Культура2424

Год як закрыты Чырвоны касцёл. Колькі чакаць яшчэ?

Пасля дзіўнага пажару, які адбыўся ў ноч на 26 верасня 2022 года ў Чырвоным касцёле, мясцовыя ўлады вырашылі закрыць храм і распачаць у ім рамонт. Мінуў год, але службы ў ім так і не аднавіліся, нягледзячы на просьбы каталікоў. «Наша Ніва» звярнулася да спецыялістаў, каб зразумець, колькі яшчэ часу можа пайсці на заяўленую рэканструкцыю.

Чырвоны касцёл — адзін з найбольш пазнавальных сімвалаў Мінска. Фота: Google Карты

Нагодай для закрыцця Чырвонага касцёла, паводле афіцыйнай версіі, стала невялікае ўзгаранне праводкі. Пасля яго касцёл адключылі ад усіх камунікацый. Мінгарвыканкам у сваю чаргу заявіў, што ўладальнік будынка, «Мінская спадчына», не можа выконваць абавязацельствы па дамове, і запатрабаваў ад рэлігійнай абшчыны вызваліць будынак ад рухомай маёмасці для правядзення рамонтна-аднаўленчых работ.

Многія ўбачылі ў гэтым рашэнні мясцовых уладаў выключна палітычны фактар — касцёл не падтрымаў палітыкі рэжыму Лукашэнкі пасля 2020 года, і асабліва яскрава гэта выявілася менавіта ў Мінску, а ў адплату за нелаяльнасць у каталікоў адабралі адзін з найбуйнейшых і найбольш пазнавальны сталічны храм.

Напрыклад, у тым жа Будславе пасля моцнага пажару касцёл калі і закрываўся, то на нядоўгі час, калі была сапраўдная небяспека, што скляпенні абрынуцца. Здаецца, што здарэнне ў мінскім касцёле ў разы менш маштабнае і ніяк не замінае адпраўленню богаслужэнняў.

Спецыялісты, да якіх мы звярнуліся, кажуць, што кампраміс у гэтым пытанні можна было б адшукаць, каб касцёл неяк часткова функцыянаваў, але ніводны з бакоў да яго не гатовы.

Ранейшая рэканструкцыя (1-я чарга) тычылася аднаўлення вонкавага выгляду помніка архітэктуры. Фота: Wikimedia Commons

Сцвярджаць, што касцёл проста закрылі і нічога не робяць, няслушна, адзначаюць спецыялісты. На помніку архітэктуры, тым больш такога вялікага аб'ёму, немагчыма проста ўзяць і пачаць рамантаваць: толькі абследаванне будынка і ацэнка аб’ёму працы заняла каля паўгода.

Пасля вяртання ў 1990 годзе касцёла вернікам распачаліся працы. Была выкапаная не толькі падземная частка пад касцёлам, дзе размясціўся ніжні храм і бібліятэка, але і вялікі падвал паміж касцёлам і плябаніяй, які месцамі мае два ўзроўні. Гэты падвал меў праблемы з гідраізаляцыяй крыцця. Хто быў у касцёле, можа памятаць, што яго рэгулярна падтоплівала. З-пад падвесных столях па калонах спускаліся адмысловыя трубачкі, якія саматужным спосабам адводзілі гэтую ваду.

Актавая зала ў падземнай частцы каля касцёла. Большая частка культавага комплексу схаваная пад зямлёй. Фота: Google Карты

«Таксама за гады эксплуатацыі без праектаў няспынна праводзіліся работы ўнутры храма: пад кожную новую гірлянду, калонкі, мікрафоны і да т. п. дадаваліся новыя разеткі, драты. Гэта ўсё рабілася без аніякіх праектаў, павялічваючы нагрузку на старыя сеткі. У асноўнай залі ўвогуле можна было пабачыць самавольна ўстаноўленыя кухонныя выцяжкі над свечкамі», — звяртае ўвагу адзін са спецыялістаў. 

З гэтага можна зрабіць выснову, што спатрэбіцца багата часу, каб разабрацца з гэтай і іншай самадзейнасцю.

Хол у падземнай частцы каля касцёла. Фота: Google Карты

Распрацоўка праекта пачынаецца са збору ўсіх даных, што тычацца аб’екта праектавання: тэхнічных умоў, інжынерных і гістарычных даследаванняў. Праект робіцца вялікай колькасцю розных сумежных спецыялістаў, якія распрацоўваюць уласныя раздзелы архітэктурных рашэнняў, канструктыўных рашэнняў, ацяплення і вентыляцыі, водазабеспячэння і каналізацыі, электразабеспячэння, слабатокавых сетак і іншыя. Усім ім трэба ўзгадняць свае рашэнні паміж сабой, што часам бывае вельмі складнай задачай. Да таго ж ахоўны статус накладае шэраг абмежаванняў. 

Калідор пад левым нефам касцёла. Фота: Google Карты 

Цяперашні праект тычыцца інжынернай часткі касцёла. Гэта не проста рамонт, а рэканструкцыя, а значыць будуць змяняцца асноўныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі, прыводзіцца да сучасных патрабаванняў. Гэтыя патрабаванні за апошнія 30 гадоў, якія мінулі з моманту апошняй глабальнай рэканструкцыі касцёла моцна змяніліся, з'явіліся як цалкам новыя патрабаванні, так і тэхналогіі.

Працы ўскладняюцца тым, што гэта не проста касцёл, але і велізарны падземны комплекс. Калі ў самім касцёле яшчэ можна забараніць рабіць умоўнае дымавыдаленне, спасылаючыся на статус помніка архітэктуры, то ў падземным навабудзе нельга — а гэта ўсё адзіная сістэма, дзе ўсю сучасную інжынерыю трэба вырашыць так, каб гэта не ўплывала і не псавала храма і тэрыторыі навокал.

Бібліятэка ў сутарэннях пад Чырвоным касцёлам. Фота: Google Карты

Пасля вяртання будынка «Дома кіно» католікам у 1990-я гады ўжо рабілася рэканструкцыя ўнутры будынка. Тады акрамя дэмантажу канструкцый былога кінатэатра праводзілася і рэстаўрацыя інтэр’ераў, а таксама будаўніцтва падземнай часткі комплексу, пра якую ўжо згадвалі. Работ тады было выканана шмат, але трэба ўлічваць, што якасць іх была не вельмі высокага ўзроўню — складаны час пакінуў свой адбітак на рэканструкцыі.

Спецыялісты дадаюць, што ў 1990-я гады аднаўленне касцёла было ўсё ж выканана не ў поўным аб’ёме, працы фактычна не былі завершаныя. Напрыклад, на сайце парафіі напісана, што планавалася аднавіць гістарычную агароджу, але яна так і не з’явілася дагэтуль. Магчыма, у гэтую ці ў наступную чаргу рэканструкцыі аднаўленне комплексу будзе даведзена да лагічнага завяршэння.

У час рэстаўрацыі інтэр’ераў пад кіраўніцтвам Людмілы Івановай былі выяўлены аўтэнтычныя арнаментальныя роспісы, выкананыя беларускім мастаком Францішкам Бруздовічам. Яны былі паўтораны рэстаўратарамі на існай тынкоўцы.

Часткова адноўленыя роспісы Бруздовіча ў алтарнай частцы Чырвонага касцёла. 2010. Фота: Wikimedia Commons
Сучасны выгляд інтэр'ераў Чырвонага касцёла: у алтарнай частцы без узгадненняў забелены адноўленыя роспісы і дэмантаваны керамічныя пано. Фота: Wikimedia Commons

Але пазней пры ксяндзы Завальнюку на працягу некалькіх гадоў у касцёле самавольна забельвалі адноўленыя вялікімі высілкамі роспісы, каб распісаць храм зусім па-іншаму.

Арнаментальныя размалёўкі інтэр'ераў касцёла ў Ютросіне, ідэнтычнага па сваім унутраным вырашэнні з мінскім касцёлам. Фота: Wikimedia Commons

Між іншым неараманскі касцёл у польскім Ютросіне, па прыкладзе якога быў пабудаваны касцёл у Мінску, захаваў насычаны каларыт у інтэр’ерах. 

На сёння незабеленымі засталася толькі невялікая частка скляпенняў над трансептам (папярэчным нефам) і хорам (прастора перад алтарнай часткай). Таксама з апсіды ў невядомым кірунку зніклі керамічныя рэльефы з выявамі біблейскіх персанажаў, замест іх з’явіліся друкаваныя банеры.

Чырвоны касцёл стаў прыкладам таго, што бывае з помнікам архітэктуры, калі ўласніку дазваляецца больш, чым дапушчальна па заканадаўстве, адзначаюць спецыялісты. Малаверагодна, што сённяшняя рэканструкцыя будзе тычыцца аднаўлення аўтэнтычных інтэр’ераў, а значыць да гэтага пытання калісьці яшчэ давядзецца вярнуцца.

Што ж тычыцца ацэнак тэрміну, за які скончаць праектаванне і ўласна працы на Чырвоным касцёле, то яны не вельмі абнадзейваюць.

На думку спецыялістаў, праектаванне такога аб’екта зойме не менш за паўгода, яшчэ прынамсі год мусіць заняць рэалізацыя праекта пасля праходжання дзяржаўнай экспертызы.

Да прыкладу, працэс рэканструкцыі будынка гістарычнага факультэта БДУ, куды менш складанага аб’екта, цягнецца з восені 2020 года і дагэтуль не скончаны. «Мінская спадчына» ж толькі ў сярэдзіне мая гэтага года правяла тэндар на выбар праектнай арганізацыі, так што чакаць адкрыцця Чырвонага касцёла ў найбліжэйшы час ніяк не даводзіцца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары24

  • Ася К
    26.09.2023
    Калі чакаць то доўга, адчыніцца, бо тады давядзецца прыдумаць яшчэ адну рэканструкцыю, каб не адчыняць.

    У любым выпадку будзе і касцёл прыгожым, і службы весціся па-беларуску. Але не ў гэты цяжкі час. Трэба прыняць гэтае выпрабаванне. 
  • Алек. Ру
    26.09.2023
    Гэта подлая, дробязная чыста лукабабская помста, бо адзіная канфесія, якая асудзіла гвалт з 2020. І вітала перамогу Ціханоу́скай, быу́ беларускі касцëл.
  • Зброя.
    26.09.2023
    Чакайце ветра у полi..

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны13

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў7

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»13

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА2

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт4

Куды зноў знік Пуцін? Выявілася, што яго апошнія сустрэчы — гэта насамрэч запісы месячнай даўніны3

«Гэта замах на забойства». Пад Гроднам нехта нацягнуў дрот над сцежкай, дзе катаюцца матацыклісты3

Папа Рымскі зацвердзіў абрад свайго пахавання2

Адміністратарам украінскага тэлеграм-канала, які дапамагаў пазбягаць позваў, аказалася беларуска8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны13

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →