Міністр культуры Анатоль Маркевіч на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы расказаў, што над скульптурнай кампазіцыяй цяпер працуе аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Канстанціна Касцючэнкі.
Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы быў створаны распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі 4 лютага 2022 года — менавіта гэты год афіцыйныя ўлады абвясцілі «Годам гістарычнай памяці».
Раней на Кастрычніцкай плошчы існаваў помнік Іосіфу Сталіну, пастаўлены ў 1952 годзе. Помнік быў знесены за адну ноч 3 лістапада 1961 года, пасля развянчання культу асобы савецкага правадыра.
Манумент, піша БелТА, будзе прысвечаны так званаму «адзінству беларускага народа». У цэнтры кампазіцыі плануюць размясціць фігуру, якая ўвасабляе Беларусь, са сцягам у адной у руцэ і дзіцем — у другой. Барэльефы на пастаменце будуць апавядаць пра розныя перыяды беларускай гісторыі. Вакол цэнтральнай фігуры будуць размешчаныя сімвалічныя выявы абласцей.
Напрошваецца паралель са знакамітым фантанам «Дружба народаў» на ВДНГ у Маскве, дзе па коле выстаўленыя 16 скульптур дзяўчат у нацыянальных касцюмах, з рознай садавіной і галінамі ў руках, якія павінны былі сімвалізаваць саюзныя рэспублікі.
Як адзначаецца, праект і назва цэнтральнай фігуры яшчэ прапрацоўваюцца.
Скульптар Канстанцін Касцючэнка вядомы ў першую чаргу кампазіцыяй «Брама памяці» ў нядаўна створаным мемарыяльным комплексе «Трасцянец». За гэты праект творчаму калектыву была прысуджаная Дзяржаўная прэмія ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за 2020 год.
Эскізныя праекты памятнага знака на Кастрычніцкай плошчы выносіліся на разгляд міжведамаснай працоўнай групы па пытанні стварэння твораў манументальнага мастацтва патрыятычнай скіраванасці 1 лістапада 2022 года. Тады праўладныя эксперты выказалі меркаванне аб работах і далі рэкамендацыі.
Міністр Маркевіч адзначаў:
«Бачная каласальная праца, ваша энергетыка ў гэтых эскізах, ваша бачанне. Самае галоўнае, што гэтае бачанне пазітыўнае і жыццесцвярджальнае, адлюстроўвае нашу вялікую гісторыю і падкрэслівае сучаснае жыццё».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
а што там прапрацоўваць - вышэбога і мама яво, а папа пагіб на вайне