Меркаванні77

«Хлопцаў шкада, але калі ўжо людзі навучацца?!» Чаму ў затрыманні Nizkiz пачалі вінаваціць саміх музыкаў

Рэакцыя сацсетак на затрыманне гурту Nizkiz была неадназначнай. Шмат хто пачаў абурацца таму, што тры з чатырох музыкаў знаходзіліся ў Беларусі. Як так атрымалася, што вінаваціць пачалі ахвяр? 

Гэта «Нашай Ніве» растлумачыў псіхолаг, кансультант кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі, спецыяліст па агрэсіі.

Гурт Nizkiz. Фота: nizkiz_music_band / Instagram

Эксперт (імя па яго просьбе не называецца) адзначае: існуе тры асноўныя прычыны, з-за якіх пачынаюць абвінавачваць ахвяру. Першая — гэта парушэнне таго, што грамадства лічыць нормай (напрыклад, у вельмі рэлігійных краінах, калі жанчына была апранутая неяк не так, як трэба, гэта будуць лічыць апраўданнем згвалтавання). Другая — калі грамадства адчувае, што вінаватае ў тым, што адбылося. І трэцяя — страх, з якім людзі не ведаюць як справіцца.

— Як мы можам пабачыць, для беларускага грамадства стала лічыцца нормай тое, што чалавек, які хаця б недзе «засвяціўся», павінен з’ехаць з краіны. Таму для пэўнай катэгорыі беларусаў паводзіны музыкаў з Nizkiz, якія запісалі моцны пратэсны кліп у 2020 годзе, але працягвалі жыць у Беларусі і ездзіць на гастролі за мяжу, трактаваліся як парушэнне нарматыўных паводзін. Жудасна, што за тры гады для беларусаў стала нормай бегчы і жыць у эміграцыі, а не заставацца на радзіме.

Псіхолаг кажа, што агрэсіўная рэакцыя на затрыманне Nizkiz можа быць індыкатарам яшчэ адной праблемы: людзі ў Беларусі і беларусы-эмігранты фактычна маюць розныя варыянты нарматыўных паводзін. Гэта можа ў будучыні стаць пунктам дзялення грамадства ў новай краіне.

— Безумоўна, трэба казаць і пра калектыўную віну. Шмат хто з нас і да гэтага часу абвінавачвае сябе ў тым, што не змог прадухіліць некаторыя падзеі ў краіне. Жыць з думкамі пра тое, што табе пашанцавала не стаць палітвязнем, а нехта цяпер за кратамі — вельмі складана. Злосць на сябе значна абвастрае пачуццё віны. Але мы не можам бясконца злавацца на сябе. Інакш гэта прыводзіць да самаразбурэння: ад алкагалізму да спроб самагубства. І тут спрацоўваюць ахоўныя механізмы нашай псіхікі — яна знаходзіць знешні аб'ект для агрэсіі.

І гэтым знешнім аб’ектам даволі часта становіцца ахвяра.

— Трыгеры маюць уласцівасць станавіцца меней раздражняльнымі. Гучыць жудасна, але людзі звыкліся з навінамі пра затрыманні, яны стаміліся злавацца на сілавікоў ці на Лукашэнку — таму частка агрэсіі можа даставацца сваім жа. І гэта не толькі музыкі, якія засталіся ў Беларусі. Гэта можа быць абвінавачванне палітыкаў, якія «недастаткова робяць».

Псіхолаг адзначае, што людзі ўнутры Беларусі кажуць пра тое, як расце ўзровень агрэсіі ў грамадстве на бытавым узроўні: усё часцей адбываюцца сваркі ў крамах, грамадскім транспарце і гэтак далей. Для эмігранцкага асяроддзя скандалы таксама ўласцівыя.

— Гэта нас прыводзіць да трэцяй прычыны агрэсіі — страх. Трэба разумець, што ўсе беларусы (і ў краіне, і ў эміграцыі) сутыкаюцца са страхам. Людзі ў Беларусі баяцца, што заўтра прыйдуць да іх. Людзі ў эміграцыі думаюць, ці правільна зрабілі, што з’ехалі, і часта баяцца, што заўтра не змогуць забяспечыць сябе і сваю сям’ю ў чужой краіне. Але доўга баяцца чалавек не можа, таму страх выцясняе агрэсія. А аб’ектам агрэсіі хутчэй за ўсё становіцца не рэальны вінаваты, а той, хто побач. Напрыклад, вы злуяцеся на начальніка, але баіцеся страціць працу, таму вывальваеце агрэсію дома.

У выпадку з Nizkiz атрымліваецца, што ахвяра проста больш зручны аб’ект для зліву агрэсіі.

— А калі людзі пачынаюць абмяркоўваць гэтую тэму ў сацыяльных сетках, то з’яўляюцца дадатковыя крыніцы для выказвання назапашанай агрэсіі — каментатары, якія пішуць, напрыклад, што трэба паважаць выбар музыкаў заставацца ў Беларусі.

Псіхолаг падкрэслівае, што ўся гэтая сітуацыя вакол затрымання Nizkiz сведчыць пра тое, што беларускае грамадства мае вялікі назапашаны патэнцыял агрэсіі і страху.

— Ці варта ўвогуле абвінавачваць ахвяру? Канешне, не. Добра было б, калі б беларусы навучыліся карэктна выказваць свае думкі. 

Каментары7

  • Бармалей
    09.01.2024
    Хорошо, что Северинец сейчас хоть никто не хейтит
  • каранны жыцель 1-га пакаленія Чыжоўкі
    09.01.2024
    Как эти психологи далеки от народа... Народ рассуждает так, есть несколько вариантов:
    1. Боишься - уезжаешь. Чтобы уехать нужно желание, сила воли и цель. Без этого эмиграция не имеет смысла. 
    2. Боишься - не уезжаешь. Причины либо семейные (старые родители например), либо нехватка чего-то из первого пункта.
    Во втором пункте может быть три исхода:
    2.1. Становишся "пратосевичем".
    2.2. Зашиваешься на дно и надеешься что пронесет. Но только дети верят что пронесет. Результат один - зона и возможно как бонус становление "пратосевичем".
    Поэтому если известный человек после 2020 года, который выразился, остался в РБ он либо очень наивный (скажем мягко), либо "пратосевич". 


  • шыпшына
    10.01.2024
    Бармалей, зато як Севярынец хэйціў тых, хто няздольныя да такога ж узроўню геройства...

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі6

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі

Усе навіны →
Усе навіны

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна4

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

У Вільні грузавы «Боінг» упаў на двухпавярховы жылы дом і загарэўся. Ёсць загінулыя3

8 нагод наведаць самы маленькі горад Беларусі4

У Турцыі пасля пасадкі загарэўся расійскі пасажырскі Sukhoi Superjet 100. Каторы раз такое з гэтым самалётам2

Качалоўская: На «Міс Сусвет» я зразумела, што такое жаночая жорсткасць. А ў прыбіральню нас вадзілі ахоўнікі9

Навукоўцы атрымалі першую ў гісторыі выяву фатона5

У Лукашэнкі спыталі, як будуць абіраць нявесту для Колі15

Дызайнерка патлумачыла, чаму беларускія брэнды шыюць мала адзення плюс-сайз5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі6

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі

Галоўнае
Усе навіны →