Аляксандр Фрыдман: Падрабязнасці здзелкі па адвакатцы Райтэн-Столь мы наўрад ці даведаемся
У Ізраілі на такія тэмы не гавораць, а афіцыйнаму Мінску, якому ў прапагандысцкіх мэтах патрэбная была перш за ўсё размова Герцага і Лукашэнкі, выдаваць дэталі проста нявыгадна, піша аналітык Аляксандр Фрыдман у сваім тэлеграм-канале.
Ізраільская прэса паведамляе падрабязнасці вызвалення адвакаткі Маі Райтэн-Столь: пасля званка прэзідэнта Герцага Лукашэнку ў Мінску аператыўна адбыўся суд над адвакаткай, якая абвінавачвалася ў кантрабандзе наркотыкаў (медыцынская марыхуана) і была прысуджаная да штрафу ў памеры 2 500 даляраў ЗША.
Сваю лепту ў вызваленне Райтэн-Столь унеслі кіраўнік МЗС Ізраіля Яір Лапід і міністр фінансаў Авігдор Ліберман, у якога даўнія сувязі ў кіраўніцтве Беларусі.
Зразумець радасць ізраільскага боку можна: Райтэн-Столь выцягнулі з вельмі складанай краіны, якая карыстаецца выключна дрэннай рэпутацыяй (у тым ліку і ў Ізраілі). І кіраўніцтва краіны імкнецца паставіць гэта сабе ў заслугу.
Справа Райтэн-Столь падкрэслівае сутнасць сённяшняга рэжыму ў Беларусі: тут і гатоўнасць весці перамовы пра лёс зняволеных, і адкрытае жангліраванне юстыцыяй (адвакатку трымалі ў жахлівых умовах за кратамі, а потым вокамгненна асудзілі і вызвалілі ў зале суда), і імкненне зарабіць (афіцыйна ў казну Беларусі паступіць штраф у памеры 2 500 даляраў).
Падрабязнасці пагаднення мы наўрад ці даведаемся: у Ізраілі на такія тэмы не гавораць, а афіцыйнаму Мінску, якому ў прапагандысцкіх мэтах патрэбная была перш за ўсё размова Герцага і Лукашэнкі, выдаваць дэталі проста нявыгадна.
Каментары