Не ўсё тое, што модна, прыдатнае для жыцця. Але прадстаўнікі сферы прыгажосці працягваюць эксперыментаваць і здзіўляць, бо, што казаць, праца ў іх такая.
Раней мы пісалі пра такія цікавыя трэнды як штучныя рабацінкі, макіяж у выглядзе інтэрнэт-мемаў ды купальнікі для твару. Прапануем разам азнаёміцца з новымі фантазіямі візажыстаў і дызайнераў. Як мінімум, гэта вучыць не баяцца самавыяўляцца.
Бровы-пер’е ўжо састарэлі. Цяпер модна рабіць іх падобнымі на хвалі, косы ды маланкі. Асобным эксперыментатарам можна паспрабаваць не проста замалёўваць іх, а выгольваць — пачатак 2000-х, калі так хадзілі ўсе самыя прасунутыя хлопцы з двара, вярнуўся.
Сэлфі заклікаюць рабіць не толькі на тэлефоны, але і на пазногцях. Паспрабуйце даць такую задачку вашаму майстру — заадно праверыце, наколькі ён прафесіянал сваёй справы.
Для тых, каму падабаецца эстэтыка мёртвай прыроды, ёсць іншы варыянт: пазногці з парэшткамі паўзуноў. Матылі гэта будуць ці павукі — абірайце самі.
Самыя прасунутыя ўмудраюцца змясціць на сваіх пазногцях яшчэ і спінер — безумоўна, самую папулярную цацку гэтага года.
Можаце забыць пра стандартныя стрэлкі на вачах, бо ў трэндзе макіяж наадварот. Ламайце сістэму!
Проста градыентным фарбаваннем валасоў цяпер нікога не здзівіш. Калі і брацца за галаву, то ствараць з яе вось такія арт-аб'екты.
І крыху пра навіны ў сферы лёгкай прамысловасці. Некаторыя мужчыны абураюцца, што ім нельга мець у гардэробе сукенкі ці спадніцы і ўвогуле выбар адзення ў іх досыць абмежаваны. Відаць, з клопатам пра такую катэгорыю і стварылі карункавыя мужчынскія шорты. Праўда, давядзецца патрымаць іх у шафе да вясны ці дачакацца, калі ўключаць ацяпленне.
А гэта новая трансфармацыя звычайнай сумкі. Для тых, каму надакучыла насіць груз на плячы і нават прыелася ганяць з ім на поясе. Але наколькі зручна шукаць у такой торбе рэчы — пытанне.
Каментары