Грамадства33

Блакаванне SIM-карты, рахункаў, немагчымасць прадаць ці купіць жытло. Як КДБ зрабіў невыносным жыццё фігурантаў «спіса тэрарыстаў»

Беларускі КДБ мае права ўключаць людзей у «пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Цяпер у спісе 1094 чалавекі, з іх 344 — беларусы. Большасць унесеных у спіс беларусаў знаходзяцца ў няволі. Але некаторыя ўжо адбылі пакаранне. Тыя, хто за кратамі, абмежаваныя ў грашовых пераводах. Ім нельга пералічыць сродкі на рахунак, бо іх ці не прымуць, ці заблакуюць. Тыя ж, хто на волі, таксама паспелі спазнаць наступствы ўключэння ў «пералік асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», піша «Радыё Свабода».

Увага міліцыі і складанасці з пошукам працы

Мацвей (імя героя змененае з меркаванняў бяспекі. — РС) адбыў пакаранне паводле «палітычнага» артыкула. Ён кажа, што шчыра здзівіўся, калі даведаўся пра свой статус «тэрарыста». Бо, па версіі следства і суда, ён вінаваты толькі ў масавых беспарадках.

Па вызваленні з калоніі Мацвей сутыкнуўся з шэрагам абмежаванняў. Апроч пільнай увагі з боку міліцыі і ўліку, ён не мог уладкавацца на працу.

Кажа, што патэнцыйныя працадаўцы нават не хацелі звязвацца з ім. Не мог таксама адкрыць банкаўскі рахунак, папоўніць баланс мабільнага тэлефона, зрабіць страхоўку.

«Я купіў SIM-карту. Але толкам не паспеў пакарыстацца ёй. Бо паклаў грошы на тэлефон — і іх заблакавалі. Хацеў, каб хоць вярнулі грошы. Пайшоў у салон сувязі, але калі там пачалі разбірацца і ўбачылі маё прозвішча, то ледзь прытомнасці аператар не страціў, так спалохаўся. Непрыемна, мякка кажучы», — зазначыў Мацвей.

Суразмоўца планаваў адкрыць банкаўскі рахунак, але яго папярэдзілі, што ён не зможа карыстацца грашамі, рабіць безнаяўныя аплаты, таму ў выніку Мацвей нават не пайшоў у банк. Былога палітвязня таксама папярэдзілі, што ён не можа ані прадаць маёмасць, ані купіць. «Мне не было там жыцця аніяк, таму давялося пакінуць краіну», — дадаў беларус.

«Мне, як «тэрарыстцы», прапануюць толькі рабскую працу»

Алеся (імя змененае з меркаванняў бяспекі. — РС) трапіла ў «спіс тэрарыстаў» за каментары ў інтэрнэце. Іх расцанілі як «распальванне варожасці». Для жанчыны такі статус таксама быў вельмі нечаканым. Пасля адбыцця пакарання Алеся сутыкнулася з немагчымасцю знайсці працу.

«Бо, напрыклад, на дзяржаўную працу ці ў школу, у выдавецкую дзейнасць «тэрарыстам» нельга. Тым часам міліцыя прымушала мяне ўладкавацца. Але куды?

Біржа працы знайшла мне «вакансію»! Там за 12 гадзін на дзень па зменах я атрымала за месяц каля 300 рублёў», — падзялілася суразмоўца.

Жанчына зазначыла, што ўся маёмасць, якой яна валодала да зняволення, цяпер, па сутнасці, не належыць ёй.

«Бо я не маю права нічым распараджацца. Банкаўскія рахункі і грошы на іх заблакавалі. Ды нават элементарныя аперацыі па банкаўскіх рахунках я не магу рабіць. Нават не магу аплаціць камунальныя ці падаткі. Даводзіцца кожны раз прыдумляць, як абысці гэтыя «неспадзяванкі». Мабільную сувязь я таксама не магу аплаціць», — канстатуе Алеся.

Яна паехала ў іншую краіну на заробкі. «Бо там я маю тэлефон, банкаўскую картку, магчымасць працаваць», — дадала Алеся. 

Хто трапляе ў «спіс тэрарыстаў»

31 жніўня стала вядома, што ў «спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» дадалі 14 прозвішчаў, у тым ліку Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну. Валерыя Касцюгова — заснавальніца сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Таццяна Кузіна — сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa. Абедзвюм прысудзілі па 10 гадоў турмы. Цяпер у спісе 1094 чалавекі, з іх 344 — беларусы. 

Да падзей 2020 года ў спісе тэрарыстаў былі толькі замежныя грамадзяне з Малі, Ірана, Інданезіі, Афганістана, Уганды, іншых краін Афрыкі, а таксама грамадзяне Расіі і Грузіі. Першымі «айчыннымі тэрарыстамі» ў спісе сталі ў лістападзе 2020 года заснавальнік Nexta Сцяпан Пуціла і блогер Раман Пратасевіч. 

Увесну 2021-га КДБ прызначыў «тэрарыстамі» дэмакратычную лідарку Святлану Ціханоўскую, блогера Антона Матольку, прадстаўнікоў ініцыятывы «Байпол», анархістаў і журналістаў. Прычым часам зроблена гэта было яшчэ да вочных і завочных судоў над імі. «Тэрарыстамі» сталі «рэйкавыя партызаны», прадстаўнікі розных пратэсных рухаў і ініцыятыў. 

Да «тэрарыстаў» прымяняюцца фінансавыя абмежаванні: забарона на дзяржаўную рэгістрацыю маёмасці, аперацыі па банкаўскіх рахунках, натарыяльныя дзеянні, якія адносяцца да фінансавых аперацый і іншае. 

Трапіць у спіс можна як на падставе прысуду, так і па рашэнні старшыні КДБ ці яго намеснікаў. Туды могуць уключыць паводле дзясяткаў артыкулаў Крымінальнага кодэкса, такіх, як «Акт тэрарызму», «Удзел у масавых беспарадках», «Распальванне варожасці» і нават паводле адносна новага беларускага артыкула «Адмаўленне генацыду беларускага народа».

Пакуль праваабаронцам і журналістам невядома пра выпадкі, каб чалавека выключылі са «спіса асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

«Не відаць логікі»

Юрыстка праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галаўнёва кажа, што не бачыць логікі ў прызнанні КДБ таго ці іншага чалавека датычным да тэрарызму. Але яна бачыць парушэнні як міжнароднага, так і нацыянальнага права. Напрыклад, у Канстытуцыі і іншых прававых актах прапісана прэзумпцыя невінаватасці, забарона на дыскрымінацыю і права на сваю абарону. На практыцы ж, па словах праваабаронцы, на адмену рашэння КДБ паўплываць немагчыма. 

«КДБ яшчэ да вынясення прысуду чалавеку прызнае яго «асобай, датычнай да тэрарыстычнай дзейнасці». Тут відавочны дысбаланс. Прызнаць чалавека «тэрарыстам» — вельмі сур’ёзны крок, які істотна яго абмяжоўвае і негатыўна адбіваецца на ягоным жыцці. Гэта суд мусіў бы вырашаць, а не КДБ сваім рашэннем, прынятым невядома на якіх падставах», — лічыць юрыстка.

Галаўнёва дадае, што працэдура ўключэння ў гэты спіс закрытая. Чалавек, у дачыненні да якога прымаецца такое рашэнне, аніяк не можа сябе абараніць, прывесці нейкія аргументы. Бо ён і не ведае часам пра рашэнне, пакуль не прачытае пра гэта ў навінах ці пакуль яму не паведамяць у калоніі. Праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што большасць «тэрарыстаў» на момант прыняцця рашэння знаходзяцца ў няволі і ці не маюць магчымасці, ці ім «не да таго», каб абскарджваць рашэнне КДБ.

Каментары3

  • даведка
    05.09.2023
    Раньше были враги народа и члены семьи врага народа, а теперь перечень лиц, причастных к терроризму КГБ.
  • гамарджоба
    05.09.2023
    Няўжо гэтыя аналітыкі ды эксперты такія тупыя, што не бачаць логікі? Я, напрыклад, бачу яе з мая 2020.
  • Настаўніца
    06.09.2023
    гамарджоба, юрыдычнае логікі

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам на дарогу выскачыла казуля — перакуліўся МАЗ ФОТАФАКТ

У сеціве з'явілася відэа, магчыма, першага ў гісторыі прымянення новых расійскіх балістычных міжкантынентальных ракет2

Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію2

Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў21

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах10

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду5

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе47

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →