Культурныя суседзі і дыван на сцяне. Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя танныя кватэры ў сталіцы?
Мікракватэры, варыянты з рамонтам і без. «Наша Ніва» паглядзела, якія аднапакаёўкі ў Мінску можна купіць нядорага.
Кватэра без права прапіскі
Калі не браць да ўвагі кватэры, якія прадаюцца ў старых драўляных дамах, то вынікае, што самая танная кватэра ў Мінску выстаўленая на продаж за 32 900 даляраў. Столькі просяць за аднапакаёўку агульнай плошчай 30,7 м². Яна месціцца на першым паверсе 10-павярховіка 1986 года пабудовы па адрасе Акадэміка Красіна, 29.
У кватэры свежы рамонт, яна прадаецца разам з тэхнікай і мэбляй. Але без нюансаў тут не абышлося. З юрыдычнага пункту гледжання гэта памяшканне кватэрай не з'яўляецца. Таму жыць у ёй, як у звычайнай кватэры, можна, а прапісацца — не.
Стары рамонт
Усяго на сто даляраў даражэй прадаецца аднапакаёўка на вуліцы Пухавіцкай. За 33 000 даляраў прапануюць кватэру без рамонту ў пяціпавярховым доме 1965 года. Адразу засяліцца ў гэтую кватэру не атрымаецца, а вось прапісацца — можна.
Як дакладна выглядае кватэра, невядома, бо прадавец дадаў да аб'явы толькі здымкі дакументаў. У апісанні пазначана, што рамонт стары.
Дом пасля капрамонту
У 33 900 даляраў ацэнена даволі прасторная аднапакаёўка ў Сокале. Агульная плошча кватэры 34,1 м². Месціцца яна на трэцім паверсе пяціпавярховага панэльнага дома 1986 года пабудовы.
У 2017 годзе дом перажыў капітальны рамонт. А сама кватэра — не. Апісваючы перавагі кватэры, гаспадары робяць акцэнт на блізкасць да МКАД-2 і Нацыянальнага аэрапорта. Таксама звяртаюць увагу на наяўнасць лесу вакол дома і блізкасць да Пятровіцкага вадасховішча.
«Уся інфраструктура гэтага мікрараёна каля дома», — гаворыцца ў апісанні.
Цана зніжаная на 2000 даляраў
На тысячу даражэй прадаецца яшчэ адна кватэра ў Сокале, які фармальна адносіцца да тэрыторыі Мінска. За кватэру агульнай плошчай 21,5 м² просяць 34 900 даляраў. Жылая плошча аднапакаёўкі — 11,2 м², ёсць лоджыя. Кватэра размешчаная на трэцім паверсе пяціпавярховага цаглянага дома 1975 года пабудовы.
У кватэры даволі сучасны рамонт, сам дом таксама пасля нядаўняга капітальнага рамонту. Як вынікае з інфармацыі ў аб'яве, гэтая кватэра прадаецца ўжо далёка не першы дзень.
Раней гэтую кватэру па ўсёй бачнасці ацэньвалі ў 36 900 даляраў.
«Культурныя спакойныя суседзі»
Па цане 35 000 даляраў прадаюць аднапакаёўку на Масюкоўшчыне. Дакладны адрас: вуліца Чыгладзэ, 2. Плошча кватэры ўсяго 21,7 м². Кватэра месціцца на другім паверсе пяціпавярховіка 1971 года пабудовы, які ў 2017 перажыў капрамонт.
Гаспадары апісваюць кватэру, як цалкам гатовую для камфортнага пражывання. Апроч стандартных пераваг у выглядзе развітой інфраструктуры, у апісанні адзначылі, што побач жывуць культурныя і спакойныя суседзі. Аўтаўладальнікам абяцаюць, што ў двары заўжды знойдзецца месца для машыны.
«Вялікі ўтульны зялёны двор»
За 36 тысяч даляраў прадаюць кватэру на Арлоўскай, 19. Інтэр'еры ў хрушчоўцы захаваліся яшчэ з часоў кіравання Мікіты Сяргеевіча. Агульная плошча — 31 м², жылая — 19,26 м².
У апісанні кватэры сярод іншага гаспадары таксама робяць акцэнт на спакойных суседзях. «Побач з домам ёсць усё для вашага камфортнага пражывання: крамы, паліклініка, школа і дзіцячы садок, паркі і многае іншае. Акуратны пад'езд, спакойныя суседзі. Вялікі ўтульны зялёны двор», — гаворыцца ў апісанні да аб'екта.
Кватэра з дываном на сцяне
Яшчэ адна кватэра за 36 000 даляраў прадаецца ў Чыжоўцы — на Чырвонаслабадской, 15 корпус 2. Аднапакаёўка месціцца на першым паверсе 9-павярховіка 1977 года пабудовы.
Агульная плошча кватэры — 34,92 м².
«Высокі першы паверх. Чысты і акуратны пад'езд, дагледжаны дом, выдатныя суседзі. Прыгожы, зялёны раён. Побач Чыжоўка-Арэна, вадасховішча і парк 50-годдзя Кастрычніка, экалагічная сцежка «Чыжоўка», — гаворыцца ў апісанні да аб'екта.
Таксама ў апісанні пазначана, што кватэра падрыхтаваная да наступнага рамонту. Уваходныя дзверы заменены.
Каментары