«Ніхто ў свеце ўжо не піша рамантычных твораў». Размова з пісьменніцай Ганнай Кандрацюк, якая сёлета атрымала прэмію Гедройця
Пераможцай прэміі імя Гедройця сёлета прызналі за кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Радыё Свабода пагаварыла з лаўрэаткай, чым яе так заваражылі пушчанцы і лес, які яна называе храмам.
Як выказалася сябра журы, пісменніца Святлана Курс, прэмію Ганна Кандрацюк атрымала «за добра ўдакументаваны цуд». Паэт Уладзімер Някляеў прысвяціў лаўрэатцы верш «Храм Ганны».
Пачынала пісаць па-польску, але ўжо больш за 30 гадоў піша па-беларуску
— Спадарыня Ганна, пра вашу кнігу цёпла і пранікнёна выказаўся і Ўладзімер Арлоў, зазначыўшы, што ваша слова «заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой зямлі». Адкуль у вас такая шыкоўная вясковая беларуская мова?
— Я карэнная жыхарка Падляшша, нарадзілася ў вёсцы Катлоўка, дзе ў радыусе 20 км ніхто не гаварыў па-польску. І пакуль я не пайшла ў школу, я гаварыла толькі на сваёй мове. Мы захоўвалі беларускасць і, думаю, гэта мяне накіравала ісці сваім шляхам. Але сур’ёзна вывучаць літаратурную беларускую мову я пачала, калі мне было 20 гадоў.
Першыя мае спробы пісаць былі на польскай мове, але калі я ўжо мела пэўны досвед і веды, я зразумела, што няма іншага выбару, як пачаць пісаць па-беларуску. Бо гэта наш шлях, наша дарога, каб наш беларускі дух захаваўся. І вось ужо 30 гадоў працую ў гэтым кірунку. Але не толькі на Падляшшы.
Для мяне своеасаблівым акном была і Беларусь, куды я рэгулярна ездзіла. Але пасля 2004 года ездзіць туды як журналісту стала вельмі небяспечна. Ня тое каб хтосьці мяне пераследаваў, але заўсёды за мной быў нейкі «хвост», і я часам баялася за людзей, з якімі сустракалася.
Пасля нейкім натхненнем для мяне была Украіна, бо там было пачуццё свабоды. Калі чалавек жыве ў польскамоўным моры, паедзе на Украіну і пачуе гэта шматгалоссе, штосьці ў ім адкрываецца.
Але мяне вельмі цешыць сам творчы працэс, калі пішу па-беларуску, калі даношу свае гісторыі людзям, калі людзі мне хочуць нешта расказаць, нават самі запрашаюць паразмаўляць з імі.
«Для нас лес — гэта храм»
— Што для вас пушча? Мяркуючы па вашай кнізе, гэта ня проста лес.
— Лес — гэта ня толькі дрэвы. У мяне такое адчуванне, што пушча — гэта старажытны храм. Бо мы, людзі, што жывём у гэтым падлескім прысценку, гаворым, што жывём пад лесам. Для нас лес — гэта храм, гэта сфера свабоды, а таксама сфера бяспекі. Бо калі былі нейкія катаклізмы, войны, людзі хаваліся ў лесе, як і ў фільме «Ідзі і глядзі» паводле сцэнару Алеся Адамовіча. У маёй вёсцы падчас вайны людзі таксама ўцякалі ў лес і пэўны час там хаваліся. Таму ў тутэйшых людзей захавалася любоў да лесу, людзі ёсць эколагамі. І мы любім праяўляць сябе ў мастацкім, творчым кірунку: у нашай рэдакцыі «Нівы» ўсе людзі, якія працуюць, родам альбо з пушчы, альбо з наваколля. Мы, нават калі далёка з'яжджаем, знаходзімся пад уплывам пушчы. І гэтае прыцягненне настолькі магутнае! І гэта натхняе!
«Мы былі адным народам»
— Хто яны, «людзі з пушчы», героі вашых рэпартажаў?
— Расповед у мяне атрымаўся з гістарычным падтэкстам: ня толькі пра тое, што адбываецца цяпер і зараз. Я мэтанакіравана спалучыла беларускую частку, Камянеччыну, і польскую, Гайнаўшчыну. Знайшла людзей, якія нарадзіліся ў канцы 1920-х гадоў — на пачатку 1930-х, якія памяталі яшчэ той час, калі не было мяжы. І ў гэтай кніжцы ёсць пра тое, што было адзінства — нягледзячы на ўсе муры і межы, мы былі адным народам. Я хацела гэта зафіксаваць, бо цяпер незразумела, як будзе далей.
Пра пушчу часцяком пішуць людзі, якія прыязджаюць звонку. Яны едуць на кароткі час і апісваюць свае ўражанні, апавядаюць, што бачаць сваімі вачыма. А я пішу ад сябе, ад асобы, якая там вырасла, уключаю свае рэтраспекцыі. Я пішу ад імя дзіцяці пушчы, сталай жыхаркі пушчы. І адкрываю гэтыя таямніцы. Людзі, якія прыязджаюць, пішуць аб прыродзе, аб звярах, аб прыгажосці, а да людзей часцяком баяцца падысці.
Іншая справа, што людзі пушчы толькі на першы погляд адкрытыя, гасцінныя, але яны не скажуць чужому ўсяго, не паведамяць пра свае таямніцы. А мне хопіць і паўслова, каб пабачыць, адчуць, прыгадаць. Мова іх жэстаў і нават маўчання для мяне больш зразумелая. Таму я хацела ўсё гэта паказаць вачыма аўтахтонкі.
— Пушча па розныя бакі мяжы, з польскага і беларускага бакоў, — яна адрозніваецца? Што тычыцца і прыроды, краявідаў, і ментальнасці людзей?
— Сам лес вельмі падобны. І нават аднолькавая колькасць зуброў жыве па абодва бакі мяжы.
Але што да ментальнасці, для пакалення маіх дзядоў і бацькоў пушча была адзінай прасторай, без межаў. Мы пушчанскія. І нават дарогу, што ідзе з беларускага Каменца да польскага Бельска, і па сённяшні дзень называюць Гайнаўскай дарогай.
Што да менталітэту, у нас сёння ўсё мяняецца. У пушчу прыязджаюць людзі з Варшавы, купляюць дамы, лецішчы, нават займаюцца агратурызмам. А мясцовыя выязджаюць у пошуках працы ў вялікія гарады.
Тое самае і ў Беларусі. У вёсках застаюцца толькі старыя людзі. Маладыя едуць у Берасце, у Менск. А ў пушчу прыязджаюць нават з Масквы, скупляюць дамы. Сітуацыя падобная. Маем два розныя светы.
«Трэба, каб чалавек быў звязаны з зямлёй, з месцам, дзе ён жыве»
— Ці ёсць шанец захаваць аўтэнтыку, мову, традыцыі рэгіёну? Што для гэтага трэба рабіць?
— Мы стараемся, робім, што можам. Людзі аб’ядноўваюцца, самі арганізоўваюцца, праводзяць майстар-класы, звязаныя з рукадзеллем, іншымі традыцыямі, каб перадаць іх моладзі. Трэба працаваць, штосьці рабіць. Ёсць нейкія цэнтры пры Дамах культуры (як і ў вас пры сельсаветах). З'яўляюцца і навуковыя манаграфіі, адбываюцца іх прэзентацыі Але будучыня непрадказальная. У жыцці трэба быць памяркоўным аптымістам. Інакш ніяк.
Была неяк у вёсцы Навіцкавічы каля Каменца ў Беларусі. Дзяўчаты працуюць у мясцовым Доме культуры, там адбываецца «прыгоншчына». Падразаюць крылы ў энтузіястаў. Тут патрэбна не толькі свядомасць, але і падтрымка дзяржавы, каб гэта выратаваць і захаваць прыгожасць месца. Бо тыя, хто прыязджае, яны не будуць усяго гэтага захоўваць. Тут праблема яшчэ і ў адукацыі.
Трэба прывучаць з малых гадоў, каб чалавек быў звязаны з зямлёй, з месцам, дзе ён жыве, каб ён быў адказны за гэтае месца, за атмасферу добрасуседства. Бо ад таго, якая там атмасфера, залежыць, застануцца людзі там жыць або з'едуць.
«У свеце сёння няма падзелу на мастацкую літаратуру і нон-фікшн»
— Але вернемся да літаратуры. Ваша кніга — гэта нон-фікшн, дакументалістыка альбо мастацкая літаратура? Што цяпер у трэндзе; што, на ваш погляд, больш запатрабаванае?
— У свеце сёння няма дакладнага, строгага падзелу на мастацкую літаратуру і нон-фікшн. Бо кожны час мае свой стыль выказвання. Тое, што мы звяртаемся да дакументацыі, не тое што да дакументальнай літаратуры, гэта наша рэакцыя на будучую, скажам так, «штучную інтэлігенцыю». Бо тая «штучная інтэлігенцыя» сама не пойдзе да той бабулі і не распытае пра яе таямніцы.
Сёння ніхто ў свеце ўжо не піша рамантычных твораў. Усе жанры пераходзяць адзін у адзін, яны мутуюць, развіваюцца ў сваіх напрамках. Я думаю, што гэта пошукі такога прызямлення. У той віртуальшчыне чалавек мусіць крочыць па зямлі і быць на сваім месцы.
— Ці спадзяваліся вы, што атрымаеце такую прэстыжную літаратурную прэмію?
— Усё жыццё я пішу рэпартажы пра іншыя імпрэзы, пра чужыя ўзнагароды. Аб прэміях, прызах за сваю працу ніколі не думала. Але адчула радасць. А як журналістка я мушу глядзець на іншых, пісаць, служыць людзям, бо гэта этыка нашай прафесіі.
- Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Свярубская) нарадзілася ў Катлоўцы на польскім Падляшшы.
- З 1993 году працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва».
- Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і ангельскую мовы.
- Крыху раней Ганна Кандрацюк была ўганараваная прэміяй імя Алеся Адамовіча.
Каментары