Гродна, Беласток, Коўна. Як адрозніваецца жыццё ў трох блізкіх гарадах рэгіёна
Параўналі, як жывецца ў падобных па статусе абласных цэнтрах Беларусі, Польшчы і Літвы. Дзе большы заробак, больш даступныя кватэры і лепшая якасць жыцця?
Насельніцтва
Самы вялікі па насельніцтве — Гродна. Па даных на 1 студзеня 2023 года, у гэтым беларускім абласным цэнтры жыве 358 тысяч чалавек.
У Коўне, па даных на пачатак 2023 года, жыве 305 тысяч чалавек.
Беласток крыху не дацягвае да планкі 300 тысяч чалавек. Па стане на 31 снежня 2022 года, у горадзе жыло 292 тысячы.
Раней самым буйным па насельніцтве было Коўна. У 1989 годзе горад налічваў 418 тысяч жыхароў.
Аднак пасля распаду СССР насельніцтва горада пачало скарачацца. Адмоўная дынаміка захоўвалася да 2019 года. У 2020 годзе, упершыню за доўгі перыяд, насельніцтва горада павялічылася. Тэндэнцыя на рост жыхароў працягнулася і ў 2021-2023 гадах.
Насельніцтва Беластока за гэты перыяд павялічвалася стабільна, хоць і нязначна. У 1990 годзе там пражывала 270 тысяч чалавек, што на 22 тысячы менш, чым цяпер.
Рэкардсменам па прыросце насельніцтва стаў Гродна. У 1988 годзе горад налічваў 272 тысячы жыхароў супраць 358 тысяч цяпер.
Цэны на нерухомую маёмасць
Самыя высокія цэны на нерухомую маёмасць у Беластоку. Згодна з данымі партала zametr.pl, «квадрат» у гэтым польскім горадзе каштуе 8390 злотых, што складае амаль 1900 еўра па бягучым курсе.
На другім месцы ідзе Коўна. Там «квадрат» у сярэднім каштуе 1710 еўра.
Нерухомая маёмасць у Гродне ў некалькі разоў таннейшая — каля 720 еўра за «квадрат».
На сярэдні заробак сярэднестатыстычны жыхар Беластока можа набыць усяго 0,47 м², у той час як жыхары Коўна і Гродна на адну сярэднюю зарплату могуць набыць каля 0,68 м².
Заробкі
Больш за ўсё зарабляюць у Коўне. Там сярэдняя зарплата на рукі складае 1167 еўра.
У Беластоку сярэдняя зарплата — каля 910 еўра. Па ўзроўні зарплат Беласток займае апошняе месца сярод усіх ваяводстваў (аналаг нашых абласцей) у Польшчы.
Сярэдняя зарплата ў Гродне складае крыху менш за 500 еўра ў пераліку.
Колькасць аўто
Найвышэйшы ўзровень аўтамабілізацыі — у Беластоку, там на 1000 жыхароў прыходзіцца амаль 500 аўто (даныя на канец 2020 года). Крыху менш аўто на душу насельніцтва ў Коўне: па даных на 2021 год, на 1000 гараджан прыходзілася 457 аўто.
Дакладная лічба, колькі легкавікоў зарэгістравана ў Гродне, невядомая. Агулам па вобласці гэты паказчык складае 380 аўто. Па ім Гродзенская вобласць апераджае нават Мінск з 309 аўто на 1000 чалавек.
Цэны на паліва
Самае таннае паліва, канешне, у Беларусі. Літр саляркі або бензіну маркі АІ-95 у нас каштуе каля 0,69 еўра. У Польшчы і Літве літр дызелю каштуе каля 1,4 еўра, а літр 95-га — 1,5 еўра.
Больш за ўсіх паліва на сярэднюю зарплату можа набыць сярэднестатыстычны жыхар Коўна — каля 800 літраў. Гродзенец з сярэдняй зарплатай можа дазволіць сабе каля 720 літраў, а сярэднестатыстычны жыхар Беластока — каля 620 літраў.
Грамадскі транспарт
Безлімітны праязны на месяц у Гродне каштуе 48 рублёў 4 капейкі, што каля 14 еўра па бягучым курсе. У Коўне месячны праязны абыдзецца ў 28 еўра, а ў Беластоку — у 140 злотых, ці каля 31 еўра.
Паездка на таксі адлегласцю 5 кіламетраў па Гродне абыдзецца прыблізна ў 6-7 рублёў. Гэта каля 2 еўра. У Беластоку — у 3-4 еўра. У Коўне аналагічная паездка будзе каштаваць 4-5 еўра.
Рэйтынгі якасці жыцця
У кожнай з трох краін ёсць свой рэйтынг, дзе вызначаецца якасць жыцця ў гарадах.
Коўна па якасці жыцця займае другое месца ў Літве, саступаючы толькі Вільні. Тое самае з Гроднам, які ў Беларусі знаходзіцца на другім месцы пасля Мінска. Беласток у рэйтынгу найлепшых гарадоў Польшчы для жыцця займае 16 радок. Цікава, што Варшава ў гэтым спісе на 12 месцы, а першы радок — за Познанню.
Ці не стане Новая Баравая спальнікам і ці плануе яе забудоўшчык ісці ў рэгіёны?
«Адстаю за вас». За колькі прадаюць месца ў чарзе на мяжы з Літвой і Польшчай
Падлічана да рубля. Міністр эканомікі расказаў, якім будзе заробак у наступным годзе
Каментары