На месцы «Дрымлэнда» з'явіцца новы парк. Назва здзіўлення не выклікае
Цэнтральнай часткай тэрыторыі стане экспазіцыя «Міні-Беларусь». Яе контур паўторыць карту краіны з максімальным падабенствам рэчышчаў рэк і азёр.
Новы парк з'явіцца ў зялёнай зоне паміж лукавінай ракі Свіслачы і вуліцай Арлоўскай, пішуць «Мінск-Навіны».
Для зоны адпачынку ўжо прыдумана назва — парк Народнага адзінства. Ён зойме 20 гектараў і размесціцца на месцы перададзенага гораду «Дрымлэнда», частка будынкаў якога падлягае дэмантажу.
Цэнтральнай часткай тэрыторыі стане экспазіцыя «Міні-Беларусь». Яе контур паўторыць карту краіны з максімальным падабенствам рэчышчаў рэк і азёр.
На месцы Мінска і абласных цэнтраў, гістарычных і прыродных славутасцяў, іншых вядомых збудаванняў краіны ў перспектыве створаць макеты аб'ектаў. Па мяжы экспазіцыі на вышыні ад трох метраў у будучыні намячаецца турыстычны маршрут з пляцоўкамі для агляду.
Пакуль жа на месцы кожнага абласнога цэнтра прапануецца ўсталяваць інтэрактыўныя карты, каб можна было пазнаёміцца са славутасцямі таго ці іншага рэгіёна.
Кожны ўчастак будзе сфарміраваны ландшафтнай экспазіцыяй з розных карлікавых дрэў і іншых раслін, характэрных для канкрэтнай мясцовасці.
Ад цэнтральнага ўвахода да экспазіцыі «Міні-Беларусь» закладзена галоўная алея, уздоўж якой кіраўнікі краін падчас афіцыйных візітаў у Мінск могуць высаджваць дрэвы. У кожнага такога дрэва будзе памятная таблічка.
Цяпер ідзе прапрацоўка канцэпцыі, заказчык — «Мінскзелянбуд». Пачатак работ запланаваны на наступны год. Мяркуецца, што для рэалізацыі задуманага спатрэбіцца некалькі гадоў.
Каментары