Міністэрства юстыцыі звярнулася ў Вярхоўны суд з пазовам аб ліквідацыі Беларускай патрыятычнай партыі. Ён будзе разгледжаны 24 ліпеня. Адпаведная інфармацыя з'явілася ў раскладзе пасяджэнняў суда, піша Reform.by.
Беларуская патрыятычная партыя была ўтвораная ў далёкім 1996 годзе, на самым пачатку кіравання Лукашэнкі, акурат у той час, як ён змагаўся з Вярхоўным Саветам за канцэнтрацыю ўсёй улады ў сваіх руках.
Як і іншыя падобныя арганізацыі, сапраўднай партыяй БПП ніколі не была і не імкнулася ёй быць, функцыя яе была чыста бутафорская. Нават калі ад партыі праходзілі некуды дэпутаты, то гэта заўсёды было іх фактычнае прызначэнне па квотах, а не вынік рэальнай папулярнасці.
Спачатку старшынёй партыі быў адстаўны генерал Анатоль Баранкевіч, а пасля ягонай смерці кіраваць ёй стаў «казацкі атаман» Мікалай Улаховіч, які стаў вядомы тым, што граў ролю аднаго са спарынг-партнёраў Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
Ніякай нелаяльнасці да ўладаў ні Улаховіч, ні ягоная партыя не праяўлялі: відаць, БПП проста не ўпісалася ў колькасную квоту, вызначаную для кішэнных партый зверху.
На гэты момант вядома, што Мінюст па выніках перарэгістрацыі збіраецца ліквідаваць Беларускую партыю «Зялёныя» і Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ. Аб'яднанай грамадзянскай партыі было прапанавана самаліквідавацца. Таксама адмову ў перарэгістрацыі атрымала Беларуская сацыяльна-дэмакратычная партыя (Грамада).
Вясной Мінюст зарэгістраваў Беларускую партыю «Белая Русь», а таксама перарэгістраваў Камуністычную партыю Беларусі, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі.
Акрамя таго, яшчэ не вызначаны далейшы лёс зарэгістраваных Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай аграрнай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды, Партыі БНФ, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі і Рэспубліканскай партыі.
Каментары