У дакуменце будзе закладзена норма аб тым, каб з-за парушэнняў можна было прыпыняць дзейнасць перавозчыка.
Міністэрства транспарту і камунікацый рыхтуе праект указа прэзідэнта аб рабоце маршрутных таксі, паведаміў кіраўнік ведамства Аляксей Ляхновіч, адказваючы на пытанні парламентарыяў, піша «Спутнік».
Пытанне тычылася таго, якія дакументы распрацоўваюцца ў мэтах павышэння кантролю за ажыццяўленнем пасажыраперавозак аўтамабілямі таксі (так званымі «маршруткамі»).
«Мы сур'ёзна падышлі да гэтага пытання, рыхтуецца праект указа прэзідэнта», — сказаў міністр.
Паводле яго слоў, праект указа накіраваны на пытанні ажыццяўлення кантролю перавозчыкамі.
«У праекце ўказа будуць рэестры перавозчыкаў, дыспетчараў, кіроўцаў, і аўтамабіляў таксі», — адзначыў кіраўнік Мінтранса.
Акрамя гэтага, у праект дакумента ўносіцца норма адносна таго, каб за парушэнні можна было прыпыняць дзейнасць перавозчыкаў.
У Беларусі апошнім часам адбылося некалькі рэзанансных ДТЗ з удзелам маршрутных таксі на міжгародніх маршрутах, у тым ліку з гібеллю людзей.
Адно з такіх ДТЗ адбылося ў Смалявіцкім раёне, дзе сутыкнуліся МАЗ і маршрутнае таксі. Тады загінулі кіроўца маршруткі і 12 пасажыраў. Пасля аварыі было ўзнята пытанне аб комплексных праверках перавозчыкаў і падрыхтоўцы новых заканадаўчых дакументаў.
Каментары