй. І Пуцін лічыць, што амаль любая зямля, дзе стаяў бот расійскага салдата, павінна быць часткай гэтай імперыі. І ён хоча, каб мы зноў сталі калоніяй.

Лукашэнка ж, я думаю, калі будзе выбіраць паміж стратай улады і стратай незалежнасці, лепш будзе нейкім намеснікам, каб толькі захаваць уладу.

Акрамя таго, звярніце ўвагу, і большасць нашых апазіцыянераў адаптавалася да тых умоў, у якіх знаходзяцца. І апазіцыя не аб’ядноўваецца. Ведаеце чаму? Па вельмі простай прычыне: яны атрымліваюць нейкую мізэрную падтрымку і баяцца, што калі аб’яднаюцца, то гэта знікне, іх перастануць запрашаць за мяжу і гэтак далей. І ўсе разбітыя на асобныя групоўкі. Калі Статкевіч выйшаў з турмы, то, здавалася, ён мог бы стаць сцягам, пад якім усе аб’яднаюцца, але гэтага не адбылося.

І галоўная памылка шмат якіх апазіцынераў, напрыклад, таго ж БНФ: цудоўныя людзі, патрыёты, якія пастаянна паглыбляюць сваю беларускасць, знаходзяць станоўчыя моманты нашай гісторыі… Але ж яны не пашыраюць беларускасць — часам і думкі ў іх такой няма. Я казаў: у нас народу беларускага вельмі мала, у нас пераважна насельніцтва. Дык рабіце, каб насельніцтва стала народам! А гэтым ніхто не займаецца.

«НН»: Вы прыгадалі Статкевіча: а што за гісторыя, пра якую вы казалі ў нейкім старым інтэрв’ю, нібыта Статкевіч ударыў нейкага публіцыста?

СШ: Гэта ж вядомая гісторыя. Было на прыёме, здаецца ў Доме мастацтваў. Статкевіч даў аплявуху Азаронку.

Азаронак надрукаваў артыкул «Кукушонок» пра Статкевіча. І за гэта Статкевіч яму даў аплявуху.

Я люблю Азаронка і яго артыкулы, але тут ён, відавочна, памыліўся. І Статкевіч пакрыўдзіўся.

«НН»: І што, чым скончылася? Азаронак выбачыўся? Ці была бойка?

СШ: Як Азаронак адрэагаваў, я не ведаю. Але бойкай не скончылася — гэта была сімвалічная аплявуха.

«НН»: А хто вам сімпатычны з апазіцыянераў? Хто мог бы стаць добрым прэзідэнтам, напрыклад?

СШ: Такія людзі ёсць і з тых, хто вядомы, і з тых, хто не вельмі… Ну, з тых, хто «ідзе на горку», я б назваў таго ж Севярынца. У яго зашмат клерыкалізму, але ён падышоў бы. І маладзейшыя ёсць людзі таксама, але не хачу называць, бо баюся, што гэта ім можа пашкодзіць.

«НН»: Ці ёсць хтосьці сімпатычны з чыноўнікаў?

СШ: Румас, каб ён быў менш паслухмяны. Чытаю яго інтэрв’ю, бачу нармальнага і разумнага чалавека. Але ён вымушаны слухацца, працаваць не па законе, а па загадзе. Гэта савецкая сістэма, там адно правіла: «Я начальнік, ты — дурань». Вось і ўся паліталогія.

«НН»: Макей?

СШ: Нічога супраць яго не маю. Тое, што ён спецслужбіст, кепска, а так ён адпавядае крытэрыям, якім адпавядае нармальны прэзідэнт. Ну, але ж і ў спецслужбах дурняў няма. І ўтрымлівацца доўга на пасадзе міністра і пры гэтым лагічна сябе паводзіць можа толькі разумны чалавек.

***

«НН»: Пра вас даўно ходзяць чуткі, што вы член масонскай ложы…

СШ: Я не буду адказваць ані адмоўна, ані станоўча. Любы адказ тут будзе супраць мяне.

«НН»: Чаму? Той жа Дубавец расказвае паўсюль пра сваё масонства.

СШ: Вось у Дубаўца тады і пытайцеся. А ў мяне, калі ласка, не трэба.

***

«НН»: Вы асабліва не расказвалі пра першы шлюб. Можа прыгадаеце цяпер? Як звалі жонку?

СШ: Ала. Я адбіў яе ў мужа.

Яна была хімікам, вельмі добрым хімікам, працавала ў дзяржаўным універсітэце. Я быў шалёна закаханы. Яна адказвала, што замужам, я казаў: «А мне начхаць на твайго мужа! Кідай яго!»

Яе муж быў дзеячам мастацтва, я казаў пра гэта ёй: «З кім ты блытаешся?»

Але ж і мы разышліся. Мірна разышліся, вырашылі, што паважаць адно аднаго лепей, чым у адной сям’і жыць і па-рознаму разумець тое-сёе.

Пасля яна з’ехала на Далёкі Усход. Наша дачка засталася ў Мінску, жыла ў бабулі, у маёй цешчы. Займалася музыкай, адвучылася ў кансерваторыі. Выкладала ў Інстытуце культуры, сёння ўжо на пенсіі.

У нас былі добрыя стасункі з дачкой. І сёння яны добрыя.

«НН»: Ала яшчэ жывая?

СШ: Не, на жаль. Нядаўна памерла. Цяжкая гісторыя. Яна зарабіла вялікую расійскую пенсію, купіла ў Беларусі домік, думала, будзе ціха жыць, кветкі вырошчваць… Але запусціла захворванне, і яе не змаглі выратаваць.

Я не быў на пахаванні — праблемы са здароўем.

***

«НН»: А чым зачапіла Ірына, сённяшняя жонка? Вы звярнулі ўвагу на яе, калі яна яшчэ была студэнткай?

СШ: Так. Я ж быў ужо вольны чалавек.

«НН»: А як адрэагавалі на такога жаніха бацькі Ірыны? Вы ж былі старэйшым нашмат за яе?

СШ: У нас розніца 19 гадоў. Але з яе бацькамі былі вельмі добрыя зносіны. Шалёна добрыя! Ды і я тады быў спрытны такі (смяецца).

Дарэчы, мама Ірыны памерла толькі тры гады таму, ва ўзросце 104 гадоў.

«НН»: А як заляцаліся да будучай жонкі?

СШ: Па рэстаранах не вадзіў, кветкі асабліва не дарыў, хоць Ірына шалёна любіць кветкі. Хутчэй, выкарыстоўваў свае фатаграфічныя здольнасці. Здымаў яе, на фатаграфіях часам атрымлівалася прыгажэйшая, чым у жыцці!

Я фатаграфую з 1946 года. Тады ў мяне быў фотаапарат «Камсамолец». У мяне нават захавалася пару здымкаў, напрыклад, дзе я малы з сябрамі. На жаль, сябры ўжо памерлі…

Увогуле, вакол застаецца няшмат людзей. Тры гады таму я сустракаўся з аднакласнікамі, сфатаграфаўся. Цяпер здымак стаіць застаўкай на маімі камп’ютары. А сёння з тых, хто на фота, жывы толькі я і яшчэ адзін чалавек, барадаты мой сябар Барыс Цынман.

Ён цяпер жыве ў Чыкага, хоць і не вельмі добра ведае англійскую мову.

***

«НН»: Чым сёння займаецца ваш сын?

СШ: Лепей і не пытайцеся.

«НН»: Чаму?

СШ: Ён займаецца бізнэсам. Каб ён быў фізік ці журналіст, то я б мог хоць нейкую параду яму даць. А так… Ён займаецца тым, у чым я не маю досведу. І яго поспехаў у гэтай справе я не бачу — і гэта цяжкае пытанне для нас з жонкай. Бо ёсць людзі, якія мяне ненавідзяць. І яны ўплывовыя. І гэта адбіваецца на сыне.

«НН»: Вы думаеце…

СШ: Я не думаю, я ведаю. Прыстойнасці ў некаторых добра вядомых людзей няма.

***

«НН»: Вы апошнім часам амаль штогод бываеце ў Мексіцы. Кажуць, бо падпісалі нейкі ліст для Кастра?

СШ: Напэўна, бо іншых прычын я не бачу. Запрашэнні ў Мексіку пачаліся пасля таго, як я падпісаў ліст, каб вызвалілі палітычных зняволеных. І, дарэчы, дваіх з траіх адпусцілі! Пра трэцяга сказалі, што ён не захацеў вызваляцца, бо нібыта прывык гуляць з Кастра ў шахматы. Але гэта, напэўна, такі лацінаамерыканскі гумар.

А ў Мексіку мяне запрашае мой былы вучань. Ён палітолаг, саветолаг. Запрашае апошнія тры гады.

І сёлета мы паляцім зноў. Новы год будзем з жонкай сустракаць у Мексіцы.

Гэтая паездка каштуе 20 тысяч даляраў, на маю думку. Але мы нічога не плацім.

«НН»: Дарэчы, а колькі вы зарабляеце за лекцыі?

СШ: Па-рознаму. Вельмі па-рознаму. Калі лячу за мяжу, то мне забяспечваюць прылёт туды і назад, а за лекцыю, як правіла плацяць 500 даляраў. Гэта калі я выступаю ва ўніверсітэце як прафесар.

Але бывала і нашмат больш. Калі я меў турнэ па Японіі, то выступаў у сямі гарадах. Тады гэта арганізоўваў менеджар, і за адзін выступ мне плацілі амаль 5 тысяч даляраў! Я вярнуўся ў Беларусь, купіў жонцы машыну і сабе машыну.

Пасля планаваліся яшчэ выступы ў Паўночнай Японіі — але менеджар змяніўся і нічога не атрымалася.

Таму гэта часам як шоу-бізнэс.

***

«НН»: Нейкія вынікі перад Днём нараджэння падсумоўваеце?

СШ: Не. Дзякуй Богу пражыў яшчэ год.

«НН»: Прабачце за такое пытанне — але ці баіцеся смерці?

СШ: Вы ведаеце, не. Я наогул лічыў, што галоўнае мне — дажыць да 2000 года. Было цікава паглядзець, ці не зменіцца што ў свеце. Гэтую задачу я выканаў — праўда, нічога не змянілася. А далей ужо што Бог дасць, тое і будзе.

«НН»: А чаго баіцеся ўвогуле?

СШ: Баюся? Страшнавата трохі, калі не можаш сябе паводзіць як нармальны чалавек. Лямпачку, напрыклад, я не магу самастойна замяніць. І гэта даводзіць да шаленства.

«НН»: Ці верыце ў жыццё пасля смерці?

СШ: Часам мне здаецца, што там штосьці ёсць, а часам, што не можа нічога быць… Бо здаецца, што функцыі Бога іншыя. Я фізік па адукацыі, і меркаваць, што развіццё чалавецтва было спантанным, ну проста немагчыма. Бо часам некаторыя рэчы… Яны не маглі самі сфарміравацца, гэта была нейкая больш высокая сіла.

Я вернік, каталік. Але не бываю ў касцёле адмыслова, у мяне своеасаблівая вера. Аднойчы я быў запрошаны кардыналам з Гданьска на вячэру, разам з Лехам Валенсам. Калі яны жагналіся, то і я таксама. Але сам па сабе ў храмах бываю рэдка.

Мяне навучыла верыць у Бога бабка. Яна была вельмі сумленны і прыстойны чалавек і вельмі хацела зрабіць з мяне прыстойнага каталіка. Дзякуючы ёй я нават вывучыў польскую мову: яна ж малілася на польскай. І бабка мне казала: вывучыш гэтую літанію, я дам табе 50 капеек у кіно схадзіць. І часам я думаў, што бабка памыляецца, бо па некалькі разоў адную і тую ж літанію дае, але ж яна такім чынам хацела, каб я добра запомніў. І я запомніў.

Аднойчы, калі выкладаў у Ягелонскім універсітэце, адзін з такіх паганых выкладчыкаў мне сказаў: «Польская мова ў вас нядрэнная, але кожны паляк катэгарычна ад вас адрозніваецца, бо ведае малітвы. А ў вас жа камуністычнае выхаванне». А я яму так прашпарыў тыя малітвы, што ён ад здзіўлення ледзь прытомнасць не страціў. Я іх памятаю і па сёння. Бабка навучыла! 

Каментары119

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

Хлопцу, якога ў СІЗА збіў сын Кадырава, далі велізарны тэрмін за дзяржздраду5

Парашэнка расказаў, як Лукашэнка заклікаў яго выкарыстоўваць ягоны выбарчы досвед10

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў5

«Новая эра супрацоўніцтва». У Ісламабадзе да візіту Лукашэнкі з'явіліся білборды на беларускай мове ФОТАФАКТ3

Эксперыментальная разметка з'явілася на дарогах Гомельскай вобласці1

МУС Германіі: Няма прыкмет таго, што крушэнне самалёта DHL у Вільні звязана з самаўзгараннем пасылак

38 шахедаў зайшлі ў Беларусь за суткі — гэта абсалютны рэкорд1

Украінцы ўдарылі ракетамі ATACMS па C-400 у Курскай вобласці — загінулі пяць расійскіх афіцэраў7

Дзе знаходзіцца дом, які прадалі даражэй за ўсё ў кастрычніку1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →