Пракурор Глыбокага адмаўляе версію, што ў лёхах спачываюць расстраляныя.
Фотакарэспандэнтка НН Юлія Дарашкевіч спусцілася ў скляпенні глыбоцкай царквы, дзе некалькі днямі раней былі знойдзены чалавечыя парэшткі.
З чацвярга ў царкве працавала сумесная следчая група з абласной віцебскай і Генеральнай пракуратураў Беларусі. Таму ні ў царкву, ні, тым больш, у сутарэнні царквы, нікога не пускалі.
Па заканчэнні працоўнага дня некалькі чалавек усё-ткі здолелі патрапіць уніз. Але на тое месца, дзе знайшлі на пачатку тыдня чалавечыя парэшткі, журналістаў не пусцілі. Затое паказалі ўсё астатняе — агромныя сутарэнні, дзе багата іншых пахаванняў розных часоў. Яны знаходзяцца як пад нагамі, так і ў нішах сценаў.
Першапачаткова гэта быў кармеліцкі касцёл. За савецкім часам у ім месціўся кансервны завод. Верагодна, што частка пахаванняў была адкрыта менавіта тады. Пахадзілі па сутарэннях і чорныя капачы — то там, то тут знаходзім адкрытыя магілы, у якіх чарапы і косткі.
Пракурор Глыбокага Анатоль Сеўрукоў у інтэрв’ю агенцтву «Інтэрфакс» выказаў меркаванне, што няма падстаў меркаваць, што людзі, парэшткі якіх знойдзеныя ў сутарэннях царквы ў Глыбокім, былі расстраляныя.Пахаванне ўвогуле можа адносіцца да часоў будаўніцтва храма, мяркуе ён.
Пракурорскія работнікі сцвярджаюць, што ні гільзаў, ні прыкметаў гвалтоўнай смерці пакуль не знойдзена.
Мясцовыя ж актывісты мяркуюць, што знойдзенае днямі пахаванне можа датавацца 1939 годам, а ляжаць у магіле ахвяры масавых растрэлаў. Яны нагадваюць пра знойдзены пачак ад цыгарэтаў з польскімі надпісамі, польскі пашпарт сярод спаленых папераў і як мінімум адну кулю ад нагана. Хіба манахі паляць?
Вынікі экспертызы будуць гатовыя не раней, чым праз месяц.
Каментары