Наста Палажанка: «Хачу сказаць для тых, хто не бачыць сэнсу ў нашай галадоўцы — ніякага пафасу і самапіяру тут няма».
Сёння дзесяты дзень галадоўкі салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, якую праводзяць сябры «Маладога фронту»,а таксама некаторых іншых арганізацый. Паводле прэс‑сакратара «МФ» Таццяны Шапуцькі, у галадоўцы на сённяшні дзень прымаюць удзел 30 чалавек. Двое — Андрусь Цянюта і Глеб Сноркін — праз стан здароўя былі вымушаныя спыніць акцыю салідарнасці.
Намесніца старшыні «МФ» Наста Палажанка кажа: «Хачу сказаць для тых, хто не бачыць сэнсу ў нашай галадоўцы —
ніякага пафасу і самапіяру тут няма.Мы падтрымліваем чалавека, які памірае за кратамі. Сваёй акцыяй мы хочам заклікаць да агульнанацыянальнай салідарнасці з тымі, хто церпіць за праўду. Данесці да міжнароднай супольнасці праблему палітычных рэпрэсій, якая па‑ранейшаму актуальна».
Сталыя палітыкі, як Аляксандр Казулін, Лявон Баршчэўскі, Мікола Статкевіч галадоўку пакуль што спынілі. «Разам з тым, Аляксандр Казулін абяцаў у 20‑ых днях траўня прабыць некалькі дзён з галадоўнікамі», — кажа Т.Шапуцька.
Наста Палажанка гаворыць, да іх на Ўправу БНФ прыходзіць вельмі шмат наведвальнікаў. «Таму ў асноўным размаўляем з людзьмі, ці чытаем кнігі. Біблію, вось Уладзімір Арлоў свае кнігі прынёс». Прыходзіў Зміцер Вайцюшкевіч, які праспяваў некалькі песень.
Спыняць акцыю салідарнасці «маладафронтаўцы» пакуль не збіраюцца.
Каментары