«Адпраўляем шлемы, аўтатранспарт». Андрэй Стрыжак расказаў, як BYSOL дапамагае Украіне, і пракаментаваў прэтэнзіі асобных добраахвотнікаў
Фонд BYSOL, які падтрымлівае рэпрэсаваных беларусаў, у першыя дні вайны аб'явіў аб зборы гуманітарнай і ваеннай дапамогі Украіне. Пагаварылі з яго сузаснавальнікам Андрэем Стрыжаком пра пошук і закупку неабходнага абсталявання, контрпрапаганду і супрацу з беларускімі батальёнамі.
«На сёння наша галоўная задача — гэта акумуляцыя сродкаў. У нас адкрыта некалькі збораў, яны скіраваныя на дапамогу ўкраінскім структурам, якія працуюць на вайне. Напрыклад, Першаму добраахвотніцкаму мабільнаму шпіталю імя Міколы Пірагова, арганізацыі «Усход SOS» — дабрачыннаму фонду, які заснавалі бежанцы з Луганска. Акрамя таго, цяпер частка супрацоўнікаў гэтага фонду пайшла на фронт, і мы іх таксама падтрымліваем. Калі казаць пра ваенны збор, то ён накіраваны на падтрымку беларускіх добраахвотнікаў у шэрагах украінскай арміі», — кажа Андрэй Стрыжак.
Ёсць зборы на закупку вайсковага транспарту, дронаў, тактычных аптэчак.
«Верыфікацыя структур, якія працуюць ва Украіне, дастаткова складаная. Калі ў Беларусі ўсе адзін аднаго ведаюць збольшага, то тут краіна вялікая. І нават калі маеш добрую сетку знаёмстваў, бывае няпроста верыфікаваць інфармацыю. Таму мы цяпер засяродзіліся на персанальных, ініцыятыўных зборах», — тлумачыць наш суразмоўца.
Тое, што робіцца самой арганізацыяй, — гэта пошук і закупка неабходнага для фронту абсталявання. Адпраўляюць кеўларавыя шлемы, турнікеты, аўтатранспарт. У першую чаргу санітарныя аўтамабілі, якія ідуць у Мабільны шпіталь імя Міколы Пірагова, але таксама адпраўляюцца джыпы (яны патрэбныя для язды па прасёлачных дарогах).
Фонд запусціў тэлеграм-канал «BYSOL: выезд и эвакуация».
«Цяпер там больш за сорак тысяч падпісантаў. Яго мы зрабілі ў першыя дні вайны, каб дапапамагчы людзям, якім трэба было выехаць з тэрыторыі баявых дзеянняў ці з Беларусі і Расіі. Тады было меркаванне, што могуць аб’явіць мабілізацыю, і ўсе мужчыны ад 18 да 60 гадоў будуць ваеннаабавязанымі. У канале мы робім падборкі, якія дапамагаюць людзям прыняць рашэнне, як выязджаць. Але ў першыя дні вайны займаліся менавіта эвакуацыяй з Украіны», — кажа Стрыжак.
Яшчэ адзін накірунак працы — контрпрапаганда.
«Робім усё, каб імідж Беларусі і беларусаў быў больш станоўчы. Мы кожны раз даводзім мэсэдж, што Беларусь не раўно Лукашэнка. На справах даказваем гэта, адбельваем нашу рэпутацыю, якая цяпер моцна пахіснулася.
За паўтара месяца мы дасягнулі каля дзесяці мільёнаў праглядаў нашых відэа. І большасць з гэтага — украінскія карыстальнікі».
Добраахвотнік Павел Кулажанка нядаўна наракаў, што не спадзяваецца на дапамогу дэмсілаў. Што ў рэчаіснасці?
«Была прамоўленая асабістая пазіцыя спадара Кулажанкі. Я не магу яе каментаваць. Але калі мы кажам менавіта пра наша супрацоўніцтва з батальёнам Каліноўскага, то мы падтрымліваем усе беларускія добраахвотніцкія падраздзяленні, якія публічныя і якія кажуць, што яны патрабуюць дапамогі.
Батальён Каліноўскага папрасіў зарэзерваваць суму для іх фонду, якая будзе скіраваная на падтрымку сем’яў добраахвотнікаў, забітых і параненых падчас вайны. Мы чакаем, пакуль фонд будзе афіцыйна аформлены, каб зрабіць выплаты.
Калі людзі з батальёна звяртаюцца да нас, мы дапамагаем па патрэбах.
Таксама наладжваем працу з палком «Пагоня». Чакаем афіцыйных заяў, будуць яны дзейнічаць, ці не. Трымаем сувязь і з атрадам імя Іллі Літвіна ў Адэсе, і з беларусамі ў «антыаўтарытарным» атрадзе».
Ці актыўна людзі ахвяруюць грошы?
«Актыўнасць зменшылася, але зборы дастаткова добра працягваюцца. Калі да нас звярнуліся прадстаўніцы беларускай феміністычнай супольнасці, мы адкрылі збор на дапамогу жанчынам, якія пацярпелі ад сэксуальнага гвалту падчас вайны. Быў вялікі пік у гэты момант. Гэта выклікала цікавасць да нашай супольнасці, і тады на нас была здзейсненая вялікая DDOS-атака. Збольшага мы адбіліся, сайт працуе. Але гэта кажа пра тое, што мы сталі мішэнню ў кібервайне.
Трэба падкрэсліць, што фонд не перастроіўся на працу толькі для Украіны. Мы проста зрабілі яшчэ адзін накірунак. Галоўная місія — гэта дапамога беларусам. І ўсе гэтыя зборы актуальныя і цяпер. Мы іх запускаем і даём магчымасць ахвяраваць на палітвязняў, на людзей, якія былі вымушаныя збегчы з краіны праз палітычны пераслед».
Колькі ўжо машын дастаўлена ва Украіну?
«11 аўтамабіляў агулам. Цяпер мы рыхтуем другі вялікі канвой. З тэхналагічнага пункту гледжання, прасцей адразу адпраўляць шмат. Думаю, што на наступным тыдні адправім канвой, і ён будзе не меншы, чым быў першы.
Знаходзяцца людзі, якія да нас прыходзяць мэтава, і якія ведаюць, што мы можам завозіць машыны. Яны, напрыклад, купляюць аўто, а ў нас просяць дапамогу ў дастаўцы.
Думаю, што паступова мы будзем нарошчваць такі накірунак, бо ёсць валанцёры і арганізацыі, якія звяртаюцца да нас з такімі прапановамі».
Як размяркоўваюцца грошы на дапамогу?
«У нашых атрымальнікаў мы пытаемся, якія ёсць патрэбы на гэты момант. І арыентуемся на тое, што ёсць на рынку ў наяўнасці і па добрым кошце. Вытворцы не паспяваюць рабіць неабходную колькасць. Калі казаць пра аўтатранспарт, то тут прасцей. Ён расце ў кошце, але мы працуем з тым, што ёсць. Розныя бываюць сітуацыі. Напрыклад, мы забраніравалі дзве хуткія дапамогі ў Іспаніі, а потым іх перапрадалі па больш высокім кошце. Такі дынамічны рынак».
Ці ёсць нейкі фідбэк ад украінцаў?
«Прэзідэнт Шпіталя імя Міколы Пірагова запісаў адмысловае відэа для канала «Беларусь галаўнога мозга», у якім падтрымаў пазіцыю, што ён падзяляе беларусаў і лукашыстаў. Мы маем і іншую зваротную сувязь ад людзей, якія атрымалі дапамогу. Украінцы ўдзячныя беларусам за тое, як яны ўдзельнічаюць у гэтай вайне.
Па Украіне і Беларусі мы будзем працаваць далей. Ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ва Украіне, залежыць, як хутка выйдуць на волю нашы палітзняволенныя. Калі Пуцін саслабне, Лукашэнка будзе ў складанай сітуацыі. Гэта будзе наша фортка магчымасцяў. Чым лепш ва ўкраінцаў будуць ісці справы ў вайне, тым больш шанцаў у беларусаў стаць свабоднымі».
Каментары