Усевалад Янчэўскі з адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій сышоў каля двух месяцаў таму, кажуць «Нашай Ніве» знаёмыя з сітуацыяй.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», ён цяпер узначальвае юрыдычную асобу ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, якую адкрывалі як фінансавую пракладку для ПВТ. Праз яе збіраліся пераводзіць грошы тых беларускіх ІТ-кампаній і замежных замоўцаў, якія не могуць працаваць наўпрост з Беларуссю пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Наколькі вядома, Янчэўскі з пасады кіраўніка ПВТ папрасіўся сам — пад выглядам таго, што больш неабходны на месцы ў ААЭ, каб весці справы новай юрасобы.
«Наша Ніва» раней пісала, што ідэя адкрыцця кампаніі ў ААЭ належыць кіраўніцтву Парка высокіх тэхналогій.
З аднаго боку, патрэба вынікае з сітуацыі на рынках: праз ускладненні фінансавых адносін паміж беларускімі банкамі і банкамі развітых краін узнікаюць цяжкасці ў аплаце паслуг тых беларускіх кампаній, якія з уласных прычын застаюцца ў Беларусі, працуючы пры гэтым на заходнія рынкі.
Стварыўшы юрыдычную асобу ў Эміратах, кіраўніцтва ПВТ спадзяецца такім чынам вырашыць праблему падобных кампаній. Плануецца, што заходні замоўца будзе плаціць не ў такую таксічную юрысдыкцыю, якой цяпер лічыцца беларуская, а на рахункі пракладкі ПВТ у ААЭ. А ўжо потым гэтыя грошы будуць трапляць у Беларусь. Імаверна, у валюце, адрознай ад валюты прыходу. Напрыклад, канвертаваныя ў юані.
ПВТ будзе мець з гэтага свой працэнт за абслугоўванне.
Янчэўскі ўзначальваў ПВТ з 2017 года. Датуль ён быў памочнікам Лукашэнкі і ідэолагам.
Новым кіраўніком ПВТ стаў выхадзец з КДБ Аляксандр Базанаў.
Янчэўскі стварае ў Эміратах фінансавую пракладку для рэзідэнтаў ПВТ
Венгры пайшлі насустрач Янчэўскаму і пагадзіліся стварыць пракладку для кампаній ПВТ — крыніцы
Юрый Мельнічак чамусьці знік з «дошкі гонару» ПВТ
Крыніцы: Янчэўскі прыдумаў, каб праграмістаў за данаты 2020-га не садзілі, але здзіралі кампенсацыю ў дзесяціразовым памеры
Каментары