«Беларусь імкліва губляе людзей — хтосьці апынаецца ў турме, хтосьці на эміграцыі, хтосьці ў магіле»
Краязнаўца з Глыбоччыны Кастусь Шыталь пракаментаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку сумную вестку пра заўчасную смерць мастачкі з Полацка Кацярыны Мясніковай.
Пішуць, што памерла Кацярына Мяснікова. Мела 42 гады.
Кацярына была мастачкай, жыла ў Полацку. Я жыў на Падзвінні, і нашыя шляхі некалькі разоў перасякаліся. У 2013 годзе Кацярына ўдзельнічала ў мастацкім пленэры ў Параф'янаве. Тады ксёндз Раман Мурзіч быў даўшы мастакам памяшканне на тыдзень ці два ў парафіяльным доме, а мяне хтосьці быў запрасіўшы, каб я расказаў пра гісторыю гэтых мясцін.
Гэта былі пленэры «У пошуках Атлантыды». Мастакі ездзілі па мястэчках Падзвіння, малявалі тыя рэшткі старой Беларусі, якія яшчэ заставаліся, але імкліва губляліся.
Я рабіў фотарэпартаж з гэтага пленэру. Перагледзеў фоткі ў сваім архіве — чамусьці Кацярына нідзе не трапіла ў кадр.
Некалі яшчэ бачыліся на мерапрыемствах у Ады Райчонак у Германавічах над Дзісёнкай. Там шмат дзеячаў культуры заўсёды збіралася.
Мы не былі добрымі знаёмымі. Нават у фэйсбуку ніколі не перапісваліся. Але я сачыў за яе стужкай, і Кацярына была адным з тых людзей, пра каго прыемна было згадаць: вось, застаўся яшчэ добры чалавек у Беларусі, не з'ехаў з-за гэтых шалёных падзей.
Беларусь імкліва губляе людзей — хтосьці апынаецца ў турме, хтосьці на эміграцыі, хтосьці ў магіле. Многа каго мы ўжо не ўбачым, калі вернемся ў Беларусь.
Калі дасць Бог, з многімі беларусамі ўбачымся толькі ўжо ў Небе. Бо Ісус уваскрос, каб і добрыя людзі маглі быць уваскрошаныя для вечнага жыцця.
Каментары
Дык астануцца адны патрыоты-ябатьки и будзет им шчасьця.