Борыс Джонсан назваў памылку Захаду, без якой не было б вайны РФ ва Украіне
Былы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан лічыць, што поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну можна было б пазбегнуць, калі б Захад меў смеласць і паслядоўнасць у тым, каб прывесці Украіну ў НАТА. Яго калонку ў The Washington Post цытуе «УП».
«Дзесяцігоддзямі мы выкарыстоўвалі дыпламатычную двухсэнсоўнасць на тэму НАТА і Украіны — і гэта скончылася поўнай катастрофай. Мы гадамі расказвалі ўкраінцам, што праводзім палітыку «адчыненых дзвярэй» у НАТА, што яны маюць права «выбіраць свой лёс» і што Расія не павінна мець права вета. І ўвесь гэты час мы недвухсэнсоўна давалі зразумець Маскве, што Украіна ніколі не ўступіць у альянс — таму што вельмі многія члены НАТА самі прыменяць сваё права вета», — напісаў Джонсан.
Вынікам такой стратэгіі, паводле Джонсана, стала «найгоршая вайна ў Еўропе за апошнія 80 гадоў».
У выніку «прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін разбурыў незлічоную колькасць жыццяў, дамоў, надзей і мараў».
«Пуцін уварваўся не таму, што думаў, што Украіна збіраецца ўступіць у НАТА. Ён заўсёды ведаў, што гэта малаверагодна. Ён напаў на Украіну, таму што лічыў — і меў шматлікія доказы гэтага — што мы не вельмі сурʼёзна ставіліся да абароны Украіны», — мяркуе Джонсан.
Паводле яго, калі б краіны Захаду былі дастаткова смелымі і паслядоўнымі, каб прывесці Украіну ў НАТА, то «гэтай поўнай катастрофы можна было б пазбегнуць».
Джонсан адзначыў, што цяпер падтрымка членства ў НАТА ва Украіне вельмі высокая, 83 працэнты ўкраінцаў лічаць, што Украіна павінна стаць членам Альянсу.
«Сёння ўкраінцы выкарыстоўваюць ашаламляльную колькасць разнастайнай тэхнікі з краін НАТА з незвычайным майстэрствам і адвагай… Не НАТА магло б вучыць украінцаў, як весці вайну — на самай справе, ёсць шмат таго, чаму яны маглі б навучыць нас», — напісаў былы прэмʼер Брытаніі.
Джонсан таксама напісаў, што «ўкраінцы павінны атрымаць усё неабходнае, каб скончыць гэтую вайну як мага хутчэй».
Каментары
А Джонсон просто молодец.