Грамадства55

«Бабуля паказала доказы НЛА». Хлопец аб’ездзіў больш за 100 вёсак па Беларусі і расказвае, як там цяпер жывуць людзі

Максім Хлябец, рэдактар берасцейскага часопіса Natatnik.by, разам з калегамі апошнія гады вандруе па краіне ў пошуках вёсак, якія паміраюць. «Сіцідог» паразмаўляў з ім пра самыя цікавыя паездкі, знаходкі і пра тое, як наогул цяпер жыве беларуская вёска. 

Фота тут і далей: архіў героя

— Раскажы, з чаго ўсё пачалося: у які момант ты пачаў ездзіць па беларускіх вёсках і чаму цябе гэта так зацягнула?

— У 2020-м мы вырашылі зрабіць праект пра вёскі, якія паміраюць. Пачалі ездзіць, размаўляць з апошнімі жыхарамі, якія жывуць «у неперспектыўных месцах», адкуль амаль усе з’ехалі і дзе засталося не больш за дзесяць жыхароў.

Спачатку прыязджалі, здымалі, а потым зразумелі, што крутых матэрыялаў, якія не трапляюць у часопіс, застаецца шмат.

Насамрэч вёскамі зараз займаецца шмат народу — хтосьці збірае дыялекты, хтосьці гістарычныя звесткі, але я не бачыў, каб гэта ўсё кудысьці б выкладалі. А калі і выкладалі, яно было не вельмі добрай якасці і неструктуравана. Я вырашыў: гэта трэба змяняць — так у нас з’явіўся яшчэ і тэлеграм-канал.

Спачатку думаеш, што сам пастарэў, раз стаў бясконца ездзіць па вёсках. А потым, калі табе пішуць маладыя рабяты і прапануюць нешта па гэтай тэме, разумееш, што гэта не пра старасць, а пра зацікаўленасць да гісторыі і сваіх каранёў.

Бачу, што апошнія некалькі гадоў гэтага ў людзей становіцца ўсё больш і больш. Таму што, на жаль, вёскі ўсё ж знікаюць, ідзе тэндэнцыя на паміранне — і многім цікава паспець паглядзець, як там і што.

— Лічылі, колькі ўсяго вёсак ужо аб’ездзілі за гэты час?

— Ну, можам прыблізна падлічыць па Берасцейскай вобласці. Тут мы праехалі 14 раёнаў і ў кожным з іх наведалі 8—10 вёсак. Гэта ўжо выходзіць больш за сотню. Але праз паўтара года тут вёскі амаль што скончыліся, і нам захацелася паглядзець, як гэта ўсё выглядае ў іншых абласцях. Таму мы ўжо былі ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай — да Гомельшчыны пакуль не дабраліся, але, спадзяюся, і туды з’ездзім.

— Раскажы, як выглядае ваша тыповая экспедыцыя. Як рыхтуецеся, што абявязкова з сабой бераце?

— Звычайна едзем учатырох: я, журналіст, фатограф і відэограф. Калі выведка — можам і ўдвох.

Калі мы толькі пачыналі, ездзілі на дзень па блізкіх раёнах і вярталіся назад у Бярэсце. Але, калі вёскі сталі больш далёкія, там ужо так не атрымаецца — таму ночым у нейкіх аграсядзібах ці ў знаёмых. Бывала, заставаліся спаць на хутарах, а аднойчы я правёў ноч у цалкам закінутай вёсцы, дзе быў толькі адзін жылы дом нават без электрычнасці — толькі з печчу і генератарам.

Нехта можа сказаць: «О, нават не рыхтуецеся!» Але я лічу, што рыхтавацца да такіх паездак і не трэба. Мы робім план, у якія вёскі заехаць, але часам цікавыя месцы сустракаюцца па дарозе, калі ты праязджаеш і бачыш нейкія незвычайныя дамы ці прыгожую бабулю.

А таму замаўляць загадзя нейкую начоўку немэтазгодна — ты можаш затрымацца і проста туды не паспець. Але менавіта гэта і вабіць мяне: ты можаш пабачыць нешта, што ніколі б не пабачыў, калі б рабіў усё па дакладным таймінгу. У гэтым і ёсць самы кайф. Таму наш план — не планаваць.

Аднак з сабой у нас заўсёды ёсць пэўныя неабходныя ў такіх паездках рэчы. Рыдлёўка, таму што мы ўжо некалькі разоў загразалі ў месцах, дзе складана было выехаць не толькі восенню, а нават летам. Гумовыя боты — да некаторых вёсак трэба ісці па складаных дарогах, асабліва калі казаць пра балоты Палесся. А яшчэ бяром шмат адзення і ежы, каб хапіла перакусіць удзень, увечары і, калі што, яшчэ і на раніцу.

Пра тое, як жыць у месцы, дзе з забаў толькі лес і аўталаўка: «Мне падаецца, яны там з большага шчаслівыя»

— Як зараз выглядае сярэднестатыстычная беларуская вёска?

— Вёсак, у якіх жыццё працягваецца, большасць. Так, людзей становіцца менш, але іх усё яшчэ дастаткова, і ў буйных вёсках жыве ў сярэднім 50—100 чалавек.

У Берасцейскай вобласці гэта ў асноўным прыгожыя вёскі з хатамі, за якімі сочаць, нават калі яны выкарыстоўваюцца як фазэнды: усё выкашана, вокны стаяць. Гэта вельмі падобна да таго, што я бачыў у дзяцінстве. Але ж ужо без дамоў культуры і крам, якія працуюць.

Каб адшукаць месцы, дзе засталіся адзінкі, яшчэ трэба зрабіць рэсёрч — іх на кожны раён не так шмат. Усё ж звычайна вёскі падтрымліваюцца калгасамі, а дзе ёсць калгас, там будзе і якая-ніякая праца, а значыць і людзі.

Канешне, на 90% гэта бабулі і дзядулі пенсійнага ўзросту. Некаторыя вяртаюцца з гарадоў — мы, напрыклад, сустракалі жанчыну з Мінска, якая выйшла на пенсію і пераехала бліжэй да зямлі. Жыве зараз у хаце, падтрымлівае гаспадарку. Ёсць і больш маладыя, якіх у вёскі заносіць лёс: пад Маларытай размаўлялі з жанчынай, якая перабралася сюды з дзецьмі, каб даглядаць старую маці.

— Ты кажаш, ні дамоў культуры, ні крам. Але чым людзі там займаюцца?

— Ведаеш, калі я толькі пачынаў ездзіць па вёсках, таксама думаў: ну як можна тут жыць? Але ўсе, з кім мы размаўлялі, кажуць, што ім класна, — і яны гэта не выдумляюць і не расказваюць толькі таму, што мы іх запісваем. Ім рэальна падабаецца.

Шмат хто трымае хатнюю жывёлу — кур, гусей. Калі пытаешся, чым займаюцца ў вольны час, большасць кажа, што ходзяць у лес: у грыбы, у ягады, проста адпачыць. Так, некаторыя згадваюць, што раней можно было прыйсці ў дом культуры патанчыць, але большасць разумее, што тут ужо нічога не вернецца, — і ім з гэтым нармальна.

А замест крам ёсць аўталаўка — і там можна набыць усё, што трэба. Гэта табе не проста машына з таварамі — гэта машына, дзе нават можна зрабіць пэўную замову. І прыязджае яна два разы на тыдзень нават у самыя глухія мясціны.

Ёсць раён, дзе тры вёскі побач у лесе: у першай жыве адна бабуля, у другой — два чалавекі, а у трэцяй — пяць, але нават да іх прывозяць прадукты. Аўталаўка — гэта для іх увогуле такі цэнтр прыцягнення. Яны сустракаюцца, расказваюць нейкія навіны і ведаюць: раз усе дайшлі, то і ўсё нармальна.

— А адзін чалавек у вёсцы — гэта ўвогуле як?

— Мы таксама здзівіліся, калі пабачылі тую бабульку, але ёй акей. Сказала, што летам да яе прыязджаюць унучкі, а так ёсць мабільны, тэлевізар, радыё. Можа часам воўк да яе выйсці з лесу ці ліс.

Ну так, напэўна, страшнавата, але я не памятаю, каб хтосьці хоць раз паскардзіўся нам, як жа дрэнна тут аднаму. Мабыць, гэта такая беларуская рыса характару — прызвычайвацца да ўсяго. Але шмат хто кажа, што дзеці прапануюць пераехаць у кватэру ці на зіму, ці назаўсёды, — але яны ўсё роўна застаюцца ў гэтых хатах. Ніхто не хоча ехаць у нейкі горад, калі ты ўсё жыццё жыў у вёсцы. Хто хацеў — пераехаў, але тыя людзі, што застаюцца, робяць гэта не таму, што няма ніякіх шансаў, а таму, што гэта іх свядомы выбар.

І, ведаеш, калі мы праехалі дафіга вёсак, мне стала здавацца, што я іх разумею. І разумею тых маладых людзей, якія зараз пачынаюць шукаць хаты і перабірацца на хутары. Там, на зямлі, ты адчуваеш сябе нібыта свабодным чалавекам. Мне падаецца, яны там з большага шчаслівыя.

— Не думаў сам набыць хату і перабрацца ў вёску?

— Дарэчы, у мяне застаўся дом ад дзядулі з бабуляй. Ён быў ужо амаль непрыгодны для жыцця, і менавіта пасля гэтых паездак я пачаў ім займацца. У 2020 годзе паехаў туды пераночыць, прачнуўся а сёмай раніцы, набыў у знаёмай бабулі малака адразу з-пад каровы і адчуў, нібыта вярнуўся ў дзяцінства. Канешне, гэта такі самападман, але ж ён вельмі прыемны.

Пасля гэтага мне захацелася вярнуць гэту хату да жыцця, і я гэта паціху раблю. Спадзяюся, праз час змагу там нават гасцей прымаць.

Пра гісторыі ад мясцовых: «Бабуля расказала, як бачыла НЛА каля сваёй хаты, і паказала доказы»

— Раскажы, якая рэакцыя ў мясцовых жыхароў, калі вы пачынаеце іх пра ўсё дапытваць: насцярожваюцца ці ахвотна дзеляцца сваімі гісторыямі?

— Звычайна насцярожваюцца, але потым з задавальненнем з табой размаўляюць. Мне падаецца, у вёсках жывуць вельмі адкрытыя людзі. Ды ім і самім хочацца пагутарыць з кімсьці — асабліва калі даўно ніхто не заязджаў, а з суседкамі ўжо сто разоў усё абгаварылі. Але такі лайфхак: калі ты хлопец, трэба абавязкова браць з сабой нейкіх дзяўчат. Да іх адразу стаўленне трошкі іншае.

Часцей за ўсё мясцовыя расказваюць пра вёску ці пра свае жыццё. Была крутая гісторыя, як у месцы, дзе засталіся тры чалавекі, гадоў пяць таму зладзілі дзень вёскі: жыхары адшукалі ў «Аднакласніках» усіх, хто тут раней жыў, і прыехала 50 чалавек — сталы на вуліцы стаялі, бо ў хату ўсе не ўлезлі.

Часам расказваюць пра свае хобі. Адна бабуля вязала посцілкі і дыванкі з ласкуткоў. Уся падлога ў хаце ў іх, а яна дастае яшчэ новых штук сем. Кажа, вельмі падабаецца мне гэтым займацца, але ўжо не ведаю, куды гэта дзяваць.

Бываюць і незвычайныя размовы: напрыклад, бабуля, былая настаўніца ў здаровым розуме, расказвала, як бачыла НЛА каля сваёй хаты — прычым, з дробязямі і падрабязнасцямі. Нават доказ нам паказала: сліву і грушу, якія пасля гэтага ссохлі, хаця ўсё астатняе ў садзе квітнела і расло.

Пра самыя крутыя паездкі і пра тое, як аднавіць вёску, не ператварыўшы гэта ў «сайдынгавы кітч»

Раскажы пра топ-3 паездкі, якія цябе ўразілі больш за ўсё — і чаму.

— У нас ёсць правіла: назвы некаторых вёсак, калі мы не хочам, каб туды нехта яшчэ прыехаў і штосьці там парушыў, мы не раскрываем. Таму буду без назваў.

Была адна вёска, якая пакінула ў мяне велічэзныя ўражанні. Мы прыпыніліся проста спытацца ў бабулі, што за калодзеж там стаіць, а яна пасля размовы кажа: «Што вы тут стаіце? Хадземце, пакажу вам шафу, якую размаляваў Язэп Драздовіч».

Гэта была цікавая гісторыя, якая вельмі ўсім спадабался, але і без той шафы я б дадаў гэту паездку ў топ, бо пасля бабуля павяла нас у неверагоднай прыгажосці сад. Ім займаецца яе сын, і там сотні розных кветак, якія не проста растуць абы-як, а ўсё ўладкавана — нават гарлачыкі былі розных колераў. А напрыканцы яна пачаставала нас вельмі смачнымі яблыкамі.

Другая крутая гісторыя адбылася на Палессі. Там сістэма хутароў па дзве-тры хаты, ніякай электрычнасці няма, і кожную вясну гэта ўсё залівае — але вельмі прыгожа. І вось у адной з хат, якую мы нават не з першага разу адшукалі, знайшлі 36 фотастужак 60—70-х гадоў. Мы ніколі нічога не бяром з хат, дзе бываем, гэта для нас прынцыпова: мы журналісты, таму толькі апісваем тое, што бачым. Але тут з дазволу гаспадара звязлі іх з сабой — уратавалі, што змаглі.

Доўга шукалі, якім чынам гэта можна алічбаваць, і чытачы нашага тэлеграм-канала з гэтым дапамаглі. Фоткі там аказаліся проста неверагодныя — адразу бачна, што займаўся прафесіянал.

Мне вельмі спадабаўся здымак на фоне тканых посцілак — гэта выключна беларуская традыцыя. А на некаторых фота падаецца, што гэта і не пад Лунінцам зусім, а ў нейкай Францыі: возера, жанчыны робяць нейкую фізкультуру, а на заднім плане «мерсэдэс» 30-х гадоў. Дужа цікава — хочам паспрабаваць адшукаць людзей з гэтых здымкаў.

А трэцяя вёска, пра якую раскажу, стаіць у лесе ў Кобрынскім раёне. І жыве там толькі адзін чалавек — пчаляр Алёша з вялікім сабакам Федзям. Гэта вельмі класны мужчына, які ездзіць на сваім маленькім трактары ў лазню ў суседні раён і займаецца бортніцтвам — частаваў нас нават сваім мёдам.

Дарэчы, гэта ўсё проста добрыя гісторыі пра тое, якія беларусы класныя і адкрытыя людзі, — мне падаецца, аб гэтым важна казаць часцей.

— Вось ты кажаш: не трэба нічога чапаць у вёсках, нават назвамі не дзелішся — а ці варта тады іх увогуле аднаўляць? Дзе гэта аптымальная сярэдзіна, як лічыш?

— Я лічу, што беларуская вёска сама па сабе — гэта культурная каштоўнасць. Таму аднаўляць гэта важна, але з розумам. Ёсць шмат прыкладаў, як можна і дзверы новыя паставіць, і дах, каб гэта ўсё роўна выглядала аўтэнтычна, не парушала агульную архітэктуру і не станавілася нейкім кітчам, аббітым сайдынгам. Мой самы вялікі боль — калі зразаюць ліштвы [аздабленне акна з вуліцы, такая прыгожая рамка] і паляць іх у печы, паставіўшы пластыкавыя вокны. Вёску ўсё ж трэба захаваць вёскай, а не цягнуць сюды гарадскую культуру.

Напэўна, гадоў праз 50 гэта сапраўды ператворыцца ў нешта зусім іншае, але, мне падаецца, мы паспеем штосьці захаваць. Я ведаю людзей, якія б хацелі цалкам набыць вёску і зрабіць там рэтрыты, дзе можна было б займацца ўсім тым, чым займаліся людзі раней: прыязджаеш сабе пажыць без тэлефонаў і электрычнасці, гуляеш у лесе, глядзіш за гаспадаркай.

Думаю, на гэта ёсць магчымасці і хутка такое пачне з’яўляцца. Мабыць, такім чынам мы здолеем уратаваць хаця б частку гэтых вёсак і паказаць нашчадкам, як гэта было, як ёсць і як можа быць.

Чытайце таксама:

Як цяпер адкрыць візу ў Менску? Мінчукі распавядаюць пра свой досед: «Мы атрымалі візы ўсяго на 12 дзён»

10 беларускіх танальнікаў, пудраў і консілераў, якія вам дакладна спадабаюцца. Аналагі люксамі і проста крутыя прадукты

Каментары5

  • Satan
    11.10.2022
    Бабушки да дедушки... я вот перед отъездом из РБ встретил школьного учителя... - он хоть уже и слеповат, но резко за мою бороду дернул - чо? седеешь, ссук? - ну, блин, да, есть седые волоски в бороде, Николаич.. -но они ведь придают шарм, да, хамса?))
  • масяня
    11.10.2022
    Satan, да. подлецу все к лицу)
    но как вам мои 3 седые волосины? 
  • Les valseuses (1974)
    11.10.2022
    нуу школьные учителя, Satan, вы ж понимаете... вы же давно их переросли)
    наши друзья как-то (мы гуляли - муж, я и два его ну наших общих друга) взяли и отлили как-то под двери своей бывшей гимназии. они это сделали специально и с удовольствием. даже я в шоке была) хоть ведь сама хулиганка еще та.
    один из них высший математик, второй из интеллигентной семьи с известной фамилией... но вот... такие вот хулиганы)

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, як сёлета будуць выглядаць навагоднія елкі ў Мінску ФОТЫ2

Хлопцу, якога ў СІЗА збіў сын Кадырава, далі велізарны тэрмін за дзяржздраду5

Парашэнка расказаў, як Лукашэнка заклікаў яго выкарыстоўваць ягоны выбарчы досвед10

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў5

«Новая эра супрацоўніцтва». У Ісламабадзе да візіту Лукашэнкі з'явіліся білборды на беларускай мове ФОТАФАКТ3

Эксперыментальная разметка з'явілася на дарогах Гомельскай вобласці1

МУС Германіі: Няма прыкмет таго, што крушэнне самалёта DHL у Вільні звязана з самаўзгараннем пасылак

38 шахедаў зайшлі ў Беларусь за суткі — гэта абсалютны рэкорд1

Украінцы ўдарылі ракетамі ATACMS па C-400 у Курскай вобласці — загінулі пяць расійскіх афіцэраў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →