«Гэта няправільна, бо адной рукой мы робім больш строгімі санкцыі, а другой адкрываем шлюзы, каб Лукашэнка мог працягваць зарабляць цвёрдую валюту на экспарце ўгнаенняў. Гэта абсалютны нонсэнс», — сказаў прэзідэнт Літвы.
Прэзідэнт Гітанас Наўседа запэўніў, што Літва не паддасца ціску і не ўхваліць санкцыйных выключэнняў Еўрапейскага саюза для транзіту беларускіх угнаенняў, піша Delfi.lt.
«Збіраюцца аказаць ціск і на нас, каб мы змякчылі праблемы, якія ўзніклі на фоне харчовага крызісу, дазволіўшы экспарт угнаенняў з Беларусі. Я ўсім сваім калегам сказаў, што мы не дамовімся, і сапраўды пазіцыя Літвы засталася ранейшай, яна не змянілася і не зменіцца. Мы лічым цалкам няправільным змякчаць санкцыі супраць дыктатараў замест таго, каб рабіць іх больш строгімі, асабліва цяпер», — заявіў у пятніцу журналістам у Клайпедзе кіраўнік літоўскай дзяржавы.
«Гэта няправільна, бо адной рукой мы робім больш строгімі санкцыі, а другой адкрываем шлюзы, каб Лукашэнка мог працягваць зарабляць цвёрдую валюту на экспарце ўгнаенняў. Гэта абсалютны нонсэнс, таму мы не можам гэта ўхваліць», — запэўніў ён, падкрэсліўшы, што такую ж пазіцыю займаюць усе літоўскія ўстановы і палітыкі.
Прэзідэнт Літвы падкрэсліў, што глабальны харчовы крызіс выкліканы не санкцыямі ЕС у дачыненні да беларускіх угнаенняў, а рашэннем Масквы выйсці з пагаднення аб экспарце ўкраінскага збожжа.
«Так як Расія чарговы раз цынічна маніпулюе, сама выклікаючы харчовы крызіс, (…) ад якога цяпер пакутуе не толькі Украіна, але і далёкія ад Украіны бедныя рэгіёны, яна таксама выкарыстоўвае гэты рычаг як своеасаблівы інструмент для шантажу. Гэта цалкам непрымальна», — асудзіў пастановы Крамля Наўседа.
«Мы працягнем пераконваць нашых калег у тым, што такія паводзіны павінны карацца і ў першую чаргу карацца міжнароднымі ўстановамі», — падкрэсліў лідар Літвы.
З аналагічнай заявай у чацвер выступіла і віцэ-міністр замежных спраў Ёвіта Нелюпшэне. Яна падкрэсліла, што не павінна быць ніякіх саступак Маскве, якая патрабуе змякчэння заходніх санкцый у абмен на вяртанне да пагаднення аб экспарце ўкраінскага збожжа.
Паводле яе слоў, патрабаванні Расіі аб зняцці санкцый з харчовых тавараў і ўгнаенняў — гэта прапаганда, бо ЕС не прымяняе санкцый да харчовых тавараў.
Каментары
Колькі твае летувісы будуць карміць дыктатуру сваімі закупамі па дармавых візах?