Хор з Чырвонага касцёла заспяваў на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане
«Малюся за цябе, Беларусь», — прагучала на плошчы Святога Пятра. У складзе беларускай дэлегацыі, якая прывезла ў Ватыкан копіі марыйных абразоў, што ўшаноўваюцца ў Беларусі, быў хор касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску «Голас душы», паведамляе Беларуская служба Ватыканскага радыё.
Хор выканаў некалькі шматгалосых багародзічных беларускіх спеваў, надаўшы аўдыенцыі з пантыфікам больш урачысты характар.
Калі Папа наблізіўся да беларускіх пілігрымаў, хор выканаў у яго гонар Plurimos annos з пажаданнем доўгіх гадоў жыцця.
Папа Францішак блаславіў копіі абразоў, а таксама атрымаў у дар спіс іконы Маці Божай Будслаўскай.
Нагадаем, што ў выніку загадкавага пажару, што здарыўся ў Чырвоным касцёле Мінска 26 верасня, святыня была зачыненая, а вернікам нават забаранілі маліцца каля яе. Касцёл адключылі ад усіх камунікацый. Мінгарвыканкам заявіў, што ўладальнік будынка, КУП «Мінская спадчына», не можа выконваць абавязацельствы па дамове, і запатрабаваў ад рэлігійнай абшчыны вызваліць будынак ад рухомай маёмасці для правядзення рамонтна-аднаўленчых работ.
Цяпер службы парафіі праходзяць у кафедральным касцёле.
Каментары