«Да генерала захоўваецца давер на самым высокім узроўні».
Генерал расійскай арміі Сяргей Суравікін знаходзіцца ў Алжыры разам з дэлегацыяй Міністэрства абароны Расіі. Пра гэта «Коммерсанту» паведаміла крыніца ў атачэнні вoеначальніка.
Паездку Суравікіна ў Алжыр крыніцы звязваюць з тым, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расіі надае вялікае значэнне ў ажыццяўленні знешняй палітыкі ўсходняму кірунку.
«Відавочна, што да Суравікіна захоўваецца давер на самым высокім узроўні, і не выключана, што паездка генерала можа быць звязаная з яго магчымым прызначэннем на пасаду, якая будзе мець дачыненне да працы на ўсходнім кірунку», — адзначыла крыніца выдання.
У сераду, 13 верасня, фатаграфіі спадара Суравікіна з'явіліся ў акаўнце мячэці Абд аль-Хаміда Бэн Бадзіса ў Аране ў фэйсбуку. Як сказана ў паведамленні, «высокапастаўленая расійская дэлегацыя» наведала мячэць, была прынятая яе дырэктарам па справах рэлігій і ахвяраванняў і імамам.
Генерал арміі Сяргей Суравікін з 8 кастрычніка 2022 года быў камандуючым Аб'яднанай групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне. 11 студзеня 2023 года Пуцін зняў яго і прызначыў на пасаду начальніка Генштаба Валерыя Герасімава. Суравікін зрабіўся намеснікам камандуючага.
З 24 чэрвеня, пасля мяцяжу Прыгожына, генерал перастаў з'яўляцца ў публічнай прасторы. The New York Times са спасылкай на звесткі разведкі ЗША сцвярджала, што Суравікін ведаў аб падрыхтоўцы мяцяжу, мэтай якога была змена кіраўніцтва Мінабароны РФ. 22 жніўня медыя са спасылкай на крыніцы паведамілі, што Суравікін вызвалены ад пасады галоўнакамандуючага ПКС РФ. Паведамлялася, што ён нават мог быць арыштаваны.
4 верасня з'явіліся фатаграфіі генерала, зробленыя ў Маскве.
Каментары