Спорт

«Пуцін ды Лукашэнка хочуць правіць вечна. І для гэтага гатовыя на ўсё». Вядомы ўкраінскі каментатар — пра вайну, спорт і тэлебачанне

Вайна закранула ўсе сферы цывільнага жыцця Украіны. У тым ліку спорт. «Наша Ніва» пагутарыла з вядомым украінскім журналістам, блогерам і тэлекаментатарам Раманам Бебехам — пра спартоўцаў, якія здзівілі (прайшліся і па беларускіх імёнах), і вайну, якая паказвае хто ёсць хто.

Раман Бебех: Усе беларусы, з якімі даводзілася мець стасункі, выявіліся вельмі пазітыўнымі людзьмі. Фота: instagram.com/roman_bebekh/

«Наша Ніва»: Як адрэагаваў украінскі спорт на расійскае ўварванне?

Раман Бебех: Калі адказваць адным словам, то ўзорна. Жахлівая сітуацыя, з якой сутыкнулася краіна, яскрава прадэманстравала, хто ёсць хто. І мне прыемна адзначыць, што 99 адсоткаў людзей, звязаных са спортам, павялі сябе максімальна адэкватна. Так, камусьці трэба было перажыць такі жудасны ўдар як вайна, каб стаць сапраўдным украінцам ды пачаць называць рэчы сваімі імёнамі. Аднак цяпер відавочна, што фармуецца нацыя патрыётаў — і гэта самае вялікае адрозненне ад падзей 2014 года. Тады грамадства дзялілася і еднасці не было.

Цяпер жа, калі пайшлі прамыя удары па Кіеве ды іншых гарадах, уголас загаварылі ўсе спартсмены. Яны сталі спраўднымі сусветнымі амбасадарамі Украіны, бо прамаўлялі гучней за палітыкаў! Пра тое, што тут насамрэч адбываецца, даведаліся нават у далёкіх кутках планеты, дзякуючы нашым зоркам футбола кшталту Зінчанкі, Ярмоленкі ці Шаўчэнкі, альбо топам бокса ўзроўню Усіка ды Ламачэнкі. І гэта быў сапраўдны інфармацыйны прарыў, без якога наўрад ці б Украіна атрымала тую падтрымку, што дазволіла не скарыцца ворагу цягам двух месяцаў.

Чаму часцей за ўсё згадваю прозвішчы футбалістаў? Бадай таму, што гэты спорт ў нас на першым плане. Аднак хапала зорак і таго ж тэніса, што падтрымалі Украіну — Сяргей Стахоўскі, напрыклад, наўпрост пайшоў у тэрытарыяльную абарону. Туды ж накіраваліся баксёры, пра якіх ужо згадваў. Лёгкаатлеты, плыўцы, баскетбалісты — шмат хто альбо далучыўся да ваенных фармаванняў, альбо дапамагаў УСУ грашыма, гуманітаркай. Збольшага не было такога, каб чалавек, які дамогся чагосьці значнага, заявіў «спорт па-за палітыкай» — і дэманстратыўна схаваўся ў кусты.

«НН»: А як жа Анатоль Цімашчук?

РБ: Так, згодны, гэта, бадай што адзіны «зашквар». Але тут справа такая: першая жонка футбаліста, пані Надзея, стварыла вакол яго вобраз сапраўднага патрыёта. Малявала нацыянальныя сцягі на яго абліччы ў сацсетках, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам, нагадвала трымаць руку на сэрцы ды спяваць гімн падчас міжнародных сустрэч.

Але калі прыйшоў час справай падтрымаць краіну, Анатоль выявіўся фэйкавым патрыётам. Ён прамаўчаў, калі ўкраінцы чакалі ад яго падтрымкі, дапамогі. І гэта шакавала, бо сам Цімашчук паходзіць з Луцка — вельмі патрыятычнага краю, ён рэкардсмен па колькасці гульняў за нацыянальную каманду. На яго мелі спадзяванні кіраўнікі федэрацыі футбола, як на будучага трэнера моладзевай зборнай, і ў перспектыве як на спецыяліста, што дапаможа развіваць гэты від спорта ва Украіне. Аднак ён абраў жыццё на іншым баку…

Наколькі ведаю, Цімашчук мае цесныя стасункі з прадстаўнікамі «Газпрама», высокімі чынамі ФСБ, уплывовымі людзьмі расійскай эліты. Таму, узважыўшы ўсё, ён, відавочна, схіліўся да расійскага дабрабыту — недарма ж столькі часу ў піцерскім «Зеніце» працаваў.

Да таго ж новая жонка ў футбаліста расіянка. І гэта ўсё паўплывала на яго выбар. Аднак цяпер яму варта ўсвядоміць: ва Украіне яму не рады. І тыя партрэты, што ўпрыгожвалі футбольныя школы краіны, з выявамі Цімашчука, больш там не з'явяцца.

«НН»: Яраслаў Ракіцкі, атрымліваецца, адваротная гісторыя?

РБ: Ракіцкага ніколі не ўспрымалі патрыётам, хутчэй, наадварот — сепаратыстам. Ніколі не спяваў гімн, адмаўляўся ад выклікаў у зборную з-за нейкіх сумнеўных траўм. Даводзілі нават, што ён падтрымлівае «той» бок пасля канфлікту 2014 года, хаця ўслых футбаліст пра гэта ніколі не казаў.

Стаўленне да Яраслава яшчэ пагоршылася, калі ён з'ехаў у Расію і далучыўся да «Зеніта». Аднак я ведаю, што нават пасля гэтага ён дапамагаў гуманітарна дзецям, якія знаходзіліся на тэрыторыі «ДНР» ды «ЛНР». І заставаўся патрыётам Данецка, дзе сам быў узгадаваны.

Пасля пачатку вайны Яраслаў Ракіцкі разарваў кантракт з «Зенітам» і вярнуўся ва Украіну. Фота: ФК «Зеніт»

Цікава, што пасля нападу Расіі ў лютым 2022-га Ракіцкі таксама нічога адкрыта не казаў. Аднак яго ўчынкі — лепшыя за любыя прамовы: чалавек разарваў кантракт з «Зенітам» і, нягледзячы на страту велізарнага заробку, вярнуўся на радзіму. Ён проста не мог заставацца ў Расіі, гуляць там, рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, калі бамбяць яго родных ды суайчыннікаў.

«НН»: Якія ўчынкі людзей са спорту цябе ўзрушылі больш за ўсё апошнімі месяцамі?

РБ: Тут без варыянтаў на першым месцы ўчынак Юрыя Вярнідуба, якога вы добра ведаеце па працы галоўным трэнерам салігорскага «Шахцёра».

Яшчэ восенню ён стаяў на чале малдаўскага «Шэрыфа» ды перамагаў у Мадрыдзе «Рэал» у Лізе Чэмпіёнаў. Пасля здолеў зачапіцца за Лігу Еўропы, хаця пры такіх суперніках, як «Рэал», італьянскі «Інтэр» ды ўкраінскі «Шахцёр» гэта падавалася немагчымым. Аднак як толькі даведаўся пра напад Расіі, трэнер скасаваў пагадненне з клубам на дзясяткі тысяч даляраў, вярнуўся ў Прыднястроўе ды далучыўся да УСУ. Не да тэрабароны, а пайшоў менавіта ў войска!

Як сам Вернідуб патлумачыў, трэба трымаць слова: «Калі сказаў, што пры патрэбе бараніць радзіму вазьму аўтамат ды выпраўлюся на перадавую, то так таму і быць».

Таксама адзначу ўчынкі баксёраў. Аляксандр Усік і Васіль Ламачэнка пайшлі ў тэрабарону, што стала неймаверным інфармацыйным пасылам для людзей.

Бо калі бралі ў палон расійскіх вайскоўцаў, тыя прызнаваліся: калі дазнаваліся пра Усіка ды Ламачэнку ў шыхтах абаронцаў, свядомасць разбуралася:

«Нам жа казалі, кіруецеся ва Украіну, каб ратаваць рускамоўнае насельніцтва. А тут супраць нас б'юцца вядомыя спартсмены, якія заўсёды рускай мовай і камунікуюць…»

«НН»: Што скажаш пра беларусаў ва ўкраінскім футболе ды іх пазіцыю?

РБ: Пачну з таго, што ўсе беларусы, з якімі даводзілася мець стасункі, выявіліся вельмі пазітыўнымі людзьмі. Нават уявіць не магу, каб яны пайшлі на Украіну вайною ці ўхвалялі падобныя дзеянні. Тыя ж Аляксандр Хацкевіч, Леанід Кучук, Арцём Мілеўскі цудоўна разумеюць сітуацыю і маюць досвед з уласнага вопыту, а не з прапагандысцкіх перадач.

Той жа Кучук у 2014-м, калі працаваў у маскоўскім «Лакаматыве», прыязжаў на Майдан, каб зразумець мэту пратэсту. І колькі іх там у Расіі не шпігавалі рыторыкай «у Кіеве бунтуюць нацысты», Леанід Станіслававіч вырашыў на ўласныя вочы пабачыць сітуацыю. Гэта пасля дазволіла трэнеру сцвярджаць: гэта не набытыя за грошы галасы людзей, а сапраўдны бунт супраць бандыцкай улады. Цяпер, упэўнены, Кучук таксама мае досвед, што вайна, якую развязала Расія, вядзецца не для нейкай там «дэнацыфікацыі», а толькі для задавальнення амбіцый аднаго чалавека на чале дзяржавы.

Леанід Кучук у 2014-м, калі працаваў у маскоўскім «Лакаматыве», прыязжаў на Майдан, каб зразумець мэту пратэсту. Фота: ФК «Дынама-Мінск»

Адносна Мілеўскага скажу так. Хай сабе ён не пайшоў у тэрытарыяльную абарону следам за найлепшым сябрам Аляксандрам Аліевым. Але Арцём застаўся ў Кіеве, нікуды не з'ехаў і ўвесь час займаўся валанцёрскай працай. Так, ён не зарабляе цяпер велізарных грошай, з-за чаго яго жыццё змянілася. Аднак тым, чым можа, ён дапамагае простым людзям. Яму цяжка, бо Мілеўскі «чалавек свету». Таму ён шчыра прызнаецца: калі адчыняю стужку навін, проста дах з'язджае.

Хацкевіч увогуле колькі дзён таму даў моцнае інтэрв'ю, дзе ўсё расклаў па паліцах. І ў гэтым кантэксце мяне здзіўляе, што ў Беларусі ды Расіі людзі даюць больш веры тэлебачанню, чым выказванням сваіх суайчыннікаў ці родзічаў. Ну не можа ж ваш блізкі ў адзін момант стаць нацыстам, праўда? Таму хацелася б сказаць беларусам: больш размаўляйце з людзьмі, а не верце тэлебачанню.

Я добра памятаю беларускія падзеі 2020 года і пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Памятаеце, што тады казалі праз вашыя каналы? І ніхто не дэманстраваў у эфіры сапраўдны гвалт, які адбываўся на вуліцах. Чаму ж сітуацыя павінна змяніцца цяпер?

Два барчукі, Пуцін ды Лукашэнка, прагнуць правіць вечнасць. І для гэтага будуць рабіць усё: кідаць за краты людзей кшталту Сашы Івуліна альбо Вольгі Хіжынковай, якія ў жыцці нікога не крыўдзілі, або забіваць мірных жыхароў Бучы ды Ірпеня, а пасля казаць, што гэта інсцэніроўкі амерыканцаў.

«НН»: Калі ўжо размаўляем пра тэлебачанне, распавядзі, як цяпер змянілася спартыўнае вяшчанне Украіны?

РБ: Прыблізна з трэцяга-чацвёртага дня расійскага ўварвання на сэрвісе Megogo, дзе працую, пачалі прадумваць, як аднавіць эфіры. Хаця, калі шчыра, было складана настроіцца гаварыць пра футбол, калі ўсе думкі выключна пра вайну.

Тым не менш, параіліся ды прыйшлі да высновы: немагчыма 24/7 жыць толькі навінамі з фронту, бо ў такім выпадку можна хутка звар'яцець. Дый людзям трэба дапамагчы выдыхаць, перазаружацца, інакш псіхіка не вытрымае.

Кажу пра гэта ўпэўнена, бо пасля матчаў атрымліваю паведамленні са словамі падзякі ад простых людзей ды тых жа футбалістаў. Маўляў, файна, што далі магчымасць хаця б на гадзіну зноў перанесціся ў мірнае жыццё.

Пры гэтым усе на сэрвісе разумеюць: вайна так ці інакш — тэма нумар адзін. І, як следства, аналітычныя праграмы пра, скажам, футбольную тактыку цяпер нікому не патрэбныя. У выніку фокус ідзе выключна на трансляцыі, каментаванне якіх ладзім у хатніх умовах. Megogo набыў спецыяльнае абсталяванне, і мы пры дапамозе інтэрнэту «прывязваем» голас з дому да асноўнага патоку відэа.

«НН»: Тваё асабістае адкрыццё ў дачыненні да спартсменаў за апошнія два месяцы?

РБ: Мой сябра Андрэй Багданаў, які ў свой час абараняў колеры «Дынама», «Металіста» ды «Коласа». Ён быў абсалютна апалітычным чалавекам, які ў часы Майдана ставіўся да пратэстаў максімальна скептычна, а пасля анексіі Крыма ледзьве не падпісаў кантракт з «Растовам».

Але пасля нападу Расіі ў лютым чалавек быццам нарадзіўся наноў: пайшоў у тэрабарону, імкнецца як мага хутчэй авалодаць навыкамі бою ды пасля далучыцца да войска — нават нягледзячы на дзейны кантракт з «Коласам»!

Ён кажа: хай згублю грошы, перакрэслю кар'еру футбаліста, але сёння павінен зрабіць усё, каб дапамагчы краіне застацца краінай — і выгнаць аккупантаў з нашай зямлі.

І ад сябе дадам: з аднаго боку, гэта цудоўна, калі бачыш вяртанне ўкраінца да вытокаў. А з іншага… Вайна, якая цяпер ідзе, — гэта такі велізарны рубец на сэрцы, што не загоіцца і праз некалькі пакаленняў. Так, яна спрыяла станаўленню нацыі. Але кошт, які нам давялося заплаціць, проста неймаверны. І таму і спартсмены, і іншыя людзі яшчэ доўгія гады нават поглядам у бок расіян будуць пагарджаць.

Каментары

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Спецпасланнікам па Украіне Трамп хоча зрабіць былога начальніка разведкі

Памёр расійскі прапагандыст Скот Бенет. Сіманьян лічыць, што яго маглі забіць7

Праваабаронцы: Палітвязняў прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні

Магілёўскую і Гомельскую вобласці замяло снегам ФОТЫ

Адрасы рэдакцый і любімая кавярня Купалы. Гід па віленскіх месцах «Нашай Нівы» ШМАТ ФОТА9

Б'ёрндален адмаўляецца ад працы трэнерам, каб быць больш з сям'ёй4

Падпісанне міру з Украінай «заўтра» падтрымалі б 79% расіян3

Дзмітрый Мядзведзеў назваў умову спынення вайны ва Украіне5

У Ашмянах сёння было мінус 8,8°С2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →