«Змагарыдзэ — усё!» Лукашэнкаўскія прапагандысты ў грузінскіх падзеях выбралі свой бок
Пратэсты ў Грузіі звярнулі ўвагу СМІ ў розных краінах. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі пакуль што ніякіх публічных заяў наконт іх не рабілі, але стаўленне да гэтых падзей можна зразумець з рэакцый праўладных прапагандыстаў.
Афіцыйная БелТА перадрукоўвала навіны са спасылкай на расійскія інфармацыйныя агенцтвы. Асобна яна падкрэслівала праеўрапейскую арыентацыю мітынгоўцаў.
Прапагандыст Рыгор Азаронак 8 сакавіка ў 22:21 з вялікім задавальненнем паведаміў аб разгоне пратэстоўцаў. У гэтым ён знайшоў паралелі з пратэстамі ў Беларусі. «Змагарыдзэ — усё! Канцэрт каля грузінскага парламента на сёння скончаны. Гумовыя кулі і газ сваю справу зрабілі». І цынічна прагназуе, што «ўжо ў гэтыя хвіліны грузінскія пратэстуны пішуць у сацсетках гісторыі аб жорсткіх масавых згвалтаваннях і неправамерным выкарыстанні гумовых дубінак на нечыіх сраках».
Позна ўначы, ужо 9 сакавіка, на падзеі адрэагавала Ксенія Лебедзева. Яе сімпатыі таксама на баку партыі «Грузінская мара».
А ўжо сёння зранку на падзеі па камандзе адгукнуліся рэгіянальныя прапагандысты. Тэлеграм-канал «Гродненские сливы» размясціў фрагмент відэа, на якім пратэстоўцы спрабуюць разбіць лаўку, з каментарамі: «Па традыцыі, 5 тысячам захацелася свабоды, мяркуючы з усяго, ад шкла ў будынку ўрада і лавак у парку». Сітуацыю у краіне яны апісалі так: «Просяцца ў ЕС, эліты кормяцца з амерыканскай рукі, а зарабляюць на курортніках з Расіі. Жабрацкая краіна хоча выглядаць як Украіна».
У той час як асобныя прапагандысты проста кпілі з пратэстоўцаў, аналіз падзей зрабіў Аляксандр Шпакоўскі. Ужо пасля таго, як стала вядома пра разгон мітынгу, ён выказаў меркаванне, што за дзеяннямі ўладаў Грузіі стаіць Турцыя, а таксама алігарх Іванішвілі, які «імкнецца стаць паўнавартасным гаспадаром краіны». Шпакоўскі хваліць дзеянні грузінскага кіраўніцтва па «забеспячэнні рэальнага суверэнітэту».
На думку Шпакоўскага, «дзеянні ўлады па збаўленні ад каланіяльнай залежнасці не маглі не прывесці да сацыяльнага выбуху» у краіне, «дзе доўгі час гаспадарыў Захад».
9 сакавіка зранку на навіны з Грузіі адгукнуўся расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў, які доўгі час жыў у Беларусі і спецыялізаваўся на беларускай тэме. Ён лічыць, што закон аб замежных агентах, з-за якога і пачаліся пратэсты, толькі нагода. На самой справе стаіць задача не проста змены ўлады шляхам Майдану, а вяртанне Грузіі ў рэчышча палітыкі НАТА ў адносінах да Расіі. Ён называе і замоўцаў: Вашынгтон і Кіеў, якія, маўляў, зацікаўленыя ў адкрыцці «другога фронту» супраць Расіі і поўнай ізаляцыі ад Расіі Арменіі.
У самых розных пытаннях, у тым ліку міжнароднай палітыкі, лукашэнкаўская прапаганда ў апошнія гады ідзе ў рэчышчы ўстановак расійскай.
Грузінскі законапраект аб замежным уплыве адкліканы з парламента пасля пратэстаў
У Грузіі выбухнулі масавыя пратэсты супраць прыняцця закона аб «замежных агентах»
«13:00 узяцце Кіева. 18:00 канцэрт Газманава». Стэнаграма і храналогія таго, што беларускія прапагандысты ў экстазе пісалі 24—25 лютага 2022 года
Каментары